Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

уміра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. Перастаць жыць, а таксама вянуць, сохнуць (пра расліны).

Уміралі за радзіму.

У. са смеху (перан.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Знікаць, прападаць (кніжн.).

Такія словы не ўміраюць у вяках.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Адыходзіць у мінулае (пра грамадскія з’явы і пад.).

Старое ўмірае, а новае нараджаецца.

умо́ва, -ы, мн. -ы, умо́ў, ж.

1. Акалічнасць, ад якой што-н. залежыць.

Гэта магчыма пры адной умове.

2. Патрабаванне, якое прад’яўляецца адным з дагаворных бакоў.

Назавіце вашу ўмову.

Умовы міру.

3. Пісьмовая або вусная дамоўленасць, згода.

Выканаць умову.

Парушыць умову.

4. мн. Правілы, устаноўленыя ў якой-н. галіне дзейнасці, жыцця.

Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.

5. мн. Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што-н.

Кліматычныя ўмовы.

Жыллёвыя ўмовы.

Падрыхтоўка прадпрыемства да работы ў зімовых умовах.

Праца ў добрых умовах.

Для спецыялістаў — усе ўмовы (гэта значыць добрыя ўмовы для жыцця; разм.).

6. звычайна мн. Даныя, патрабаванні, з якіх неабходна зыходзіць.

Умовы доследу.

Ва ўмовах чаго, у знач. прыназ. з Р — пры наяўнасці чаго-н. навакольнага, спадарожнага.

Працаваць ва ўмовах пастаяннага напружання.

Пры ўмове чаго, у знач. прыназ. з Р — пры залежнасці ад чаго-н., абумоўленасці чым-н.

Гэта можна выканаць пры ўмове добрага надвор’я.

умо́віцца, -о́ўлюся, -о́вішся, -о́віцца; зак., з кім пра што, аб чым і з інф.

Дамовіцца, прыйсці да агульнай згоды адносна чаго-н.

У. пра тэрмін або аб тэрміне ад’езду.

У. з кім-н. пра сустрэчу або аб сустрэчы ці сустрэцца.

|| незак. умаўля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца.

|| наз. умаўле́нне, -я, н.

умо́льваць гл. умаліць.

умо́льны, -ая, -ае.

Які выражае моцную просьбу.

У. позірк.

Умольна (прысл.) глядзець.

умо́мант, прысл.

Імгненна, у адзін міг.

умо́тваць гл. уматаць.

умо́ўлены, -ая, -ае.

Такі, аб якім загадзя ўмовіліся, назначаны па ўгаворы.

Умоўленая сустрэча.

|| наз. умо́ўленасць, -і, ж.

умо́ўнасць, -і, ж.

1. гл. умоўны.

2. Агульнапрынятая, хоць і непатрэбная сістэма звычак, норм паводзін.

У палоне фармальнасцей і ўмоўнасцей.

умо́ўны, -ая, -ае.

1. Загадзя ўмоўлены і зразумелы толькі тым, хто ўмовіўся.

У. стук.

Умоўнае месца.

2. Які мае сілу толькі пры якіх-н. умовах.

Умоўнае асуджэнне.

Прыгавораны ўмоўна (прысл.). Умоўная згода.

У. рэфлекс (выпрацаваны пад уплывам пэўных умоў).

3. Які не існуе на самай справе, яўны або сімвалічны.

Умоўная мяжа.

Умоўныя дэкарацыі.

4. У граматыцы: які ўтрымлівае ў сабе значэнне ўмовы (у 1 знач.).

У. сказ.

У. лад дзеяслова.

У. злучнік.

|| наз. умо́ўнасць, -і, ж. (да 2 і 3 знач.).