Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

націра́ць гл. нацерці.

на́ціск, -у, мн. -і, -аў, м.

1. гл. націснуць.

2. Моцны напор.

Н. вятроў.

3. Рашучы, імклівы рух, напад на каго-, што-н.

Стрымліваць н. праціўніка.

4. Вылучэнне (складу, слова) сілай голасу або павышэннем тону, а таксама значок, які паказвае такое вылучэнне.

Паставіць н.

Лагічны н.

5. Патаўшчэнне штрыха пры пісьме пяром.

Пісаць з націскам.

6. перан. Вылучэнне чаго-н. у якасці асноўнага.

Зрабіць н. на выпуск тавараў першай неабходнасці.

націскны́, -а́я, -о́е.

1. Які служыць для націскання (спец.).

Н. болт.

2. Які прыводзіцца ў дзеянне націсканнем.

Міна націскнога дзеяння.

3. У мовазнаўстве: які стаіць пад націскам (пра склад, слова).

Націскныя галосныя.

|| наз. націска́льнасць, -і, ж. (да 3 знач.).

наці́снуцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -нецца; зак.

Сабрацца, збіцца ў якой-н. колькасці.

У хату націснулася многа людзей.

наці́снуць, -ну, -неш, -не; -ні́; -нуты; зак.

1. што, на што і без дап. Стварыць ціск, налегчы цяжарам.

Н. на дзверы.

2. чаго. Выціскаючы, здабыць у якой-н. колькасці.

Н. соку з яблыкаў.

3. на каго-што і без дап. Зрабіць націск (у 3 знач.).

Н. на ворага з флангаў.

4. перан., на каго-што і без дап. Прымусіць або схіліць каго-н. да якога-н. дзеяння.

Н. на прафсаюз.

5. перан., на што і без дап. Энергічна ўзяцца за што-н. (разм.).

Н. на вучобу.

Н. на працу.

6. на што і без дап. Вымаўляючы, зрабіць лагічны націск.

7. што. Нацерці мазоль (мазалі; разм.).

|| незак. націска́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. націска́нне, -я, н. (да 1, 2 і 6 знач.) і на́ціск, -у, м. (да 1 знач.)

нацкава́ць, -кую́, -куе́ш, -куе́; -куём, -куяце́, -кую́ць; -ку́й; -кава́ны; зак., каго на каго-што, з дадан. і без дап.

1. Падахвоціць да нападу.

Н. сабак на зайца.

2. перан. Падбухторыць да варожых дзеянняў супраць каго-н. (разм.).

|| незак. нацко́ўваць, -аю, -аеш, -ае; наз. нацко́ўванне, -я, н.

нацы́зм, -у, м.

Нямецкі фашызм.

Не дапусціць адраджэння нацызму.

|| прым. нацы́сцкі, -ая, -ае.

нацы́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

Прыхільнік нацызму.

|| ж. нацы́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

|| прым. нацы́сцкі, -ая, -ае.

на́цыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Гістарычна ўстойлівая супольнасць людзей, якая ўтвараецца ў працэсе фарміравання агульнасці іх тэрыторыі, эканамічных сувязей, літаратурнай мовы, асаблівасцей культуры і духоўнага аблічча.

Права нацый на самавызначэнне.

2. У некаторых спалучэннях: краіна, дзяржава.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.

нацыяналізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., што.

Правесці (праводзіць) нацыяналізацыю чаго-н.

Н. фабрыкі і заводы.