БАГДА́НАВА,

вёска ў Беларусі, у Багданаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобласці. За 34 км на ПнЗ ад Валожына, 107 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Багданаў. 192 ж., 76 двароў (1995).

Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Багдана Сапегі. З 1653 уладанне Пацаў, Данілевічаў, Чаховічаў, Рушчыцаў. З 1795 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. Чаховічы залажылі ў вёсцы бат. сад з гадавальнікам баброў. У Багданаве нарадзіўся, пэўны час жыў і працаваў мастак Ф.Рушчыц. У канцы 19 ст. ў Багданаве касцёл, вадзяны млын, сукнавальня, піцейны дом. У пач. 20 ст. ў маёнтку 22 ж., у вёсцы 197. У 1905 за 3 км ад Багданава пачалося будва чыг. станцыі і пасёлка (цяпер пас. Багданаў). У 1921—39 у Польшчы, потым у БССР. У 1960—62 у Ашмянскім, у 1962—65 у Іўеўскім р-нах. Помнік архітэктуры — касцёл (1844).

т. 2, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)