Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАМКО́Ў Леў Мікалаевіч (2.8.1937, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 31.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1960). З 1969 гал. архітэктар ін-та «Гомельграмадзянпраект», з 1984 — Гомельскай вобл. Асн. работы: у Гомелі — праекты планіроўкі і забудовы мікрараёнаў і жылых раёнаў №1, Фестывальны і інш. (1960—70-я г., у сааўт.), рэстаран «Беларусь», аэравакзал (1969), Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (1972), жылыя дамы па вуліцах Савецкай і Кожара (1979) і інш., мемар. комплекс на брацкіх магілах байцоў нар. апалчэння ў парку культуры і адпачынку імя Луначарскага (1975, у сааўт.); у г. Хойнікі — помнік Смутку да 10-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1996), скульпт. Л.​Заграбаева). Сярод інш. работ: мемар. дошкі акадэміку С.​А.​Чуніхіну (1995), псіхолагу Л.​С.​Выгоцкаму (1997, абедзве са скульпт. Дз.​Паповым).

Л.Тамкоў, Л.​Заграбаева. Помнік Смутку ў г. Хойнікі Гомельскай вобл.

т. 15, с. 414

ТАМО́ЖНЯ,

тое што мытня.

т. 15, с. 415

ТА́МПА (Tampa),

горад на ПдУ ЗША, штат Фларыда. 289,2 тыс. ж., з г. Сент-Пітэрсберг і агульнымі прыгарадамі каля 2,2 млн. ж. (1998). Порт на беразе Мексіканскага зал. (грузаабарот каля 50 млн. т, вываз фасфарытаў, цытрусавых). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць: харчасмакавая, хім., паліграф., металургічная, металаапр., суднабуд., радыёэлектронная. 2 ун-ты. Клімат. курорт. Турызм. У наваколлі — здабыча фасфарытаў.

т. 15, с. 415

ТА́МПЕРЭ.

Тамерфорс (фін. Tampere, швед. Tammerfors), горад на ПдЗ Фінляндыі, на пратоцы паміж азёрамі Нясіярві і Пюхяярві. Каля 190 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Азёрны порт. Аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, харчовая. ГЭС. Ун-ты. Музеі: маст. гар., сучаснага мастацтва, маст. галерэя.

Упершыню згадваецца ў 1405 (шведская назва Тамерфорс). У 1779 атрымаў гар. права. У 1809 далучаны да Рас. імперыі. З 1821 меў права бяспошліннага ўвозу сыравіны і абсталявання. Да сярэдзіны 19 ст. стаў буйным тэкстыльным цэнтрам. У 1896 у Т. 278 прамысл. прадпрыемстваў.

Я.​У.​Новікаў (гісторыя).

т. 15, с. 415

ТАМПІ́КА (Tampico),

горад на У Мексікі, штат Тамаўліпас, у вусці р. Пану. 14 Каля 400 тыс. ж. (2001); утварае агламерацыю з г. Сьюдад-Мадэра. Порт на беразе Мексіканскага зал. (экспарт нафты і нафтапрадуктаў). Вузел чыгунак і аўтадарог, прадукта-, газа- і нафтаправодаў. Аэрапорт. Цэнтр буйнейшага ў краіне раёна здабычы і перапрацоўкі нафты. Прам-сць: хім., харчасмакавая, с.-г. машынабудаванне. Рыбалоўства.

т. 15, с. 415

ТАМПЛІЕ́РЫ (франц. templiers ад temple храм),

храмоўнікі, ваенна-манаскі ордэн, заснаваны ў 1119 у Іерусаліме франц. рыцарамі. Назва ад месцазнаходжання першапачатковай рэзідэнцыі паблізу месца, дзе, паводле падання, знаходзіўся храм Саламона. Ордэн Т. засн. для абароны паломнікаў заваяваных крыжаносцамі краін ад мусульман. Дзякуючы ахвяраванням вернікаў, занятку гандлем і ліхвярствам, ён ператварыўся ў буйнейшага феадала і банкіра Б. Усходу і Зах. Еўропы. У 13 ст. колькасць рыцараў дасягнула 15 тыс. Папства неаднаразова выкарыстоўвала Т. у барацьбе з ерасямі і нар. паўстаннямі. Пасля правалу крыжовых паходаў Т. асталяваліся ў Еўропе, пераважна ў Францыі. Франц. кароль Філіп IV Прыгожы баяўся росту магутнасці Т., імкнуўся завалодаць багаццем ордэна, таму ў 1307 дамогся арышту Т. і ўзбудзіў супраць іх інквізіцыйны працэс. У 1310 рыцары абвінавачаны ў маніхействе і на чале з магістрам спалены на агні, а маёмасць ордэна перайшла ў каралеўскую казну. У 1312 папа Клімент V скасаваў ордэн Т.

т. 15, с. 415

ТА́МСААРЭ (Tammsaare) Антон (сапр. Ханзен; 18.1.1878, хутар Тамсаарэ-Пых’я Ярваскага пав., Эстонія — 1.3.1940),

эстонскі пісьменнік. Вучыўся ў Тартускім ун-це (1907—11). Друкаваўся з 1901. У ранніх аповесцях «Дзве пары і адзінокі» (1902), «Старыя і маладыя» (1903), рамане «Гаспадар з Кырбоя» (1922) жыццё сялянства; у аповесцях «Маладыя душы» (1909), «Муха» (1917) і інш. побыт эст. інтэлігенцыі. Вяршыня яго творчасці — эпапея «Праўда і справядлівасць» (т. 1—5, 1926—33) пра гіст. лёс эст. народа з 1870-х да 1920-х г. Аўтар драмы «Юдзіф» (1921), алегарычнай п’есы-памфлета «Каралю холадна» (1936), філас.-сатыр. рамана «Новы Нячысцік з Пекла» (1939). Для яго твораў характэрна рэаліст. адлюстраванне сац. супярэчнасцей, нар. гумар, глыбокі псіхалагізм. На бел. мову асобныя творы Т. пераклалі А.​Жук, А.​Кудравец, М.​Ракітны.

Тв.:

Бел. пер. — Аповесці. Мн., 1980;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—6. М., 1966—68.

Літ.:

Сиймискер Х. Жизнь и творчество А.​Х.​Таммсааре. М., 1978.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 415

ТАМТА́М, там-там (тэрмін засн. на гукаперайманні, запазычаны ў Індыі),

самагучальны ўдарны муз. інструмент; разнавіднасць гонга. З канца 18 ст. выкарыстоўваецца ў сімф. аркестры. Гукі нараджаюцца ад удараў калатушкамі з войлачным лямцавым наканечнікам аб масіўны металічны дыск (дыяметр 600—1500 мм), падвешаны на рамцы.

Тамтам.

т. 15, с. 415

ТАМУ́З, Думузі,

у міфалогіі і рэлігіі стараж. семіцкіх народаў бог урадлівасці, які штогод памірае і ўваскрасае. Паводле стараж. шумерскага міфа Т. — бог-пастух, каханы і муж багіні Інаны, якая аддала яго ў падземнае царства «як замену» сябе самой. Т. выратавала яго сястра Гештынана, якая пагадзілася праводзіць пад зямлёй замест брата палавіну кожнага года (у гэты час Т. апякае зямлю, якая квітнее і пладаносіць). У фінікійскай міфалогіі Т. адпавядае Адоніс.

т. 15, с. 415