БАГА́Ч,

1) старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства багач быў прымеркаваны да свята нараджэння Божай Маці (8 верасня с. ст.), якая лічылася заступніцай ураджаю.

2) Сімвал свята багач — сявенька з жытам ці пшаніцай і васковай свечкай (збожжа вымалочвалі з 1-га зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З багачом абходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле нар. павер’яў, багач забяспечваў дому багацце і шчасце.

М.Ф.Піпіпенка.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)