БАСАРА́Б

(Basarabi),

археалагічная культура жал. веку (8 — сярэдзіна 7 ст. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Малдовы; адна з культур т.зв. фракійскага гальштату. Назва ад даследаванага тагачаснага паселішча каля в. Басараб (Румынія). Насельніцтва жыло на гарадзішчах і селішчах у лёгкіх наземных драўляных пабудовах, часам абмазаных глінай. Пахавальны абрад — трупаспаленні ў урне або яме і трупапалажэнні пад курганным насыпам або ў грунтавой магіле. Для керамікі характэрны чорнаглянцаваны сталовы посуд, нярэдка з белай інкрустацыяй; слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі і выступамі. Прылады працы, зброя, упрыгожанні належаць да ўсходнегальштацкага (ілірыйскага) тыпу старажытнасцяў.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)