Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

капельма́йстар, -тра, мн. -тры, -траў, м.

Кіраўнік хору або аркестра; дырыжор.

|| прым. капельма́йстарскі, -ая, -ае.

ка́пельніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

Тое, што і кропельніца.

ка́пельны, -ая, -ае (спец.).

Тое, што і кропельны.

Капельнае ўвядзенне лякарства.

ка́пер, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Прыватнаўласніцкае судна, якое займалася (да сярэдзіны 19 ст.) з ведама свайго ўрада захопам гандлёвых суднаў праціўніка і нейтральных краін, што перавозілі кантрабандныя грузы для ваюючай краіны.

2. Уладальнік такога судна.

ка́перс, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Паўднёвая паўхмызняковая расліна, якая сцелецца па зямлі.

2. мн. Пупышкі гэтай расліны, якія ў марынаваным выглядзе ўжываюцца як прыправа.

|| прым. ка́персавы, -ая, -ае.

Сямейства каперсавых (наз.).

капе́ц, -пца́, мн. -пцы́, -пцо́ў, м.

1. Месца для захавання на зіму агародніны.

К. бульбы.

2. Насып са слупам як межавы знак.

На мяжы лесу з полем стаялі капцы.

3. Насып, курган.

4. звычайна мн. Смерць, пагібель, канец (разм.).

Тут яму і капцы.

|| прым. капцо́вы, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

кап’ё, -я́, мн. ко́п’і і (з ліч. 2, 3, 4) кап’і́, ко́п’яў, н.

1. Даўнейшая колючая або кідальная зброя ў форме доўгага дрэўка з вострым металічным наканечнікам.

2. Лёгкаатлетычны снарад (у 3 знач.), а таксама спартыўная дысцыпліна, звязаная з кіданнем гэтага снарада.

Кіданне кап’я.

Ламаць коп’і — спрачацца з-за чаго-н., адстойваць сваю думку.

капёр, -пра́, мн. -пры́, -про́ў, м. (спец.).

Збудаванне над шахтным ствалом для ўстанаўлення пад’ёмніка.

|| прым. капро́вы, -ая, -ае.

капіі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

1. Чалавек, які знімае копіі з дакументаў, рукапісаў (уст.).

Працаваць капіістам.

2. Мастак, які робіць копіі карцін.

капіля́р, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

1. Трубачка з вельмі вузкім унутраным каналам.

2. Самы тонкі крывяносны сасуд.

|| прым. капіля́рны, -ая, -ае.

К. ціск.

К. сасуд.