Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАКТАГУ́ЛЬСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Нарын, у Кіргізіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запаўнялася з 1973. Пл. 284 км². аб’ём 19,5 км³, даўж. 65 км, найб. шыр. 12 км. Штогадовае рэгуляванне сцёку; праектнае ваганне ўзроўню вады да 63 м. Выкарыстоўваецца для мэт энергетыкі і ірыгацыі.

т. 15, с. 396

ТАКТАГУ́Л САТЫЛГА́НАЎ (25.10.1864, кішлак Кушчусу Тактагульскага р-на Джалал-Абадскай вобл., Кіргізія — 17.2.1933),

кіргізскі народны акын і кампазітар, музыкант-віртуоз (выканаўца на камузе). З маленства складаў песні, выконваў і нар. муз.-інстр. творы. За песні выкрывальніцкага сац. зместу ў 1898 асуджаны да пакарання смерцю. Прыгавор заменены ссылкай у Сібір, адкуль у 1910 уцёк. Найб. вядомы яго сатыр. песні «Ішан і яго паслядоўнік», «Пяць манапаў», вершы «Бывай, мой народзе!», «Бывай, маці!». У Кіргізіі ўстаноўлена дзярж. прэмія яго імя.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Фрунзе, 1964.

Літ.:

Маленов Б. Великий акын-демократ. Фрунзе, 1964.

Тактагул Сатылганаў.

т. 15, с. 395

ТАКТАКІШВІ́ЛІ Атар Васілевіч (27.7.1924, Тбілісі — 19.11.1989),

грузінскі кампазітар, педагог, дзярж. дзеяч. Нар. арт. Грузіі (1961). Нар. арт. СССР (1974). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1947), у 1947—69 і з 1984 выкладаў у ёй (з 1966 праф.). З 1947 канцэртмайстар і дырыжор, у 1952—56 дырыжор і маст. кіраўнік Дзярж. хар. капэлы Грузіі. У 1965—84 міністр культуры Грузіі. Найб. значныя дасягненні ў оперным, кантатна-аратарыяльным і сімф. жанрах. Сярод твораў; оперы «Міндыя» (па матывах паэзіі Важа Пшавела, паст. 1961), «Выкраданне Месяца» (паст. 1977), «Першае каханне» (паст. 1980); араторыі, у т. л. «Па слядах Руставелі» (1964); кантата «Гурыйскія песні» (1971); вак.-сімф. сюіты, у т. л. «Мегрэльскія песні» (1972) і «З лірай Цэрэтэлі» (1983); 2 сімфоніі (1949, 1953); сімф. паэма «Мцыры» (1956); тв. для інстр. з арк., хоры, рамансы, музыка для драм. т-раў, кінафільмаў і інш. Аўтар музыкі Дзярж. гімна Грузінскай ССР (1946). На сцэне Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі паст. «Міндыя» (1973). Ленінская прэмія 1982. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952, 1967. Дзярж. прэмія Грузіі 1987.

Літ.:

Полякова Л. О.​Тактакишвили. 2 изд. М., 1979.

Т.​А.​Дубкова.

А.В.Тактакішвілі.

т. 15, с. 396

ТА́КТЫКА ваенная

(грэч. taktika мастацтва пастраення войск),

тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою падраздзяленнямі, часцямі (караблямі) і злучэннямі; састаўная частка ваеннага майстэрства. Тэорыя Т. даследуе заканамернасці, характар і змест бою, распрацоўвае спосабы яго падрыхтоўкі і вядзення. Практыка Т. ўключае падрыхтоўку войск, планаванне, забеспячэнне і вядзенне баявых дзеянняў, кіраванне падраздзяленнямі і часцямі ў баі і інш. Асн. фактары, якія вызначаюць развіццё Т.: удасканаленне зброі і ваен. тэхнікі; якасці асабовага складу (узровень адукацыі, баявыя традыцыі. нац. асаблівасці і інш.); характар аперацый і войнаў, патрабаванні аператыўнага майстэрства і стратэгіі ваеннай.

