БАРА́ТЫ,
1) солі борных кіслот: метаборнай (HBO2), ортаборнай (H3BO3) і нявылучаных у свабодным стане паліборных (H3m−2nBmO3m−n). Вядома каля 100 прыродных баратаў у выглядзе борных рудаў (буракс, ашарыт і інш.). Бараты складаюцца з боракіслародных груповак (колькасць атамаў бору ў іх вагаецца ад 1 да 9), якія ўтвараюць больш складаныя структуры. Бараты — бясколерныя аморфныя ці крышт. рэчывы. Бываюць гідратаваныя і бязводныя. Бязводныя маюць tпл 500—2000 °C, хімічна больш устойлівыя. У вадзе раствараюцца толькі бараты шчолачных металаў і амонію, астатнія — у гліцэрыне. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, палівы, керамікі, эмаляў, вогнетрывалых пакрыццяў і флюсаў, пры фарбаванні, як пігменты, антысептыкі, фунгіцыды.
2) Эфіры ортаборнай кіслаты [(RO)3B], дзе R — алкіл, арыл і інш. Выкарыстоўваюць як антыаксіданты, каталізатары, у сінтэзе арган. злучэнняў бору і фарбавальнікаў, як фунгіцыды, антысептыкі, дабаўкі ў маторнае паліва, змазвальнае масла, палімеры.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 2, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)