Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

кат, ка́та, М ка́це, мн. ка́ты, -аў, м.

1. Асоба, якая прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор, учыняе кару, катуе.

2. перан. Жорсткі мучыцель, прыгнятальнік.

|| прым. ка́таўскі, -ая, -ае (да 2 знач.).

катава́льня, -і, мн. -і, -яў, ж.

Месца катаванняў.

|| прым. катава́льны, -ая, -ае.

катава́сія, -і, ж.

1. Песнапенне, што выконваецца абодвума клірасамі, якія выходзяць на сярэдзіну царквы.

2. перан. Беспарадак, неразбярыха (жарт.).

катава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; незак., каго (што).

Моцна і балюча біць, жорстка мучыць.

К. на допыце.

Не катуй сябе.

|| зак. скатава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны.

|| наз. катава́нне, -я, н.

У фашысцкім лагеры смерці было нечалавечае катаванне людзей.

катаклі́зм, -у, мн. -ы, -аў, м. (кніжн.).

Нечакана рэзкі пералом, разбуральны пераварот (у прыродзе, грамадстве).

катако́мбы, -аў, адз. -а, -ы, ж.

Падзямеллі, пячоры з вузкімі і доўгімі хадамі [першапачаткова служылі сховішчам для першых хрысціян у Старажытным Рыме].

|| прым. катако́мбны, -ая, -ае.

каталагізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., што.

Скласці (складаць) каталог чаго-н.

|| наз. каталагіза́цыя, -і, ж.

катала́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж. (разм.).

Турма, месца зняволення.

Трапіць у каталажку.

ката́ліз, -у, м. (спец.).

Узбуджэнне хімічнай рэакцыі або змяненне яе хуткасці пад уздзеяннем каталізатара.

|| прым. ката́лізны, -ая, -ае.

каталіза́тар, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Рэчыва, якое паскарае ход хімічнай рэакцыі.

|| прым. каталіза́тарны, -ая, -ае.