Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

контрразве́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж.

Спецыяльныя органы дзяржавы для процідзеяння разведцы праціўніка, для барацьбы са шпіянажам, дыверсіямі і пад.

контрразве́дчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Работнік контрразведкі.

|| ж. контрразве́дчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

контррэвалю́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

Барацьба праціўнікаў рэвалюцыі супраць дзейнасці рэвалюцыйных улад.

|| прым. контррэвалюцы́йны, -ая, -ае.

контррэвалюцыяне́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Удзельнік, прыхільнік контррэвалюцыі.

|| ж. контррэвалюцыяне́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак.

контруда́р, -у, мн. -ы, -аў, м.

Удар, які наносяць войскі па арміі праціўніка, з мэтай яго разгрому і пераходу ў наступленне.

Нанесці ворагу к. з фланга.

ко́нтры.

У выразе: быць у контрах (разм.) — быць у непрыязных адносінах з кім-н., знаходзіцца ў звадцы.

контр-адміра́л, -а, мн. -ы, -аў, м.

Першае адміральскае званне або чын на флоце, роўнае званню генерал-маёра ў сухапутных войсках, а таксама асоба, якая мае гэта званне.

|| прым. контр-адміра́льскі, -ая, -ае.

ко́нтур, -у, мн. -ы, -аў, м.

Абрыс, лінія, якая ачэрчвае што-н.

К. лесу.

К. будынка.

|| прым. ко́нтурны, -ая, -ае.

Контурная карта — геаграфічная карта, на якую нанесены толькі абрысы вадаёмаў і сушы.

Контурная лінія — перарывістая лінія з кропак або кароткіх рысак.

ко́нус, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Геаметрычнае цела, якое ўтвараецца вярчэннем прамавугольнага трохвугольніка вакол аднаго з яго катэтаў.

2. Прадмет такой формы.

К. тэрыкона.

|| прым. ко́нусны, -ая, -ае.

конусападо́бны, -ая, -ае.

Які мае выгляд конуса.