Са стараж. часоў да пач. 20 ст. Т. фактычна адлюстроўвала развіццё Сухапутных войск і Ваенна-Марскога Флоту. У войнах рабаўладальніцкіх дзяржаў Т. зводзілася да прамалінейнага руху войск у ходзе баёў і рукапашных схватак. У гэты перыяд яна развівалася ў кірунку ўдасканалення баявых парадкаў войск і манеўраванне імі (гл. Манеўр). Вынаходства новых відаў зброі прывяло да з’яўлення розных відаў пяхоты і кавалерыі, абумовіла неабходнасць узаемадзеяння паміж імі. З пач. 11 ст. ў Зах. і Цэнтр. Еўропе Т. вызначалася панаваннем на палях бітваў рыцарскай конніцы (гл. Рыцарскае войска). У 13 ст. найб. гнуткай Т. валодалі мангола-татары, якія атрымалі шэраг буйных перамог у войнах супраць многіх дзяржаў і народаў Азіі і Еўропы (гл. Мангольскія заваяванні). Прыкладамі ўзорнай Т. ўсх. славян у 13—14 ст. з’яўляецца Лядовае пабоішча 1242, Бітва каля Сініх Вод 1362, Кулікоўская бітва 1380 і інш. Далейшае развіццё Т звязана з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. У 16—17 ст. найб. характэрнымі рысамі тактычнага майстэрства, у т. л. ў войску ВКЛ, з’яўляліся манеўр і рухомасць, раптоўнасць нападу, спалучэнне франтальных удараў з флангавымі і тылавымі, а таксама засадамі, камбінаванне розных відаў узбраення, пераслед адыходзячага непрыяцеля з мэтай яго знішчэння або захопу ў палон і інш. Да гэтага перыяду адносіцца росквіт тактычнага майстэрства шэрагу таленавітых военачальнікаў ВКЛ: М.Глінскага (Клецкая бітва 1506), К.Астрожскага (Аршанская бітва 1514), М.Радзівіла (Ульская бітва 1564), Я.К.Хадкевіча (Кірхгольмская бітва 1605), Я.Радзівіла (Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651) і інш. З 17 ст. змяненне ў Т., звязанае з наяўнасцю вял. колькасці агнястрэльнай зброі, выявілася ў адмове ад глыбокіх баявых парадкаў, выцягванні войск уздоўж фронту з мэтай максімальнага выкарыстання зброі і змяншэння страт сваіх войск (лінейная Т. і інш.). Стварэнне масавых армій у канцы 18 — пач. 19 ст. і далейшае ўдасканаленне зброі прывялі да калоннага пастраення войск і рассыпнога строю. Са з’яўленнем у 2-й пал. 19 ст. наразной зброі пяхота пры наступленні ўтварала стралк. ланцугі. У 1-ю сусв. вайну ў сувязі з масавым выкарыстаннем кулямётаў, наразной артылерыі, з паяўленнем танкаў, авіяцыі і атрутных рэчываў пачала складвацца Т. агульнавайск. бою, зарадзілася Т. авіяц., інж. і хім. войск, адпрацоўваліся спосабы выкарыстання танкаў і бронеаўтамабіляў. У 1914—15 склаўся новы баявы парадак — «хваля ланцугоў». У 2-ю сусв. вайну выкарыстанне перадавой Т. садзейнічала перамозе Узбр. Сіл СССР і арміі саюзнікаў у вайне. Значны ўклад у Перамогу зрабіла партыз. армія Беларусі. Партыз. фарміраванні выкарыстоўвалі розныя тактычны спосабы. прыёмы і формы баявых дзеяння «рэйкавую вайну», засады, нечаканыя налёты напады, абарончыя баі з мэтай утрымання цэлых раёнаў і процідзеяння ням. Т. «выпаленай зямлі» і інш.

