БАСЕ́ЙН у геалогіі, адмоўная замкнёная тэктанічная структура, у якой намнажаюцца або залягаюць асадкавыя горныя пароды, нярэдка з карыснымі выкапнямі. Мае будову сінкліналі або прагіну. Адрозніваюць басейны: гідрагеалагічны, або падземных водаў (артэзіянскі, сцёку трэшчынна-грунтавых водаў і інш.), карысных выкапняў (нафтагазаносны, вугляносны, саляносны, сланцавы, рудны і інш.), седыментацыі (азёрныя, марскія, акіянскія, балотныя і інш.), дзе адбываецца намнажэнне асадкаў. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн, Брэсцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі нафтагазаносны басейн, Прыпяцкі саляносны басейн.
т. 2, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)