Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРАТРА́ЎМА (ад бара... + траўма),

пашкоджанне органа слыху, лёгкіх, прыдатачных пазухаў носа, кішэчніка пры рэзкім перападзе атм. ціску. Найчасцей бывае ў лётчыкаў, парашутыстаў, вадалазаў, падводнікаў. Здараюцца баратраўмы ў артылерыстаў і масавыя баратраўмы ў людзей, што пацярпелі ад ядз. выбуху.

т. 2, с. 300

БАРА́ТЫ,

1) солі борных кіслот: метаборнай (HBO2), ортаборнай (H3BO3) і нявылучаных у свабодным стане паліборных (H3m−2nBmO3m−n). Вядома каля 100 прыродных баратаў у выглядзе борных рудаў (буракс, ашарыт і інш.). Бараты складаюцца з боракіслародных груповак (колькасць атамаў бору ў іх вагаецца ад 1 да 9), якія ўтвараюць больш складаныя структуры. Бараты — бясколерныя аморфныя ці крышт. рэчывы. Бываюць гідратаваныя і бязводныя. Бязводныя маюць tпл 500—2000 °C, хімічна больш устойлівыя. У вадзе раствараюцца толькі бараты шчолачных металаў і амонію, астатнія — у гліцэрыне. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, палівы, керамікі, эмаляў, вогнетрывалых пакрыццяў і флюсаў, пры фарбаванні, як пігменты, антысептыкі, фунгіцыды.

2) Эфіры ортаборнай кіслаты [(RO)3B], дзе R — алкіл, арыл і інш. Выкарыстоўваюць як антыаксіданты, каталізатары, у сінтэзе арган. злучэнняў бору і фарбавальнікаў, як фунгіцыды, антысептыкі, дабаўкі ў маторнае паліва, змазвальнае масла, палімеры.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 2, с. 300

БАРАТЫ́НСКІ (Яўген Абрамавіч) (2.3.1800, в. Вяжля Тамбоўскай вобл., Расія — 11.7.1844),

рускі паэт. Вучыўся ў Пажскім корпусе ў Пецярбургу (1812—16). У 1819—26 на вайск. службе. У 1826 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Маскве. Апошнія гады жыў у падмаскоўным маёнтку Муранава. У 1844 паехаў у Італію, памёр у Неапалі. Пахаваны ў Пецярбургу. У элегіях і пасланнях («Фінляндыя», «Разупэўненне», «Прызнанне», «Дзве долі» і інш.) раскрыў унутрана супярэчлівы, раздвоены душэўны свет сучасніка. Для твораў 2-й пал. 1820—30-х г. характэрныя матывы адзіноты і смутку («Стансы»), напружаная філасафічнасць (паэмы «Баль», «Цыганка», вершы «Апошняя смерць», «Убогі дар мой, голас мой нягучны», «Ланцуг мне лёс наканаваў» і інш.). Аўтар паэм «Піры», «Эда» (абедзве 1826), «Перасяленне душ» (1828), аповесці «Пярсцёнак» (1831). У зб. вершаў «Сутонне» (1842) супярэчлівасць гіст. прагрэсу і эстэт. прыроды чалавека, праломленая праз трагічную свядомасць паэта.

Тв.:

Стихотворения;

Поэмы. М., 1982;

Стихотворения;

Проза;

Письма. М., 1983.

Літ.:

Лебедев Е. Тризна: Кн. о Е.А.Боратынском. М., 1985;

Тойбнин И.М. Тревожное слово: (О поэзии Е.А.Баратынского). Воронеж, 1988;

Песков А.М. Боратынский: Истинная повесть. М., 1990.

Я.А.Баратынскі.

т. 2, с. 300

БАРАТЫ́НСКІЯ,

княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».

т. 2, с. 301

БАРАТЭРАПІ́Я (ад бара... + тэрапія),

метад лячэння хворых штучна створаным павышаным або паніжаным ціскам паветра. Заснаваны на ўплыве змененага атм. ціску на функцыі сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм і газаабмену арганізма. Праводзіцца з дапамогай спец. апаратаў (мясцовая баратэрапія) або ў баракамерах і біятронах (агульная баратэрапія). Апошнія могуць дадаткова абсталёўвацца крыніцамі УФ-выпрамянення, рэгулятарамі т-ры, вільготнасці, колькасці аэраіонаў, кіслароду (для гіпербарычнай аксігенацыі). Мясцовую баратэрапію выкарыстоўваюць пры ангіяспазмах, аблітэральных эндартэрыітах, неўралгіях і інш., агульную — пры лячэнні бранхіяльнай астмы, пачатковых формаў гіпертаніі, кесоннай хваробы, ішэміі сэрца і інш., а таксама некаторых хірург. і родадапаможных аперацыях.

т. 2, с. 301

БА́РАЎ ((Barrow) Джон) (19.6.1764, Дралейбек, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — 23.11.1848),

англійскі падарожнік. Даследаваў Кітай (1792) і Паўд. Афрыку (1795—1802, дасягнуў р. Аранжавая). Заклаў асновы геагр. ведаў аб Паўд. Афрыцы («Падарожжа ўнутр Паўднёвай Афрыкі», т. 1—2, 1801—03). Найб. значны яго твор «Храналагічная гісторыя падарожжаў у Арктычныя рэгіёны» (1818) садзейнічаў аднаўленню вывучэння Арктыкі і пошукаў Паўн.-Зах. праходу. Імем Бараў названы праліў у Канадскім Арктычным архіпелагу і мыс на Алясцы.

т. 2, с. 301

БА́РАЎ (Barrow),

мыс, самы паўн. край Аляскі, 71°23 паўн. ш. і 156°12 зах. даўгаты. Названы ў гонар Дж.Бараў.

т. 2, с. 301

БАРАЎСКІ́ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1902—14 у в. Баравая Клімавіцкага пав. (цяпер вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобл.). Меў паравы рухавік (1908), рухавік (1910), паравую машыну і 12 электраматораў (1913). Вырабляў бочкі, дошкі, клёпкі пілаваныя і гонты (1908—13). У 1910 працавала 150 рабочых.

т. 2, с. 301

БАРАЦІ́НКА,

пашыраная сярод нумізматаў назва медных шэлегаў Польскага Каралеўства і ВКЛ 1659—66, якія чаканіліся па ініцыятыве трымальніка манетных двароў Ціта Лівія Бараціні. На Беларусі барацінкі выпускаў Брэсцкі манетны двор.

Барацінкі ВКЛ 1666 (1) і Польшчы 1660 (2).

т. 2, с. 301

БАРАЦЫ́Т,

мінерал класа баратаў прыродных, хлорабарат магнію, Mg3[B7O12]OCl. Прымесі жалеза (да 36%), марганцу і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай (кубічнай пры т-ры больш за 265 °C) сінганіі. Крышталі, зярністыя масы. Белы, зялёны, шэры ці бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Трапляецца ў асадкавых радовішчах. Другарадная руда бору.

т. 2, с. 301