БАРАТЭРАПІ́Я

(ад бара... + тэрапія),

метад лячэння хворых штучна створаным павышаным або паніжаным ціскам паветра. Заснаваны на ўплыве змененага атм. ціску на функцыі сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм і газаабмену арганізма. Праводзіцца з дапамогай спец. апаратаў (мясцовая баратэрапія) або ў баракамерах і біятронах (агульная баратэрапія). Апошнія могуць дадаткова абсталёўвацца крыніцамі УФ-выпрамянення, рэгулятарамі т-ры, вільготнасці, колькасці аэраіонаў, кіслароду (для гіпербарычнай аксігенацыі). Мясцовую баратэрапію выкарыстоўваюць пры ангіяспазмах, аблітэральных эндартэрыітах, неўралгіях і інш., агульную — пры лячэнні бранхіяльнай астмы, пачатковых формаў гіпертаніі, кесоннай хваробы, ішэміі сэрца і інш., а таксама некаторых хірург. і родадапаможных аперацыях.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)