ТАРЫ́М,

рака на З Кітая; самая доўгая ў Цэнтр. Азіі. Утвараецца ад сутокаў рэк Яркенд, Аксу і Хатан, якія цякуць са схілаў Куньлуня, Каракарума, Цянь-Шаня, Паміра. Даўж. ад вытоку р. Яркенд 2030 км, пл. бас. каля 1 млн. км² (разам з бас. азёр Лабнор і Карабуранкёль). Сярэдняе і ніжняе цячэнне ў межах Тарымскай раўніны, дзе рака абгінае пустыню Такла-Макан, утварае лабірынт рэчышчаў і невял. азёр, мае складаную дэльту, агульную з р. Канчэдар’я. Жывіць папераменна азёры Лабнор і Карабуранкёль, што абумоўлівае змену іх памераў і абрысаў. Разводдзе з мая да верасня. Сярэдні расход пры зліцці Аксу (дае 70—80% агульнага сцёку), Хатана і Яркенда 167 м³/с, ніжэй ён памяншаецца. Выкарыстоўваецца для арашэння Аксуйскага, Кашгарскага і Яркендскага аазісаў.

т. 15, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)