Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

камедыя́нцтва, -а, н.

Прытворства, крыўлянне.

каме́лія, -і, мн. -і, -лій, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства чайных з вечназялёным лісцем і буйнымі прыгожымі белымі або чырвонымі кветкамі.

каме́ль, камля́, мн. камлі́, камлёў, м.

1. Ніжняя патоўшчаная частка дрэва, расліны, якая прылягае да кораня.

2. Перавязаны канец снапа, веніка і пад.

К. снапа.

|| прым. камлёвы, -ая, -ае.

Камлёвая частка дрэва.

каменда́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

1. Начальнік войск крэпасці або ўмацаванага раёна.

2. Вайсковы начальнік, які наглядае за дысцыплінай, парадкам і правільным нясеннем службы ў гарнізоне.

К. горада.

К. лагера.

3. Асоба, адказная за які-н. грамадскі будынак.

К. інтэрната.

|| прым. каменда́нцкі, -ая, -ае.

Каменданцкая гадзіна — забарона без спецыяльнага дазволу з’яўляцца на вуліцы населенага пункта ў пэўны час пры аб’яўленні ваеннага або асаднага становішча.

камендату́ра, -ы, мн. -ы, -ту́р, ж.

Установа, якую ўзначальвае камендант (у 1 і 2 знач.), а таксама памяшканне, у якім знаходзіцца такая ўстанова.

камендо́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Матрос-артылерыст.

|| прым. камендо́рскі, -ая, -ае.

камене... (а таксама каменя...).

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.:

1) які мае адносіны да каменя (у 1 і 3 знач.), напр.: каменеапрацоўка, каменеапрацоўчы, каменедрабілка, каменеадліваны (які мае адносіны да адліўкі з каменя), каменеўборачны, каменешліфавальны, каменевыдзяляльны, каменеўтварэнне;

2) які змяшчае ў сабе камень (у 1 знач.), напр., каменебетон;

3) падобны на камень (у 1 знач.), напр., каменепадобны.

каменедрабі́лка, -і, ДМ -лцы, мн. -і, -лак, ж.

Машына для драблення камення і іншых горных парод.

ка́менка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Печ у лазні без коміна, складзеная з камення.

каменнаву́гальны, -ая, -ае.

Які мае адносіны да каменнага вугалю.

К. басейн.