БАСАРА́Б
(Basarabi),
археалагічная культура жал. веку (8 — сярэдзіна 7 ст. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Малдовы; адна з культур т.зв. фракійскага гальштату. Назва ад даследаванага тагачаснага паселішча каля в. Басараб (Румынія). Насельніцтва жыло на гарадзішчах і селішчах у лёгкіх наземных драўляных пабудовах, часам абмазаных глінай. Пахавальны абрад — трупаспаленні ў урне або яме і трупапалажэнні пад курганным насыпам або ў грунтавой магіле. Для керамікі характэрны чорнаглянцаваны сталовы посуд, нярэдка з белай інкрустацыяй; слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі і выступамі. Прылады працы, зброя, упрыгожанні належаць да ўсходнегальштацкага (ілірыйскага) тыпу старажытнасцяў.
т. 2, с. 339
БА́САЎ Ізраіль Мордухавіч
(7.10.1918, г. Мсціслаў Магілёўскай вобласці — 4.8.1994),
бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1951). Працаваў пераважна ў жанры гар. і індустр. пейзажа. Сярод твораў: «Восень» (1963), «Мінск, вул. Кірава» (1967), «Дрэвы і горад» і «Гарадскі рытм» (1967); карціны філас. кірунку: «Саперніцы» і «Успаміны» (1968), «Дзяўчына ў чырвоным» (1979), «Дзве жанчыны» (1993).
М.М.Паграноўскі.
т. 2, с. 339
БА́САЎ Мікалай Генадзевіч
(н. 14.12.1922, г. Усмань Ліпецкай вобл., Расія),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў квантавай электронікі. Акад. Расійскай АН (1966, чл.-кар. 1962). Замежны чл. АН Беларусі (1995). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1982). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (МІФІ; 1950). З 1950 у Фіз. ін-це Расійскай АН, у 1973—80 яго дырэктар, адначасова выкладае ў МІФІ. Навук. працы па квантавай электроніцы і яе дастасаваннях. Разам з А.М.Прохаравым вынайшаў першы квантавы генератар (мазер). Выказаў ідэю і распрацаваў метады стварэння паўправадніковых лазераў. Ленінская прэмія 1959. Нобелеўская прэмія 1964.
Тв.:
О квантовой электронике: Ст. и выступления. М., 1987.
т. 2, с. 339
БА́САЎ Уладзімір Паўлавіч
(28.7.1923, г.п. Уразава Белгарадскай вобл., Расія — 17.9.1987),
рускі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Усесаюзны Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952). Паставіў фільмы «Бітва ў дарозе», «Цішыня», «Шчыт і меч» (выканаў ролю разведчыка Бруна), «Факты мінулага дня» (Дзярж. прэмія Расіі 1982), «Дні Турбіных» (выканаў ролю Мышлаеўскага; тэлевізійны) і інш. З 1955 як характарны і камедыйны акцёр здымаўся ў кіно: «Я крочу па Маскве», «Злачынства і пакаранне», «Бег» і інш. У некаторых сваіх фільмах быў аўтарам ці сааўтарам сцэнарыяў.
т. 2, с. 339
БА́СА АСТЫНА́ТА
(італьян. basso ostinato літар. нязменны бас),
адна з варыяцыйных формаў у музыцы, заснаваная на шматразовым паўтарэнні ў басовым (ніжнім) голасе нязменнай мелодыка-рытмічнай фігуры-тэмы пры гарманічным і поліфанічным развіцці ў верхніх галасах, якія пастаянна абнаўляюцца. Форма баса астынаты служыць стварэнню адзінага муз. вобраза, увасабленню адзінага настрою. Выкарыстоўваўся ў арыях і харах 17—18 ст. як ніжні голас суправаджэння (Г.Пёрсел, І.С.Бах), у інстр. формах тыпу пасакаллі і чаконы. У музыцы 19—20 ст. астынатнасць выйшла за рамкі баса астынаты і стала адным з асн. формаўтваральных прынцыпаў муз. мовы (Дз.Шастаковіч, І.Стравінскі, П.Хіндэміт і інш.).
