Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАМА́РА ХАНУ́М (сапр. Петрасян Тамара Арцёмаўна; 29.3.1906, г. Фергана, Узбекістан — 1991),

узбекская танцоўшчыца. спявачка, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1956). Скончыла Цэнтр. тэатр. тэхнікум у Маскве (1925). З 1919 у агітбрыгадзе пад кіраўніцтвам Х.​Хамзы, з 1926 у канцэртна-этнагр. ансамблі М.​Кары-Якубава. У 1929—34 салістка і адна з арганізатараў Узб. муз.-драм. т-ра. З 1936 салістка, у 1941—69 маст. кіраўнік арганізаванага ёю ансамбля Узб. філармоніі. Збіральніца песеннага і танц. фальклору народаў свету. Рэфарматар выканальніцкага стылю узб. жаночага танца. Удзельнічала ў станаўленні узб. балетнага т-ра. У рэпертуары песні і танцы многіх народаў свету. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Широкая О. Тамара Ханум. Ташкент, 1973.

Тамара Ханум.

т. 15, с. 411

ТАМАРЫ́КС, тамарыск,

род кветкавых раслін, тое, што грабеншчык.

т. 15, с. 412

ТАМА́РЫН Ілья Лявонавіч (24.11.1893, г. Гродна — 25.5.1961),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н. (1940), праф. (1941). Скончыў Харкаўскі мед. ін-т (1922). У 1929—39 у Днепрапятроўскім мед. ін-це, з 1939 нам. дырэктара Ялцінскага туберкулёзнага ін-та, з 1940 у ін-це ўдасканалення ўрачоў у Днепрапятроўску (дырэктар клінікі туберкулёзу). У Вял. Айч. вайну нач. эвакашпіталя ў г. Арэнбург. З 1945 дырэктар Бел. НДІ туберкулёзу, адначасова ў Мінскім мед. ін-це (у 1948—57 заг. кафедры). Навук. працы па праблемных пытаннях туберкулёзу.

Тв.:

Борьба с детским туберкулезом в БССР // Докл. Всебел. совещания педиатров. Мн., 1949.

т. 15, с. 412

ТАМА́САЎСКІ ПРАЦЭ́С,

сталеплавільны працэс, разнавіднасць канвертарнага працэсу. Вынайдзены С.​Дж.Томасам у 1878. Выкарыстоўваўся для перадзелу высокафосфарыстага (1,6—2% фосфару) вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем праз яго акісляльных газавых сумесей (сціснутага паветра, кіслароду, сумесі кіслароду з вуглякіслым газам і вадзяною параю і інш.). Прамысл. выкарыстанне пачалося з 1879 у Вялікабрытаніі, Германіі. Да сярэдзіны 1970-х г. у большасці краін выцеснены кіслародна-канвертарным працэсам.

т. 15, с. 412

ТАМА́Т,

род кветкавых раслін, тое, што памідор.

т. 15, с. 412

ТАМАШО́Ў Даніла Парфіравіч (23.12.1875, в. Палошкава Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 10.3.1926),

майстар і рэстаўратар смычковых інструментаў. Вучыўся ў Кіеве (з 1892), працаваў пад кіраўніцтвам А.​Дзідло (вучня Ж.Б.Вільёма, 1896). З 1901 самастойна вырабляў смычковыя інструменты ў Кіеве, з 1906 — у Вял. т-ры, кансерваторыі і інш. муз. установах Масквы. Інструменты, вырабленыя Т., адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Рыме (1911). Захаваліся 26 скрыпак, 3 віяланчэлі яго работы. Адзін з яго інструментаў зберагаецца ў калекцыі рэдкіх муз. інструментаў у Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.

т. 15, с. 412

ТАМАШО́ЎКА,

вёска ў Брэсцкім р-не, каля р. Зах. Буг, на аўтадарозе, якая злучае вёску з Брэстам. Цэнтр сельсавета. За 69 км на Пд ад Брэста, 1 км ад чыг. ст. Уладава. 1231 ж., 404 двары (2002). Санаторый «Елачка». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Пакроўская царква. Могілкі салдат 1-й сусв. вайны. Брацкая магіла сав. пагранічнікаў. Магіла ахвяр фашызму.

т. 15, с. 412

ТАМА́ШЧЫК Яўген Аляксандравіч (н. 15.9.1933, в. Карпаўцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі, рэфлексатэрапіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Казахскі мед. ін-т (г. Алма-Ата; 1960). З 1967 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1990—98 заг. кафедры). Навук. працы па перадаперацыйнай падрыхтоўцы хворых на рак, язвавыя хваробы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, па рэфлексатэрапіі ў лячэнні і рэабілітацыі хворых з рознай паталогіяй.

Тв.:

Иглорефлексотерапия в комплексной предоперационной подготовке // «Белорусско-польские дни хирургии»;

Сб. материалов междунар. науч. симпозиума. Гродно, 2001.

т. 15, с. 412

ТАМАШЭ́ВІЧ Аляксандр Уладзіміравіч (13.8.1930, Мінск),

бел. вучоны ў галіне эканомікі прыродакарыстання. Д-р эканам. н. (1985), праф. (1988). Сын У.А.Тамашэвіча. Скончыў БДУ (1954). З 1965 у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (з 1975 нам. дырэктара), з 1987 у БДУ (заг. кафедры). Навук. працы па эканам. геалогіі (эканоміцы мінер. сыравіны і геолагаразведачных работ) і эканам. геаграфіі.

Тв.:

Экономическая оценка минеральных ресурсов Белоруссии. Мн., 1978;

Новые тенденции в теории и практике экономики природопользования // Природные ресурсы. 1997. № 1;

Минеральные ресурсы в хозяйственном комплексе Беларуси (разам з Я.​А.​Нікіціным, А.​М.​Сінічкам) // Вопросы минерагепии платформенного чехла и кристаллического фундамента территории Беларуси. Мн., 2000;

География мирового хозяйства: В 3 ч. Ч. 1. Мн., 2001.

т. 15, с. 412

ТАМАШЭ́ВІЧ Баляслаў Цітавіч (1863, в. Колунь Даўгаўпілскага р-на, Латвія — ?),

графік. Творчасць звязана з маст. жыццём Расіі і Беларусі. Скончыў Пецярбургскую АМ (1886). У складзе археал. камісіі падарожнічаў па Беларусі і Украіне, рабіў замалёўкі нар. побыту і адзення беларусаў. Малюнкі і акварэлі Т. змяшчаліся ў час. «Нива», «Kraj» («Край»), альманаху «Z okolić Dźwiny» («З аколіц Дзвіны»). Сярод твораў «Паляванне на качак», «Сустрэча», «На канікулах», «Беларуска ў нацыянальным касцюме».

Л.​В.​Дробаў.

т. 15, с. 412