Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАГАУ́ДЫ

(лац. Bagaudae),

удзельнікі антырым. руху ў Галіі і паўн. Іспаніі ў 3—5 ст. Асн. масу багаудаў складалі збяднелыя сяляне, дробныя рамеснікі, калоны, збеглыя рабы. Выступленні багаудаў пачаліся ў 283—285 (або 269—270). Атрады багаудаў нападалі на вілы буйных землеўладальнікаў і слаба абароненыя гарады. Правадыры багаудаў Аманд і Эліян былі абвешчаны імператарамі. Рух багаудаў падаўляўся рым., потым вестгоцкімі палкаводцамі.

т. 2, с. 201

БАГА́ЦІКАЎ Юрый Іосіфавіч

(н. 28.2.1932, г. Янакіева Данецкай вобл., Украіна),

украінскі эстрадны спявак. Нар. арт. Украіны (1973), нар. арт. СССР (1985). Скончыў Харкаўскае муз. вучылішча (1959). З 1964 саліст Варашылаўградскай, з 1974 — Крымскай філармоній. Лаўрэат міжнар. конкурсу эстраднай песні «Залаты Арфей» (1969, Балгарыя). Прэмія Ленінскага камсамола 1983.

т. 2, с. 201

БАГА́ЦЬКАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. За 23 км на ПнЗ ад Мсціслава, 104 км ад Магілёва, 27 км ад чыг. ст. Ходасы. 100 ж., 66 двароў (1993).

У 1834 — 116 ж., 28 двароў, уласнасць памешчыка. У пач. 20 ст. існавалі 2 вёскі: Вял. Багацькаўка (172 ж., 30 двароў) і Малая Багацькаўка (160 ж., 21 двор) у складзе Шамаўскай вобласці Мсціслаўскага пав. У Вял. Айч. вайну з 14.7.1941 да 29.9.1943 вёскі акупіраваны ням. фашыстамі. У 1976 аб’яднаны ў адну вёску. Малая Багацькаўка — радзіма бел. пісьменніка Максіма Гарэцкага і бел. вучонага, акад. АН Беларусі Г.І.Гарэцкага. Музей М.Гарэцкага.

т. 2, с. 201

БАГА́Ч,

1) старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства багач быў прымеркаваны да свята нараджэння Божай Маці (8 верасня с. ст.), якая лічылася заступніцай ураджаю.

2) Сімвал свята багач — сявенька з жытам ці пшаніцай і васковай свечкай (збожжа вымалочвалі з 1-га зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З багачом абходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле нар. павер’яў, багач забяспечваў дому багацце і шчасце.

М.Ф.Піпіпенка.

т. 2, с. 201

БАГАЧО́ВА Ірына Пятроўна

(н. 2.3.1939, С.-Пецярбург),

руская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1965), з 1978 выкладае ў ёй (праф. з 1982). З 1965 салістка Марыінскага т-ра. Сярод партый: Азучэна, Амнерыс, Эбалі («Трубадур», «Аіда», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Шарлота («Вертэр» Ж.Маснэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя М.І.Глінкі (Масква, 1962), Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1967). Дзярж. прэмія Расіі 1973, Дзярж. прэмія СССР 1984.

т. 2, с. 201

БАГДА́Д,

горад, сталіца Ірака. Адм. ц. мухафазы Багдад. Размешчаны на берагах р. Тыгр. 3,9 млн. ж. (1990). Трансп. вузел на перакрыжаванні шляхоў, якія звязваюць краіны Міжземнамор’я, Сярэдняга Усходу і Паўд. Азіі. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Багдад — эканам. і культ. цэнтр краіны. У горадзе каля чвэрці прамысл. прадпрыемстваў краіны: тэкст., гарбарныя, швейныя, цэм., хім., харчовыя, электратэхн. і фармацэўтычныя; у прыгарадзе — буйны нафтаперапр. з-д. Саматужная вытв-сць абутку, ювелірных вырабаў, харч. прадуктаў. 3 ун-ты. Акадэмія навук, Акадэмія прыгожых мастацтваў. Музеі: Іракскі; сучаснага мастацтва; этнаграфічны.

