ТАРЫ́ЙСКАЯ ПАРО́ДА,
парода цяжказапражных коней. Выведзена ў 1-й пал. 20 ст. на Тарыйскім конным заводзе (Эстонія) з помесей мясц. эст. коней (клепер), арабскай, англ. чыстакроўнай, арлоўскай, тракененскай пародай; помесі скрыжоўвалі з жарабцамі парод нарфолк-родстэр і пасцье-брэтон. Разводзяць у Прыбалтыйскіх краінах, Расіі, Беларусі. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы, конным спорце, як транспарт.
Жывёлы сярэднебуйныя. шыракацелыя, мускулістыя. Выш. ў карку 153—163 см. Maca жарабцоў 580—700, кабыл 500—650 кг. Масць пераважна рудая ці бурая. з белымі метамі на нагах.
т. 15, с. 446
ТА́РЫКАЎ Георгій Пятровіч (н. 24.10.1940, г. Саратаў, Расія),
бел. вучоны ў галіне прыкладной механікі. Д-р тэхн. н. (1995). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1964), дзе і працаваў у 1973—76 і з 1980 (у 1982—87 заг. кафедры). З 1989 у Гомельскім тэхн. ун-це (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па метадах эл. мадэліравання задач механікі кантактнага ўзаемадзеяння. Стварыў арыгінальныя электрамадэліруючыя прыстасаванні, распрацаваў спосабы рашэння прасторавых кантактных задач для штампаў рознай геаметрычнай формы і з улікам т-ры і мех. зносу.
Тв.:
Построение весовой функции для круговой трещины в -упругом слое (разам з М.М.Барадачовым) // Докл. Нац. АН-Беларуси. 1999. Т. 43, № 2;
Электрическое моделирование пространственных контактных задач. Гомель. 2001.
т. 15, с. 446
ТАРЫ́М,
рака на З Кітая; самая доўгая ў Цэнтр. Азіі. Утвараецца ад сутокаў рэк Яркенд, Аксу і Хатан, якія цякуць са схілаў Куньлуня, Каракарума, Цянь-Шаня, Паміра. Даўж. ад вытоку р. Яркенд 2030 км, пл. бас. каля 1 млн. км² (разам з бас. азёр Лабнор і Карабуранкёль). Сярэдняе і ніжняе цячэнне ў межах Тарымскай раўніны, дзе рака абгінае пустыню Такла-Макан, утварае лабірынт рэчышчаў і невял. азёр, мае складаную дэльту, агульную з р. Канчэдар’я. Жывіць папераменна азёры Лабнор і Карабуранкёль, што абумоўлівае змену іх памераў і абрысаў. Разводдзе з мая да верасня. Сярэдні расход пры зліцці Аксу (дае 70—80% агульнага сцёку), Хатана і Яркенда 167 м³/с, ніжэй ён памяншаецца. Выкарыстоўваецца для арашэння Аксуйскага, Кашгарскага і Яркендскага аазісаў.
т. 15, с. 446
ТАРЫ́МСКАЯ РАЎНІ́НА,
другая назва Кашгарскай раўніны.
т. 15, с. 447
ТАРЫ́РАВАННЕ (ад ням. tarieren),
1) устарэлая назва градуіроўкі сродкаў вымярэнняў, якая шырока ўжывалася да прылад, прызначаных для вымярэння неэл. велічынь.
2) Метад дакладнага ўзважвання з выкарыстаннем тарнага грузу (шрот. кавалачкі металу і інш.).
т. 15, с. 447
ТАРЫФІКА́ЦЫЯ,
вызначэнне тарыфу на аснове класіфікацыі аб’ектаў абкладання ці аплаты (напр., Т. заработнай платы); вызначэнне (прысваенне) тарыфных разрадаў., Ажыццяўляецца на аснове тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка. Адрозніваюць Т. работ — аднясенне розных па складанасці работ да пэўнага разраду тарыфнай сеткі і Т. рабочых — прысваенне ім адпаведных тарыфных разрадаў у залежнасці ад кваліфікацыі і прафесіі (спецыяльнасці).
