ТАЛА́МУС зрокавыя бугры,
частка прамежкавага мозга, парныя збіранні шэрага рэчыва, якія ўтвараюць бакавыя сценкі 3-га жалудачка; гал. падкоркавы цэнтр інтэграцыі адчувальнасці. У ніжэйшых пазваночных забяспечвае ажыццяўленне рэфлексаў. Развіццё Т. звязана з фарміраваннем кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга. У Т. чалавека вылучаюць каля 60 ядраў (спецыфічных і неспецыфічных). Мае некалькі функцыян. зон, звязаных са сваёй коркавай вобласцю. Т. вентральны мае сярэдзінныя, медыяльныя, вентралатэральныя і заднія ядры; дарсальны — пярэднія, медыяльнае і дарсальнае, перадпокрыўныя ядры. Вылучаюць функцыян. класы гэтых ядраў: спецыфічныя ядры скураных сенсорных органаў, вока і вуха (пераключальныя структуры саматычных і вісцэральных сістэм); ядры з пераважна рухальнымі функцыямі (звязваюць мазжачковыя і базальныя гангліі з рухальнай карою); ядры з асацыятыўнымі функцыямі, таксама неспецыфічныя ядры (павышаюць узбуджальнасць коркавых нейронаў і здольнасць да адказаў на паступаючыя імпульсы).
А.С.Леанцюк.
т. 15, с. 398
ТАЛА́НКІН Ігар (Індустрый) Васілевіч (н. 3.10.1927, г. Нагінск Маскоўскай вобл.),
расійскі кінарэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1956), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1959). У 1964—89 кіраўнік рэжысёрскіх майстэрняў Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі (з 1976 праф.). Паставіў фільмы «Сярожа» (з Г.Данелія, 1960, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Уступ» (1963, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Дзённыя зоркі» (1968), «Чайкоўскі» (1970), «Выбар мэты» (1976), «Айцец Сергій» (1978), «Зарапад» (1982), «Час адпачынку ад суботы да панядзелка» (1984), «Восень, Чартанава» (1988), «Д’яблы» (1992), «Нябачны вандроўнік» (1998).
т. 15, с. 398
ТАЛА́ПІН Віталь Іванавіч (н. 15.2.1935, г. Ржэў Цвярской вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р мед. н. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959), дзе працаваў да 1972. З 1972 у БелНДІ санітарыі і гігіены (нам. дырэктара). Навук. працы па комплексным вывучэнні фармакалогіі энтэрахрамафіннай клетачнай сістэмы.
Тв.:
Состояние энтерохромаффинных клеток при стрессе (разам з Т.А.Вылегжанінай) // Здравоохранение Беларуси. 1968. № 6.
т. 15, с. 398
ТАЛАСАКРАТО́Н (ад грэч. thalassa мора + kratos сіла, магутнасць),
устойлівая або маларухомая вобласць ложа акіянаў, у межах якой развіты абісальныя раўніны. Тэрмін уведзены аўстр. геолагам Р.Фейрбрыджам у 1955. Найб. стараж. Т. Ціхага і ўсх. ч. Індыйскага акіянаў, якія існуюць, магчыма, з дакембрыю; менш стараж. — зах. ч. Індыйскага, Атлантычнага і Паўн. Ледавітага акіянаў, якія, верагодна, утварыліся ў палеазоі — мезазоі. У складзе Т. вылучаюць акіянічныя пліты або монакратоны, сярэдзіннаакіянічныя хрыбты, унутрыкратонныя і перыкратонныя валы, вузкія глыбавыя хрыбты горставага тыпу, доўгія зоны разломаў (паводле тыпу аўлакагенаў мацерыковых платформ) і вулканічныя збудаванні. У канцэпцыі «новай глабальнай тэктонікі» (або тэктонікі пліт) складаюць ч. пліт літасферы.
т. 15, с. 398
ТАЛАСАКРАТЫ́ЧНЫЯ ПЕРЫ́ЯДЫ,
перыяды ў гісторыі Зямлі, калі значна пашыралася плошча мораў (трансгрэсіі). Супадаюць з сярэдзінай тэктанічных цыклаў, калі на б. ч. зямной паверхні пераважалі апусканні. Проціпастаўляюцца геакратычным перыядам. Да ліку Т.п. адносяць сілур, сярэдні і позні дэвон, ранні карбон, позні мел. Павелічэнне плошчы гідрасферы садзейнічала развіццю вільготнага марскога клімату з малымі ваганнямі т-ры. У гэты перыяд намнажаліся пераважна марскія асадкавыя тоўшчы, б. ч. якіх складалі карбанатныя пароды.
т. 15, с. 398
ТАЛАСАТЭРАПІ́Я (ад грэч. thalassa мора + тэрапія),
комплекснае лячэнне марскім кліматам і марскімі купаннямі, від клімататэрапіі. Загартоўвае арганізм, трэніруе механізмы тэрмарэгуляцыі, станоўча ўздзейнічае на нерв., сардэчна-сасудзістую, мышачную, дыхальную сістэмы, паляпшае абмен рэчываў, павялічвае спажыванне кіслароду і інш. Паказанні: захворванні нерв., сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм, парушэнні абмену рэчываў і інш.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 398
ТАЛА́СКАЯ ДАЛІ́НА,
міжгорная катлавіна ў Кіргізіі, на Пн Цянь-Шаня, паміж хрыбтамі Кіргізскі Алатау і Таласкі Алатау. Даўж. каля 250 км, пераважаюць выш. 600—2000 м. Цячэ р. Талас. Складзена са сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў; ёсць інтрузіі граніту. Пераважаюць паўпустынныя, сухастэпавыя і стэпавыя ландшафты, каля рэк аазісныя землі. У ніжнім цячэнні р. Талас пабудавана плаціна і вадасховішча для арашэння прылеглых зямель. У Т.д. — г. Талас.
т. 15, с. 398
ТАЛАСО́ІД (ад грэч. thalassoeidēs падобны на мора),
буйное кальцавое ўтварэнне на паверхні Месяца. Па памерах блізкае да круглых т. зв. месяцавых мораў. Паводле альбеда і структуры парод, што ўкрываюць яго паверхню, падобнае на месяцавы мацярык.
т. 15, с. 398
ТАЛА́Т-КЯЛПША́ (Talat-Kełpša) Юозас Антана (1.1.1889, в. Калнуяй Каўнаскага пав., Літва — 5.2.1949),
літоўскі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Літвы (1945). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1916). З 1920 выкладаў у муз. вучылішчы, з 1933 — у Каўнаскай кансерваторыі (з 1948 праф.). Адначасова з 1920 адзін з арганізатараў (разам з К.Пятраўскасам) і дырыжор Каўнаскага опернага т-ра. Адзін з пачынальнікаў літ. раманса. Сярод твораў: опера «Дачка старшыні» (1938, не завершана), кантаты, тв. для арк., камерныя і вакальныя творы, хары, песні, а таксама запісы (больш за 700) і апрацоўкі літ. і бел. нар. песень. Дзярж. прэмія СССР 1948.
т. 15, с. 398
ТАЛАХА́СІ (Tallahassee),
горад на ПдУ ЗША. Адм. ц. штата Фларыда. 136,6 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандлёва-фін. цэнтр с.-т. раёна. Прам-сць: паліграф., хім., дрэваапр., тытунёвая. 2 ун-ты.
т. 15, с. 398