Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

агля́нуць, -ну, -неш, -не; агля́нь; зак., каго-што.

Акінуць позіркам; азірнуць.

А. поле.

агнастыцы́зм, -у, м.

Ідэалістычнае філасофскае вучэнне, якое адмаўляе магчымасці пазнання аб’ектыўнага свету і яго заканамернасцей.

|| прым. агнасты́чны, -ая, -ае.

агнездава́цца, агнязду́юся, агнязду́ешся, агнязду́ецца; агнязду́йся; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Звіць сабе гняздо дзе-н. (пра птушак).

Буслы агнездаваліся на грушы.

2. перан. Пасяліцца (пра людзей).

Пабудавалі хаты, агнездаваліся каля возера.

|| незак. агняздо́ўвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

агнёвы гл. агонь.

агнёўка, -і, ДМ -нёўцы, мн. -і, -нёвак, ж.

Невялікі стракаты матыль — шкоднік раслін.

агні́сты, -ая, -ае.

1. гл. агонь.

2. Які свеціцца як агонь, падобны да яго колерам, адлівае фарбамі агню.

Агністае лісце на дрэве.

3. Гарачы, пякучы як агонь.

Агністая спёка.

4. перан. Палымяны, бліскучы (пра вочы, позірк).

Агністыя вочы.

5. перан. Палымяны, натхняльны, гарачы.

Агністая прамова.

|| наз. агні́стасць, -і, ж.

агні́шча, -а, н.

1. Месца, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь (гіст.).

2. Вялікі агонь (разм.).

Купальскае а.

агно́стык, -а, мн. -і, -аў, м.

Паслядоўнік агнастыцызму.

агня...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае знач. слова «агонь» або паказвае на адносіны да агню, напр.: агнястрэльны, агнямёт, агняцвет.

агнябу́р, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Бур для агнявога свідравання.