ТАМПЛІЕ́РЫ (франц. templiers ад temple храм),
храмоўнікі, ваенна-манаскі ордэн, заснаваны ў 1119 у Іерусаліме франц. рыцарамі. Назва ад месцазнаходжання першапачатковай рэзідэнцыі паблізу месца, дзе, паводле падання, знаходзіўся храм Саламона. Ордэн Т. засн. для абароны паломнікаў заваяваных крыжаносцамі краін ад мусульман. Дзякуючы ахвяраванням вернікаў, занятку гандлем і ліхвярствам, ён ператварыўся ў буйнейшага феадала і банкіра Б. Усходу і Зах. Еўропы. У 13 ст. колькасць рыцараў дасягнула 15 тыс. Папства неаднаразова выкарыстоўвала Т. у барацьбе з ерасямі і нар. паўстаннямі. Пасля правалу крыжовых паходаў Т. асталяваліся ў Еўропе, пераважна ў Францыі. Франц. кароль Філіп IV Прыгожы баяўся росту магутнасці Т., імкнуўся завалодаць багаццем ордэна, таму ў 1307 дамогся арышту Т. і ўзбудзіў супраць іх інквізіцыйны працэс. У 1310 рыцары абвінавачаны ў маніхействе і на чале з магістрам спалены на агні, а маёмасць ордэна перайшла ў каралеўскую казну. У 1312 папа Клімент V скасаваў ордэн Т.
т. 15, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)