Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вадзі́цца, ваджу́ся, во́дзішся, во́дзіцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць, жыць (пра жывёл, птушак і пад.); быць у наяўнасці.

Там водзяцца бабры.

Гэткае дабро ў нас даўно не водзіцца.

2. безас. Быць звычаем, правілам.

Як водзіцца ў нас.

3. з кім. Мець справу, сябраваць (разм.).

Не вадзіся больш з гэтым хлопчыкам.

вадзі́ць, ваджу́, во́дзіш, во́дзіць; незак.

1. Тое, што і весці ў 1, 2 і 4 знач. (але абазначае дзеянне, што адбываецца не ў адзін час, не за адзін прыём або не ў адным напрамку).

В. дзяцей гуляць.

В. войскі ў бой.

В. смыкам па струнах.

В. машыну.

2. што з кім. Падтрымліваць (знаёмства, дружбу).

3. пераважна безас., каго-што. Хістаць у бакі, заносіць пры хадзьбе, яздзе.

Машыну пачало в. па слізкай дарозе.

4. Кіраваць гульнямі, танцамі.

|| наз. ваджэ́нне, -я, н. (да 1 знач.).

вадзяні́сты, -ая, -ае.

Які ўтрымлівае многа лішняй вады, вільгаці.

Вадзяністае чарніла.

|| наз. вадзяні́стасць, -і, ж.

вадзя́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

1. Хвароба, пры якой у тканках і поласцях цела збіраецца вадкасць.

2. Запоўнены вадкасцю пухір (разм.).

|| прым. вадзя́начны, -ая, -ае.

вадзяны́ гл. вада.

ва́дкасць, -і, ж.

1. гл. вадкі.

2. Рэчыва, якое мае ўласцівасць цячы і набываць форму той пасудзіны, у якой яно знаходзіцца.

|| прым. ва́дкасны, -ая, -ае (да 2 знач.; спец.).

ва́дкі, -ая, -ае.

Які знаходзіцца ў стане вадкасці, здольны цячы.

Вадкія рэчывы (у адрозненне ад цвёрдых і газападобных). Вадкае паліва.

|| наз. ва́дкасць, -і, ж.

вадналы́жнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Спартсмен, які займаецца вадналыжным спортам.

Спаборніцтвы вадналыжнікаў.

|| ж. вадналы́жніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

вадналы́жны, -ая, -ае.

Які мае адносіны да водных лыж.

В. спорт.

вады́р, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

Пухір, які ўсхопліваецца пры апёку скуры.