т. 15, с. 447
ТАРЫ́ФНАЯ СЕ́ТКА,
шкала, якая ў форме тарыфных каэфіцыентаў вызначае суадносіны тарыфных ставак работнікаў розных разрадаў; адзін з асн. элементаў тарыфнай сістэмы. З яе дапамогай робіцца дыферэнцыяцыя і рэгуляванне асн. часткі заработнай платы розных прафес.-кваліфікацыйных груп работнікаў у залежнасці ад значэння галіны эканомікі, складанасці, зместу і спецыфікі працы у рабочых, спецыялістаў, кіраўнікоў, агульных умоў працы. Складаецца з тарыфных разрадаў і тарыфных каэфіцыентаў, якія ім адпавядаюць.
На Беларусі колькасць разрадаў і міжразрадныя суадносіны тарыфных каэф. з часу ўвядзення «Адзінай тарыфнай сеткі Рэспублікі Беларусь» (студз. 1992) мяняліся некалькі разоў у залежнасці ад тарыфных ставак 1-га разраду, а таксама ў сувязі з інфляцыяй і фін. магчымасцямі дзяржавы. На 1.1.2002 існуе 27-разрадная сетка з суадносінамі паміж крайнімі разрадамі 1 : 7,84. Рабочыя ўсіх галін эканомікі размеркаваны з 1-га па 8-ы разрад уключна. Некаторыя прафесіі рабочых (грузчыкі, вадзіцелі, ліфцёры і інш.) у тарыфна-кваліфікацыйны даведнік не ўнесены і ім устаноўлены месячныя аклады. У катэгорыі служачых вылучаны наст. групы: тэхн. выканаўцы (з 5-га па 10-ы разрад), спецыялісты ўсіх галін эканомікі (з 10-га па 15-ы разрад), кіраўнікі падраздзяленняў (з 14-га па 23-і разрад), кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў (з 16-га па 23-і разрад) і інш. У бюджэтнай сферы з 8-га па 21-ы разрад размеркаваны работнікі культуры, уключаючы кіраўнікоў, з 13-га па 17-ы — урачы, з 17-га па 23-і — кіраўнікі мед. устаноў, з 16-га па 21-ы — навук. супрацоўнікі, з 22-га па 27-ы — кіраўнікі ВНУ. У залежнасці ад умоў працы, меры адказнасці і інш. да тарыфных ставак рабочых адпаведных разрадаў ужываецца каэф. павышэння ставак (напр., у рабочых, якія працуюць у шахтах, на буд-ве метрапалітэна ён складае 1,9).
т. 15, с. 447
ТАРЫ́ФНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць нарматываў, з дапамогай якіх дыферэнцыруецца заработная плата рабочых і служачых у залежнасці ад умоў працы, яе складанасці і ролі галіны ў нар. гаспадарцы. Дае магчымасць улічваць шкоднасць работ і адказнасць за іх выкананне, розніцу паміж працай кваліфікаванай і некваліфікаванай, цяжкай і лёгкай, стымуляваць да павышэння кваліфікацыі і прадукцыйнасці працы. Складаецца з тарыфных ставак і надбавак да іх, тарыфных сетак, схем службовых акладаў, тарыфна-кваліфікацыйнага даведніка.
т. 15, с. 447
ТАРЫ́ФНАЯ СТА́ЎКА,
памер аплаты працы работніка за адзінку часу (гадзіна, дзень, месяц). Зыходны ўзровень Т.с. работнікаў рознай кваліфікацыі складае стаўка 1-га разраду. Стаўкі вышэйшых тарыфных разрадаў вылічваюцца множаннем стаўкі 1-га разраду на адпаведны каэфіцыент пэўнага разраду тарыфнай сеткі.
т. 15, с. 447
ТАРЫ́ФНА-КВАЛІФІКАЦЫ́ЙНЫ ДАВЕ́ДНІК,
нарматыўны дакумент, які змяшчае сістэматызаваны пералік работ у залежнасці ад іх кваліфікацыйных характарыстык (ступені дакладнасці, складанасці і адказнасці) і патрабаванняў да выканаўцаў гэтых работ у ведах, вытв. прыёмах, звычках і інш. Бываюць адзіныя для рабочых скразных прафесій і галіновыя (для рабочых, прафесія якіх уласцівая толькі пэўнай галіне).
т. 15, с. 447