ТАЙПІ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1851—64,
апошняя ў гісторыі Кітая вял. сял. вайна. У значнай ступені абумоўлена перанаселенасцю краіны і звязаным з ёй недахопам ворнай зямлі. Становішча пагаршалася паражэннем Кітая ў англа-кітайскай вайне 1840—42 і ўцечкай серабра з Кітая ў выніку еўрап. кантрабанды опіуму, што выклікала фін.-эканам. крызіс. Няздольнасць урада маньчжурскай дынастыі Цын вырашыць праблемы краіны прывяла ў 1841—49 да шэрагу нар. паўстанняў. Заснавальнік руху тайпінаў — вясковы настаўнік Хун Сюцюань, які ў 1843 стварыў «Таварыства пакланення нябеснаму ўладару» (Байшандзіхуй). Ідэйнай асновай таварыства абвешчана хрысціянства, але ў інтэрпрэтацыі Хун Сюцюаня хрысц. ідэя адзінага Бога спалучалася з традыц. кіт. ўяўленнямі аб сац. роўнасці і справядлівасці — тайпін (кіт. «вял. роўнасць» — адсюль Т.п.). 11.1.1851 таварыства пачало паўстанне пад лозунгам стварэння «Нябеснай дзяржавы вял. працвітання» (Тайпін цяньго). Хун Сюцюань абвясціў сябе Цяньванам (нябесным гасударом). Армію і ўрад тайпінаў узначаліў Ян Сюцын. Створанае тайпінамі моцнае дысцыплінаванае войска заняло вял. тэр. на Пд ад р. Янцзы, а ў 1853 — г. Нанкін, які стаў сталіцай тайпінскай дзяржавы. Быў выдадзены дакумент «Зямельная сістэма нябеснай дынастыі», які дэклараваў ураўняльнае размеркаванне зямлі па едаках, але рэалізаваць яго не ўдалося. У 1856 паміж кіраўнікамі руху тайпінаў паглыбіліся супярэчнасці. Са згоды Хун Сюцюаня былі забіты Ян Сюцын і некат. яго паплечнікі. Пасля заканчэння англа-франка-кітайскай вайны 1856—60 вял. дапамогу цынскаму ўраду ў задушэнні Т.п. аказалі еўрап. дзяржавы. Частковыя поспехі войск тайпінаў на чале з палкаводцам Лі Сючэнам не змаглі прадухіліць паражэнне Т.п. У ліп. 1864 паў Нанкін, Хун Сюцюань скончыў жыццё самагубствам. У 1868 знішчаны апошнія асяродкі паўстання.
Літ.:
Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960;
Илюшечкии В.П. Крестьянская война тайпинов. М., 1967.
У.У.Куніцкі.
т. 15, с. 390
ТА́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, пашыраных на п-ве Індакітай і ў прылеглых раёнах Паўд. Кітая. Займаюць прамежкавае становішча паміж кітайска-тыбецкімі мовамі і аўстранезійскімі мовамі. Падзяляюцца на 3 групы: паўд.-зах. (мовы тайская, лаоская, шанская, ахом, юан, кхын і інш.), цэнтр. (тай, нунг, паўд. чжуанскія дыялекты), паўн. (буй, паўн. чжуанскія дыялекты). Да Т.м. прымыкаюць кадайскія мовы (лі, лакуа, лаці, гэлао), дун-шуйскія мовы (дун, шун, ман, тхен) і інш. Усе Т.м. тыпалагічна падобныя. Ім уласцівы ізалюючы лад, фаналагічная і сінтакс. блізкасць, супадзенне марфемы са складам, адсутнасць словазмянення, коранескладанне. Пісьменнасць бярэ пачатак (помнікі з канца 13 ст.) ад інд. пісьма. Выкарыстоўваецца таксама іерагліфіка і лацінка.
Літ.:
Морев Л.Н., Плам Ю.Я. Фомичева М.Ф. Тайский язык. М., 1961.
А.Я.Міхневіч.
т. 15, с. 390
ТАЙФУ́Н (англ. typhoon ад кіт. тай фын — вялікі вецер),
назва трапічных цыклонаў штармавой і ўраганнай сілы (скорасць ветру 30—50 км/гадз, асобныя парывы да 100 км/гадз) у зоне распаўсюджання мусонаў Усх. Азіі. Узнікаюць пераважна летам і восенню над Ціхім ак., на У ад Філіпінскіх а-воў, дасягаюць берагоў Кітая, Японіі, Карэі, уплываюць на надвор’е Д. Усходу Расіі. Дыяметр Т. некалькі соцень кіламетраў. Выклікае моцнае хваляванне мора, часта суправаджаецца ліўнямі, навадненнямі, прыводзіць да разбурэнняў і прычыняе вял. матэрыяльныя страты. За год бывае 20—30 Т., працягласць асобных ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў.
т. 15, с. 390
ТАЙХУ́,
возера на У Кітая, на правабярэжнай ч. даліны р. Янцзы, каля яе дэльты. Пл. 2,2—3,6 тыс. км². Прэснае. Летам паўнаводнае, глыб. да 12 м, зімой мялее. Злучана пратокамі з Вялікім каналам. Выкарыстоўваецца для арашэння рысавых палёў, суднаходства, рыбалоўства.
т. 15, с. 390
ТАЙЦ Марк Юр’евіч (н. 15.6.1927, Мінск),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі і радыяцыйнай біялогіі. Д-р біял. н. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950). З 1959 у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі. З 1991 у Ізраілі. Навук. працы па механізмах уздзеяння малых доз іанізуючай радыяцыі на кару наднырачнікаў, канфармацыйных зменах мітахандрыяльных мембран клетак галаўнога мозга пад уздзеяннем стрэс-фактараў.
Тв.:
Зависимость реакции системы гипофиз—кора надпочечников от условий воздействия ионизирующей радиации в малых дозах (разам з Т.В.Дудзінай) // Радиобиология. 1976. Т. 16, № 2;
Метабалічныя зрухі у дэлабірынтаваных жывёлін на ўздзеянне іанізуючай радыяцыі ў малых дозах (у сааўт.) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1983. №4.
М.К.Туміловіч.
т. 15, с. 390
ТАЙЧЖУ́Н,
горад у Кітаі, на З в-ва Тайвань. 848,3 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Цэнтр асноўнага с.-г. раёна вострава і значны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. авіязборка; цукр., папяровая, хім., тэкст.; вытв-сць камфары.
т. 15, с. 391