като́лік, -а, мн. -і, -аў, і каталі́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.
Той, хто прыняў каталіцтва і прытрымліваецца ўсіх абрадаў каталіцкай царквы.
|| ж. каталі́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.
като́ры, -ая, -ае, займ.
1. пыт. і адносны. Які іменна, які з некалькіх, які па парадку.
К. сыну год? К. раз едзеш у Полацк? Вазьмі касу, каторай учора касіў.
2. неазнач. Не першы, не адзін, а некалькі.
К. раз іду я гэтым лесам.
К. год чакаем сына на пабыўку.
К. час няма добрага надвор’я.
3. неазнач., часцей мн. Іншыя, некаторыя (разм.).
Каторыя ўжо прыехалі, а каторыя яшчэ ў дарозе.
като́ры-не́будзь, -ая-не́будзь, -ае-не́будзь, займ. неазнач.
Які-небудзь, хто-небудзь з некалькіх, з многіх.
като́ўня, -і, мн. -і, -яў, ж. (разм.).
Тое, што і катавальня.
катры́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.
Пераносны механічны арган у выглядзе металічнай скрынкі, на якім ігралі вандроўныя музыканты.
◊
Завесці катрынку (разм., неадабр.) — пачаць дакучлівую размову, гаварыць адно і тое ж.
|| прым. катры́начны, -ая, -ае.
катры́ншчык, -а, мн. -і, -аў, м.
Вандроўны музыкант з катрынкай.
кату́рхаць, -аю, -аеш, -ае; незак., каго-што (разм.).
Штурхаць каго-н., прымушаць ачнуцца, прыйсці да памяці.
К. сына раніцай.
кату́х, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.
1. Невялікі хлеў або адгароджанае месца ў хляве.
К. для свіней.
2. перан. Пра цёмны, малы пакой або хату (разм.).
Сем гадоў жыву ў гэтым катуху.
|| памянш. катушо́к, -шка́, мн. -шкі́, -шко́ў, м.
кату́шка, -і, ДМ -шцы, мн. -і, -шак, ж. (спец.).
Цыліндр для намотвання дроту, нітак, лёскі і пад.
|| прым. кату́шачны, -ая, -ае.
катэгары́чны, -ая, -ае.
Безумоўны, рашучы, які не дапускае пярэчанняў.
К. загад.
Катэгарычнае патрабаванне.
Катэгарычная думка.
К. адказ.
|| наз. катэгары́чнасць, -і, ж.