БАГРАМЯ́Н Іван Хрыстафоравіч
(20.11.1897, г. Гянджа, Азербайджан — 21.9.1982),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1977). У арміі з 1915. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1934), Генштаба (1938). У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 нач. штаба Паўд.-Зах. фронту, з ліп. 1942 камандуючы 16-й (11-й гв.) арміяй Зах. фронту, якая ўдзельнічала ў Курскай бітве 1943. З ліст. 1943 камандуючы войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія правялі Гарадоцкую аперацыю 1943, удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944 (у ходзе яе здзейснілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944, Полацкую аперацыю 1944), Усходне-Прускай аперацыі 1945. З крас. 1945 камандуючы войскамі 3-га Бел. фронту. У 1945—54 камандуючы войскамі Прыбалтыйскай ваен. акругі. У 1958—68 нам. міністра абароны — нач. тылу Узбр. Сіл СССР. Яго імем названы вуліцы ў Гарадку і Полацку.
т. 2, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)