Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАГРАМЯ́Н Іван Хрыстафоравіч

(20.11.1897, г. Гянджа, Азербайджан — 21.9.1982),

савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1977). У арміі з 1915. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934), Генштаба (1938). У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, з ліп. 1942 камандуючы 16-й (11-й гв.) арміяй Зах. фронту, якая ўдзельнічала ў Курскай бітве 1943. З ліст. 1943 камандуючы войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія правялі Гарадоцкую аперацыю 1943, удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944 (у ходзе яе здзейснілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944, Полацкую аперацыю 1944), Усходне-Прускай аперацыі 1945. З крас. 1945 камандуючы войскамі 3-га Бел. фронту. У 1945—54 камандуючы войскамі Прыбалтыйскай ваен. акругі. У 1958—68 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Яго імем названы вуліцы ў Гарадку і Полацку.

т. 2, с. 208

БАГРАМЯ́Н Маўсес, дзеяч армянскага вызв. руху 18 ст. Нарадзіўся ў Карабаху, жыў у Расіі. У 1763 прыняў удзел у спробе І.Эміна арганізаваць паўстанне ў Арменіі супраць ірана-тур. няволі. З 1768 жыў у Індыі. Аўтар «Новай кнігі, названай павучаннем» (1773), у якой заклікаў армян змагацца за вызваленне радзімы. Удзельнічаў у складанні праекта канстытуцыі незалежнай арм. бурж. дзяржавы з рэсп. Ладам.

т. 2, с. 208

БАГРА́НА Елісавета

(сапр. Белчава; 29.4.1893, Сафія — 23.3.1991),

балгарская паэтэса. Скончыла Сафійскі ун-т (1915). Першы зб. вершаў «Вечная і святая» (1927) напісаны пад уплывам нар.-песеннай паэзіі. У зб-ках «Зорка марака» (1932), «Сэрца чалавечае» (1936) уражанні ад вандраванняў па роднай краіне, Францыі, Італіі, Славеніі, вобраз горада з яго сац. кантрастамі, узмацненне трагічных і песімістычных нот. Аўтар лірычных зб-каў «Ад берага да берага» (1963), «Святлацені» (1977), «На беразе часу» (1983) і інш., кн. для дзяцей. Дзімітраўская прэмія 1950. На бел. мову яе вершы перакладаў Н.Гілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Ад стром балканскіх. Мн., 1965;

Рус. пер. — Сердце человеческое. М., 1959;

Стихи. М., 1979.

т. 2, с. 208

БАГРА́НЫ Іван

(сапр. Лазавяга Іван Паўлавіч; 2.10.1907, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна — 25.8.1963),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1926—28). У 1932 рэпрэсіраваны і да 1940 у турмах і лагерах. У 1945 эмігрыраваў у ФРГ. Аўтар паэм «Манголія» (1927), «Ave Maria» (1929), рамана ў вершах «Скелька» (1930), зб. вершаў «Залаты бумеранг» (1946). Дыяпазон яго паэзіі ад элегічнай лірыкі да вострай сатыры. Раманы «Звераловы» (1944, «Тыграловы», 1946—47), «Сад Гефсіманскі» (1950), «Вогненнае кола» (1953), п’есы «Марытуры», «Генерал» (1947), «Разгром» (1948) пра цяжкі лёс укр. народа ў перыяд сталінскага таталітарызму, пакутнікаў ГУЛАГа, барацьбітоў за незалежнасць Украіны. Аўтар памфлета «Чаму я не хачу вяртацца ў СССР?» (1946).

Тв.:

Тигролови: Роман та аповідання. Київ,1991.

В.А.Чабаненка.

т. 2, с. 208

БАГРАТЫ́ДЫ,

Багратуні, царская дынастыя ў Арменіі ў 885—1045. Паходзілі з аднайм. княжацкага роду (вядомы з 1 ст. да нашай эры), уладаннем якога з 4 ст. нашай эры была вобласць Кагавіт. У 8—9 ст. Багратыды ўзначальвалі барацьбу за незалежнасць краіны, аднавілі яе ў 861 і дамагліся прызнання ад Арабскага халіфата і Візантыі (гл. Анійскае царства). Буйнымі прадстаўнікамі дынастыі былі Ашот I, Ашот II, Ашот III, Гагік I [990—1020]. Дынастыя спыніла існаванне пасля заваявання краіны Візантыяй (1045).