Істотныя змены ў тэорыі і практыцы Т. адбываліся з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з аснашчэннем войск шэрагу дзяржаў стратэгічным узбраеннем. Маланкавыя войны і інш. сучасныя формы узбр. проціборства абумовілі далейшае развіццё Т. відаў узбр. сіл, Т. родаў войск (сіл флоту), Т. спец. войск і агульнай Т. Змены ў стратэгіі і Т. сучасных баявых (спец.) дзеянняў адпрацоўваліся на шэрагу вучэнняў з удзелам падраздзяленняў і часцей Узбр. Сіл і інш. войск і вайск. фарміраванняў Рэспублікі Беларусь (комплексныя аператыўна-тактычныя вучэнні «Нёман-2001», «Бярэзіна-2002» і інш.).

Літ.:

Тактика. М., 1966;

Общая тактика.Ч. 1. М., 1976;

Петрусь П.М., Шеманский П.В., Чульский Н.К. Ядерное оружие и развитие тактики. М., 1967;

Гришин С.В., Жуков П.А., Китошвили Ш.И. Тактика: (По иностр. взглядам). М., 1972;

Воробьев И.Н. О тактике // Воен. мысль. 2002. № 1—5.

С.​А.​Фамін, В.​А.​Юшкевіч.

т. 15, с. 396

ТАКУГА́ВА,

дынастыя правіцеляў (сёгунаў) Японіі ў 1603—1868. Засн. Такугава Іэясу, які з захопам улады скончыў міжусобныя войны (15—16 ст.). Для ўмацавання дзяржавы сёгуны Т. ажыццявілі ў 1-й пал. 17 ст. шэраг рэформ: рэгламентавалі правы і абавязкі кожнага саслоўя, усталявалі кантроль над князямі (даймё) і г.д. З 1630-х г. урад Т. ажыццяўляў палітыку ізаляцыі Японіі ад знешняга свету. З канца 18 ст. дзяржава Т. перажывала ўнутр. крызіс, выкліканы ростам насельніцтва і сялян і прывілеяванага саслоўя — самураяў. Прымусовае «адчыненне» краіны еўрап. дзяржавамі ў 1854—58 паглыбіла крызіс. У маі 1868 апошні сёгун Т. — Кэйкі скінуты ў выніку руху за аднаўленне ўлады імператара — Мэйдзі Ісін.

т. 15, с. 396

ТАКУ́ЕЎ Рыгор Аркадзевіч (23.12.1917, в. Паташаўка Архангельскай вобл., Расія — 9.10.1995),

удзельнік партыз. руху ў Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, з чэрв. 1942 у партызанах, камандзір падрыўной групы, са жн. 1943 дыверсійнага атрада 125-й Капаткевіцкай партыз. брыгады. На чале з ім партызаны пусцілі пад адхон 55 варожых эшалонаў, з іх асабіста Т. — 19. Да 1980 на кіруючай рабоце ў спарт. т-ве «Спартак».

Р.А.Такуеў.

т. 15, с. 396

ТАКУСІ́МА,

горад у Японіі, на ПнУ в-ва Сікоку. Адм. ц. прэфектуры Такусіма. Каля 300 тыс. ж. (2001). Марскі порт. Прам-сць: маш.-буд., хім., дрэваапр., харч., паліграфічная. Традыц. нац. рамёствы (лакавыя вырабы). Ун-т.

т. 15, с. 396

ТАКЫ́РЫ (ад цюрк. такыр — роўны, голы),

плоскія гліністыя паніжэнні ў пустынях і паўпустынях Сярэдняй Азіі і Казахстана. Вясной і летам пасля дажджу на Т. утвараюцца часовыя неглыбокія азёры. Летам яны пакрываюцца скарынкай. якая разбіваецца трэшчынамі ўсыхання на асобныя мнагаграннікі (6—12 см у папярочніку). Расліннасць рэдкая палынна-салянкавая ці адсутнічае.

т. 15, с. 397