ТА́КТЫКА ваенная

(грэч. taktika мастацтва пастраення войск),

тэорыя і практыка падрыхтоўкі і вядзення бою падраздзяленнямі, часцямі (караблямі) і злучэннямі; састаўная частка ваеннага майстэрства. Тэорыя Т. даследуе заканамернасці, характар і змест бою, распрацоўвае спосабы яго падрыхтоўкі і вядзення. Практыка Т. ўключае падрыхтоўку войск, планаванне, забеспячэнне і вядзенне баявых дзеянняў, кіраванне падраздзяленнямі і часцямі ў баі і інш. Асн. фактары, якія вызначаюць развіццё Т.: удасканаленне зброі і ваен. тэхнікі; якасці асабовага складу (узровень адукацыі, баявыя традыцыі. нац. асаблівасці і інш.); характар аперацый і войнаў, патрабаванні аператыўнага майстэрства і стратэгіі ваеннай.

Са стараж. часоў да пач. 20 ст. Т. фактычна адлюстроўвала развіццё Сухапутных войск і Ваенна-Марскога Флоту. У войнах рабаўладальніцкіх дзяржаў Т. зводзілася да прамалінейнага руху войск у ходзе баёў і рукапашных схватак. У гэты перыяд яна развівалася ў кірунку ўдасканалення баявых парадкаў войск і манеўраванне імі (гл. Манеўр). Вынаходства новых відаў зброі прывяло да з’яўлення розных відаў пяхоты і кавалерыі, абумовіла неабходнасць узаемадзеяння паміж імі. З пач. 11 ст. ў Зах. і Цэнтр. Еўропе Т. вызначалася панаваннем на палях бітваў рыцарскай конніцы (гл. Рыцарскае войска). У 13 ст. найб. гнуткай Т. валодалі мангола-татары, якія атрымалі шэраг буйных перамог у войнах супраць многіх дзяржаў і народаў Азіі і Еўропы (гл. Мангольскія заваяванні). Прыкладамі ўзорнай Т. ўсх. славян у 13—14 ст. з’яўляецца Лядовае пабоішча 1242, Бітва каля Сініх Вод 1362, Кулікоўская бітва 1380 і інш. Далейшае развіццё Т звязана з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. У 16—17 ст. найб. характэрнымі рысамі тактычнага майстэрства, у т. л. ў войску ВКЛ, з’яўляліся манеўр і рухомасць, раптоўнасць нападу, спалучэнне франтальных удараў з флангавымі і тылавымі, а таксама засадамі, камбінаванне розных відаў узбраення, пераслед адыходзячага непрыяцеля з мэтай яго знішчэння або захопу ў палон і інш. Да гэтага перыяду адносіцца росквіт тактычнага майстэрства шэрагу таленавітых военачальнікаў ВКЛ: М.Глінскага (Клецкая бітва 1506), К.Астрожскага (Аршанская бітва 1514), М.Радзівіла (Ульская бітва 1564), Я.К.Хадкевіча (Кірхгольмская бітва 1605), Я.Радзівіла (Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651) і інш. З 17 ст. змяненне ў Т., звязанае з наяўнасцю вял. колькасці агнястрэльнай зброі, выявілася ў адмове ад глыбокіх баявых парадкаў, выцягванні войск уздоўж фронту з мэтай максімальнага выкарыстання зброі і змяншэння страт сваіх войск (лінейная Т. і інш.). Стварэнне масавых армій у канцы 18 — пач. 19 ст. і далейшае ўдасканаленне зброі прывялі да калоннага пастраення войск і рассыпнога строю. Са з’яўленнем у 2-й пал. 19 ст. наразной зброі пяхота пры наступленні ўтварала стралк. ланцугі. У 1-ю сусв. вайну ў сувязі з масавым выкарыстаннем кулямётаў, наразной артылерыі, з паяўленнем танкаў, авіяцыі і атрутных рэчываў пачала складвацца Т. агульнавайск. бою, зарадзілася Т. авіяц., інж. і хім. войск, адпрацоўваліся спосабы выкарыстання танкаў і бронеаўтамабіляў. У 1914—15 склаўся новы баявы парадак — «хваля ланцугоў». У 2-ю сусв. вайну выкарыстанне перадавой Т. садзейнічала перамозе Узбр. Сіл СССР і арміі саюзнікаў у вайне. Значны ўклад у Перамогу зрабіла партыз. армія Беларусі. Партыз. фарміраванні выкарыстоўвалі розныя тактычны спосабы. прыёмы і формы баявых дзеяння «рэйкавую вайну», засады, нечаканыя налёты напады, абарончыя баі з мэтай утрымання цэлых раёнаў і процідзеяння ням. Т. «выпаленай зямлі» і інш.

Істотныя змены ў тэорыі і практыцы Т. адбываліся з сярэдзіны 1950-х г. у сувязі з аснашчэннем войск шэрагу дзяржаў стратэгічным узбраеннем. Маланкавыя войны і інш. сучасныя формы узбр. проціборства абумовілі далейшае развіццё Т. відаў узбр. сіл, Т. родаў войск (сіл флоту), Т. спец. войск і агульнай Т. Змены ў стратэгіі і Т. сучасных баявых (спец.) дзеянняў адпрацоўваліся на шэрагу вучэнняў з удзелам падраздзяленняў і часцей Узбр. Сіл і інш. войск і вайск. фарміраванняў Рэспублікі Беларусь (комплексныя аператыўна-тактычныя вучэнні «Нёман-2001», «Бярэзіна-2002» і інш.).

Літ.:

Тактика. М., 1966;

Общая тактика.Ч. 1. М., 1976;

Петрусь П.М., Шеманский П.В., Чульский Н.К. Ядерное оружие и развитие тактики. М., 1967;

Гришин С.В., Жуков П.А., Китошвили Ш.И. Тактика: (По иностр. взглядам). М., 1972;

Воробьев И.Н. О тактике // Воен. мысль. 2002. № 1—5.

С.​А.​Фамін, В.​А.​Юшкевіч.

т. 15, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)