ТАЙФУ́Н (англ. typhoon ад кіт. тай фын — вялікі вецер),
назва трапічных цыклонаў штармавой і ўраганнай сілы (скорасць ветру 30—50 км/гадз, асобныя парывы да 100 км/гадз) у зоне распаўсюджання мусонаў Усх. Азіі. Узнікаюць пераважна летам і восенню над Ціхім ак., на У ад Філіпінскіх а-воў, дасягаюць берагоў Кітая, Японіі, Карэі, уплываюць на надвор’е Д. Усходу Расіі. Дыяметр Т. некалькі соцень кіламетраў. Выклікае моцнае хваляванне мора, часта суправаджаецца ліўнямі, навадненнямі, прыводзіць да разбурэнняў і прычыняе вял. матэрыяльныя страты. За год бывае 20—30 Т., працягласць асобных ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў.
т. 15, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)