Засн. ў 762 халіфам Мансурам пад назвай Мадзінат ас-Салам (горад міру) і стаў сталіцай Абасідаў халіфата. У 9 ст. значны цэнтр араб. культуры, рамяства і транзітнага гандлю. У 10 ст. паступова страціў паліт. значэнне, але доўгі час заставаўся навук. цэнтрам; на пач. 13 ст. ў Багдадзе было больш за 30 бібліятэк. З 945 пад уладай Буідаў дзяржавы, з 1055 — Сельджукскай дзяржавы, у 1258 заваяваны манголамі, якія разбурылі і разрабавалі горад. У канцы 14 — пач. 15 ст. двойчы ўзяты Цімурам і разбураны. У 16—17 ст. Багдадам валодалі туркі, персы, зноў туркі. У 1638—1917 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 заняты англ. войскамі, з 1920 адм. ц. брытанскай падмандатнай тэрыторыі. З 1921 сталіца Ірака.

Зберагліся помнікі архітэктуры: т.зв. палац Абасідаў (канец 12 — пач. 13 ст., рэстаўраваны ў 20 ст., з 1923 музей), маўзалей Зубайды (13 ст.), ансамбль медрэсэ Мустансірыя (1227—33, перабудаваны ў 1823, рэстаўраваны ў 20 ст.), мінарэт Сук аль-Газаль (1279), караван-сарай хан Марджан (1358—59, з 1937 Музей араб. старажытнасцяў), брама Баб аль-Вастані (1221, цяпер Музей зброі), маўзалей Мусы аль-Кадзіма (т.зв. «Залатая мячэць», 1515). Сучасны Багдад рэканструяваны. Гал. магістраль — вул. ар-Рашыд з сучаснымі будынкамі банкаў, магазінаў, атэляў; цэнтр. плошча — ат-Тахрыр з манументам «Рэвалюцыя 14 ліпеня» (1962). На праспекце Саадун — помнік Невядомаму салдату (1959), на Пд — Універсітэцкі гарадок, на зах. беразе Тыгра — парламент, палац ар-Рыхаб, будынкі ўрадавых устаноў, аэрапорт.

т. 2, с. 201

БАГДА́ДСКІ ПАКТ,

гл. ў арт. Арганізацыя цэнтральнага дагавора.

т. 2, с. 202

БАГДА́ДСКІ ХАЛІФА́Т,

гл. Абасідаў халіфат.

т. 2, с. 202

БАГДА́НАВА,

вёска ў Беларусі, у Багданаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобласці. За 34 км на ПнЗ ад Валожына, 107 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Багданаў. 192 ж., 76 двароў (1995).

Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Багдана Сапегі. З 1653 уладанне Пацаў, Данілевічаў, Чаховічаў, Рушчыцаў. З 1795 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. Чаховічы залажылі ў вёсцы бат. сад з гадавальнікам баброў. У Багданаве нарадзіўся, пэўны час жыў і працаваў мастак Ф.Рушчыц. У канцы 19 ст. ў Багданаве касцёл, вадзяны млын, сукнавальня, піцейны дом. У пач. 20 ст. ў маёнтку 22 ж., у вёсцы 197. У 1905 за 3 км ад Багданава пачалося будва чыг. станцыі і пасёлка (цяпер пас. Багданаў). У 1921—39 у Польшчы, потым у БССР. У 1960—62 у Ашмянскім, у 1962—65 у Іўеўскім р-нах. Помнік архітэктуры — касцёл (1844).

т. 2, с. 202

БАГДА́НАВА Галіна Барысаўна

(н. 31.1.1961, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменніца. Дачка Б.І.Сачанкі. Скончыла БДУ (1983). З 1982 у час. «Мастацтва». Друкуецца з 1978. У кн. прозы «Папяровыя замкі» (1990), «Чалавек без адраса» (1991), «Дом іхняе мары» (1994) распрацоўвае праблемы горада, маст. інтэлігенцыі. Псіхалагізм, увага да духоўнага жыцця чалавека, стрыманасць — асн. рысы яе творчай манеры. Выступае як драматург (містычная феерыя «Рамантычнае падарожжа на той свет», 1994; радыёп’еса «Майстэрня Жучка-Баравічка», паст. 1994), аўтар вершаў для дзяцей, эсэ пра мастакоў.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 202