Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

служы́цель, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Работнік, слуга (у 1 знач.).

2. Ніжэйшы служачы ў некаторых установах.

С. у тэатры.

С. у музеі.

3. перан., чаго. Той, хто служыць чаму-н. (высок.).

С. навукі.

Служыцель культу — духоўная асоба.

служы́ць, служу́, слу́жыш, слу́жыць; незак.

1. Выконваць службу (у 2, 3 і 5 знач.).

С. у арміі.

С. ютрань.

2. перан., каму-чаму. Рабіць што-н. для каго-, чаго-н., быць адданым каму-, чаму-н., накіроўваць сваю дзейнасць на карысць чаго-н. (высок.).

С. народу.

С. мастацтву.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выконваць сваё прызначэнне, быць прыгодным для чаго-н.

Канапа служыць пасцеллю.

Здароўе яшчэ служыць.

4. Выконваць абавязкі слугі.

С. у панскім маёнтку.

5. Пра сабак: стаяць на задніх лапах.

Служы!

|| зак. паслужы́ць, -служу́, -слу́жыш, -слу́жыць.

|| наз. слу́жба, -ы, мн. -ы, -аў, ж. (да 1, 2 і 5 знач.) і служэ́нне, -я, н. (да 2 знач.; высок.).

|| прым. службо́вы, -ая, -ае (да 1 знач. паводле 2 і 3 знач. наз. служба).

слуп, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Бервяно, тоўсты брус, умацаваныя вертыкальна.

Тэлеграфны с.

2. перан., чаго або які. Маса чаго-н., што рухаецца, ляціць, падымаецца ўверх (пра дым, пыл і пад.).

С. пылу.

С. мошак.

3. Пра тое, што мае вертыкальна-падоўжаную форму.

С. ртуці ў тэрмометры.

Геркулесавы слупы

1) старажытная назва Гібралтарскага праліва, які, паводле ўяўлення старажытных народаў, лічыўся «краем свету», месцам, дзе канчаецца суша;

2) перан. мяжа чаго-н.

Стаяць слупам — стаяць нерухома (разм., неадабр.).

|| памянш. слупо́к, -пка́, мн. -пкі́, -пко́ў, м.

|| прым. слупавы́, -а́я, -о́е.

слупня́к, -у́, м.

Вострая інфекцыйная хвароба, якая прыводзіць да сутаргі мышцаў.

|| прым. слупняко́вы, -ая, -ае.

Слупняковыя сутаргі.

слупо́к, -пка́, мн. -пкі́, -пко́ў, м.

1. гл. слуп.

2. Калонка кароткіх радкоў у газеце, часопісе і пад., якія размешчаны адзін пад адным.

Газетныя слупкі.

3. Шэраг слоў, лічбаў і іншых, напісаных адно пад адным.

Слупок прозвішчаў.

Два слупкі прыкладаў.

|| прым. слупко́вы, -ая, -ае.

слупяне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак. (разм.).

Траціць здольнасць рухацца ад моцнага ўзрушэння, хвалявання і пад.

С. ад страху.

|| зак. аслупяне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; наз. аслупяне́нне, -я, н.

слу́хацца, -аюся, -аешся, -аецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Публічна разглядацца (пра судовую справу), публічна заслухвацца (пра чыю-н. інфармацыю, паведамленне і пад.).

Слухаецца справа аб забойстве.

Слухаюцца даклады па праблемных пытаннях мовы.

2. каго-чаго. Паводзіць сябе згодна з чыімі-н. парадамі; падпарадкоўвацца каму-, чаму-н.

С. настаўніка.

С. добрых парад.

|| зак. паслу́хацца, -аюся, -аешся, -аецца (да 2 знач.).

слу́хаць, -аю, -аеш, -ае; незак.

1. каго-што. Накіроўваць слых на што-н.

С. музыку.

2. што. Публічна разглядаць (судовую справу; афіц.).

С. справу аб разводзе.

3. каго-што. Вывучаць што-н. наведваючы лекцыі.

С. курс уводзін у мовазнаўства.

4. каго-што. Даследаваць шляхам выслухвання стан і работу якога-н. унутранага органа.

Доктар уважліва слухаў сэрца.

С. хворага.

5. каго-што. Слухацца каго-н., выконваць чые-н. загады, рабіць так, як хто-н. раіць.

Слухай, што бацька гаворыць.

Трэба с. старэйшых.

Вучні павінны с. настаўніка.

6. заг. слу́хай(це). Ужыв. ў пачатку размовы як зваротак для таго, каб прыцягнуць увагу (разм.).

Слухай, яшчэ я не закончыла, а ты сваё працягваеш.

7. 1 ас. адз. цяпер. слу́хаю, часц. Адказ (пераважна вайскоўцаў) на якое-н. распараджэнне, які абазначае, што яно будзе выканана.

|| зак. праслу́хаць, -аю, -аеш, -ае; -аны (да 1, 3 і 4 знач.) і паслу́хаць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. слу́ханне, -я, н. (да 1—3 знач.).

слуха́ч, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Той, хто слухае каго-, што-н.

Удзячны с.

2. Навучэнец або студэнт некаторых навучальных устаноў.

С. курсаў.

|| ж. слуха́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

|| прым. слуха́цкі, -ая, -ае.

Слухацкая аўдыторыя.

слухмя́ны, -ая, -ае (разм.).

Тое, што і паслухмяны.

|| наз. слухмя́насць, -і, ж.