БАГРАТЫЁНІ,
дынастыя, якая царавала ў Грузіі ў 9—19 ст. У 1-й пал. 9 ст. картлійскі цар Ашот Багратыёні стварыў княства Тао-Кларджэты, якое стала паліт. і культ. цэнтрам Грузіі. У 10 ст. Баграту III удалося аб’яднаць груз. землі. Найб. выдатныя прадстаўнікі Багратыёні: Давід IV Будаўнік, Георгій III [1156—84], Тамара. Яны пашырылі паліт. ўплыў на ўсё Закаўказзе, Паўн. Каўказ і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м. Пасля распаду адзінай груз. дзяржавы ў канцы 15 ст. Багратыёні правілі ў Картлійскім, Кахецінскім, Імерэцінскім царствах. У 1762 Усх. Грузія пад уладай Багратыёні аб’ядналася ў адну дзяржаву. У 1801 Грузія далучана да Рас. імперыі і царская ўлада Багратыёні скончылася. Адна з 4 галін роду Багратыёні была запісана ў рас. княжацкі род. З роду Багратыёні выйшлі многія вядомыя дзеячы, у тым ліку рас. палкаводзец П.І.Баграціён.
т. 2, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)