т. 2, с. 209

БАГРАТЫЁНІ Вахушты

(1696—1751),

грузінскі гісторык і географ. Пабочны сын картлійскага цара Вахтанга VI. Дзед П.І.Баграціёна. Вучыўся ў місіянераў. У 1717—24 удзельнічаў у паліт. жыцці Картлійскага царства: у жн.-ліст. 1722 правіў краінай, у 1724 камандаваў войскамі Ніжняга Картлі, правёў там перапіс; разам з царом Вахтангам, сям’ёй і світай выехаў у Расію. Аўтар «Гісторыі царства Грузінскага» (1745; ахоплівае падзеі 15—18 ст.) і 2 геагр. атласаў (1-ы складзены ў 1735, меў 8 картаў Грузіі; 2-і ў 1742—43, 19 картаў і генеалагічныя схемы царскай дынастыі Багратыёнаў).

Тв.:

Рус. пер. — История царства Грузинского. Тбилиси, 1976.

т. 2, с. 209

БАГРАТЫЁНІ,

дынастыя, якая царавала ў Грузіі ў 9—19 ст. У 1-й пал. 9 ст. картлійскі цар Ашот Багратыёні стварыў княства Тао-Кларджэты, якое стала паліт. і культ. цэнтрам Грузіі. У 10 ст. Баграту III удалося аб’яднаць груз. землі. Найб. выдатныя прадстаўнікі Багратыёні: Давід IV Будаўнік, Георгій III [1156—84], Тамара. Яны пашырылі паліт. ўплыў на ўсё Закаўказзе, Паўн. Каўказ і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м. Пасля распаду адзінай груз. дзяржавы ў канцы 15 ст. Багратыёні правілі ў Картлійскім, Кахецінскім, Імерэцінскім царствах. У 1762 Усх. Грузія пад уладай Багратыёні аб’ядналася ў адну дзяржаву. У 1801 Грузія далучана да Рас. імперыі і царская ўлада Багратыёні скончылася. Адна з 4 галін роду Багратыёні была запісана ў рас. княжацкі род. З роду Багратыёні выйшлі многія вядомыя дзеячы, у тым ліку рас. палкаводзец П.І.Баграціён.

т. 2, с. 209

БАГРА́Т III,

грузінскі цар [975—1014]. Аб’яднаў пад сваёй уладай Зах. і значную ч. Усх. Грузіі (Картлі, Кахеты, Эрэты). Абапіраючыся на дваран, упарта змагаўся з араб. заваёўнікамі, а таксама з буйнымі феадаламі, якія выступалі супраць аб’яднання краіны.

т. 2, с. 209

«БАГРАЦІЁН»,

кодавая назва стратэгічнай наступальнай аперацыі Чырв. Арміі па вызваленні Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Гл. Беларуская аперацыя 1944.

т. 2, с. 209

БАГРАЦІЁН Пётр Іванавіч

(1765, г. Кізляр, Дагестан — 24.9.1812),

расійскі палкаводзец, герой вайны 1812. Нашчадак груз. царскай дынастыі Багратыёнаў. На ваен. службе з 1782. Служыў на Каўказе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91, задушэння паўстання 1794 Т.Касцюшкі і штурму Варшавы. Вызначыўся ў італьян. і швейц. Паходах А.В.Суворава (1799). У час вайны 1805—07 з Францыяй узначальваў ар’ергард рус. арміі. Удзельнік войнаў Расіі са Швецыяй (1808—09) і Турцыяй (1806—12). З сак. 1812 камандаваў 2-й Зах. арміяй, якая размяшчалася на тэр. Беларусі і Украіны (чэрв. 1812 штаб-кватэра арміі ў Ваўкавыску). На пач. вайны 1812 удалым манеўрам вывеў армію з-пад удару намнога большых сіл напалеонаўскай арміі і праз Слонім—Навагрудак—Нясвіж—Слуцк—Бабруйск—Магілёў вывеў яе на злучэнне з 1-й Зах. арміяй пад Смаленскам. У аперацыях пад Нясвіжам і Нова-Быхавам выратаваў рус. армію ад разгрому. У Барадзінскай бітве 1812 камандаваў левым крылом рус. арміі, быў цяжка паранены і памёр. У 1839 яго прах перапахаваны на Барадзінскім полі. Шматлікія матэрыялы пра дзейнасць Баграціёна, асабліва на тэр. Беларусі, знаходзяцца ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі яго імя.

т. 2, с. 209