т. 2, с. 338
БА́СА ПРАЛІ́Ў
(Bass Strait),
праліў паміж Аўстраліяй і в-вам Тасманія. Злучае Тасманава м. з Індыйскім ак. Даўж. каля 317 км, шыр. да 224 км. Найменшая глыб. на фарватэры 49 км. У зах. ч. — в-аў Кінг, на У — а-вы Фюрно. Порт Мельбурн. Названы імем англ. даследчыка Дж.Баса, які адкрыў праліў у 1798.
т. 2, с. 338
БАСЕ́ЙН
(франц. bassin),
1) басейн паркавы — штучны вадаём, элемент садова-паркавага мастацтва і архітэктуры.
2) басейн спартыўны — натуральны або штучны вадаём для вучэбна-трэніровачных заняткаў і спаборніцтваў па плаванні, водным пола і скачках у ваду. Натуральныя басейны робяць на спакойных участках (з роўным дном, без віроў) рэк, азёраў і вадасховішчаў. Штучныя басейны бываюць адкрытыя, закрытыя ці камбінаваныя. У кампазіцыі будынкаў закрытых басейнаў гал. элемент — зала для плавання, трыбуны для гледачоў, дапаможныя памяшканні. Размяшчаюць у асобных будынках ці ў будынках інш. прызначэння (навуч. установах, дамах і палацах культуры, прамысл. прадпрыемствах і інш.). Найб. спарт. басейн на Беларусі — Воднаспартыўны камбінат рэспубліканскі ў Мінску.
Буйныя басейны ўключаюць ванну для плавання і воднага пола памерам 50 х 21 м, глыб. 1,8—2,3 м, ванну для скачкоў у ваду даўж. 18—20 і шыр. 14 х 21 м, глыб. 3,5—5,5 м, па баках 5-, 7,5- і 10-метровыя вышкі і 1- і 3-метровыя трампліны; дзіцячыя ванны звычайна меншых памераў і глыб. 0,6—1,2 м. Вада ў басейне павінна адпавядаць пэўным сан. нормам і падлягае перыядычнай змене і кантролю. Тэмпература вады ў агульнай ванне 22—23 °C, у дзіцячай і для скачкоў 26—27 °C.
т. 2, с. 339
БАСЕ́ЙН у геалогіі, адмоўная замкнёная тэктанічная структура, у якой намнажаюцца або залягаюць асадкавыя горныя пароды, нярэдка з карыснымі выкапнямі. Мае будову сінкліналі або прагіну. Адрозніваюць басейны: гідрагеалагічны, або падземных водаў (артэзіянскі, сцёку трэшчынна-грунтавых водаў і інш.), карысных выкапняў (нафтагазаносны, вугляносны, саляносны, сланцавы, рудны і інш.), седыментацыі (азёрныя, марскія, акіянскія, балотныя і інш.), дзе адбываецца намнажэнне асадкаў. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн, Брэсцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі нафтагазаносны басейн, Прыпяцкі саляносны басейн.
т. 2, с. 339
БАСЕ́ЙН РАЧНЫ́,
частка зямной паверхні, з якой вада сцякае ў раку (рачную сістэму). Сцёк адбываецца па зямной паверхні, у тоўшчы глебаў і рыхлых покрыўных адкладаў, а таксама па шчылінах у крышт. горных пародах, праз разгрузку артэзіянскіх водаў. Адрозніваюць падземны і паверхневы рачныя басейны, межы якіх часта не супадаюць (асабліва ў карставых раёнах). Басейны асобных рэк падзяляюцца водападзеламі. Найб. рачны басейн у свеце ў Амазонкі (7,2 млн. км²), у Беларусі — Дняпра (63,7 тыс. км², без Прыпяці).
т. 2, с. 340
БА́СЕРМАН
(Bassermann) Альберт (7.9.1867, г. Мангейм, Германія — 15.5.1952),
нямецкі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у гар. т-ры Базеля (1889). Працаваў у буйнейшых т-рах краіны. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Крамптан («Калега Крамптан» Г.Гаўптмана), Лір, Атэла, Мальволіо, Петручыо («Кароль Лір», «Атэла», «Дванаццатая ноч», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра). З 1915 акцёр-гастралёр. У 1933 эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у ЗША. З 1913 здымаўся ў кіно: «Лукрэцыя Борджыя» (Германія), «Рапсодыя ў стылі блюз» (ЗША), «Чырвоныя чаравічкі» (Вялікабрытанія) і інш.
т. 2, с. 340