Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ксенафо́бія, -і, ж. (спец.).

1. Хваравіты, навязлівы страх перад незнаёмымі асобамі.

2. Нянавісць, нецярпімасць да чаго-н. чужога, незнаёмага, замежнага.

ксено́н, -у, м.

Хімічны элемент, інертны газ без колеру і паху, які прымяняецца ў электратэхніцы і медыцыне.

|| прым. ксено́навы, -ая, -ае.

Ксенонавая трубка.

ксерагра́фія, -і, ж. (спец.).

Адзін са спосабаў электраграфавання — атрыманне копій розных адлюстраванняў (дакументаў, тэкстаў).

|| прым. ксераграфі́чны, -ая, -ае.

ксеракапі́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; зак. і незак.

Зрабіць (рабіць) ксеракопію.

К. артыкул.

|| наз. ксеракапі́раванне, -я, н.

ксерако́пія, -і, мн. -і, -пій, ж.

Копія, здымак, атрыманыя шляхам ксераграфіі.

ксе́ракс, -а і -у, м.

1. -у. Тое, што і ксераграфія (спец.).

2. -а, мн. -ы, -аў. Разнавіднасць размнажальнага апарата для ксераграфічнага электраграфавання, які выкарыстоўвае магнітны сухі друк.

3. -а. Адбітак, атрыманы пры дапамозе такога апарата; ксераграфічная копія (ксеракопія; разм.).

Зрабіць к. артыкула.

|| прым. ксе́раксны, -ая, -ае.

ксерафо́рм, -у, м.

Жоўты парашок, вяжучы і антысептычны сродак вонкавага прымянення.

|| прым. ксерафо́рмны, -ая, -ае.

ксёндз, ксяндза́, мн. ксяндзы́, ксяндзо́ў, м.

Каталіцкі святар.

ксілагра́фія, -і, ж.

Гравіраванне на дрэве, а таксама сама гравюра на дрэве або адбітак з такой гравюры.

|| прым. ксілаграфі́чны, -ая, -ае.

ксілафо́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Ударны музычны інструмент, што складаецца з 3—4 радоў драўляных брусочкаў, па якіх удараюць двума драўлянымі малаточкамі.

|| прым. ксілафо́нны, -ая, -ае.