Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

склада́ны, -ая, -ае.

1. Які складаецца з некалькіх частак, разнастайны па складзе частак і сувязей паміж імі.

Складанае рэчыва.

С. сказ.

2. Цяжкі для разумення, ажыццяўлення і пад.

Складаная матэматычная задача.

Складанае становішча.

Складаная аперацыя.

3. Які спалучае ў сабе розныя, часта супярэчлівыя бакі, рысы (пра характар і пад.).

Складаныя пачуцці і думкі.

4. Які можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак.

С. нож.

Складанае крэсла.

|| наз. склада́насць, -і, ж. (да 2 і 3 знач.).

складападзе́л, -у, м.

У мовазнаўстве: мяжа паміж двума сумежнымі складамі ў слове.

складаўтвара́льны, -ая, -ае.

Пра гук: які можа ўтварыць склад.

склада́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.

1. гл. скласціся.

2. Мець у сваім складзе каго-, што-н., быць складзеным з каго-, чаго-н.

Падручнік складаецца з двух раздзелаў.

склада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. гл. скласці.

2. Быць састаўной часткай чаго-н.; утвараць сабой што-н.

Большую частку праграмы складалі народныя песні.

скла́дачны, -ая, -ае.

Прыстасаваны для склада¹ (у 1 знач.), складвання чаго-н.

Складачныя памяшканні.

складзі́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны; зак. і незак., што (спец.).

Змясціць (змяшчаць) на складзе¹ (у 1 знач.), у сховішчы.

С. зерне.

|| наз. складзі́раванне, -я, н.

скла́дка, -і, ДМ -дцы, мн. -і, -дак, ж.

1. Роўна складзеная ў дзве столкі і загнутая палоска на тканіне, паперы.

Пашыць спадніцу ў складкі.

2. Прамалінейны згіб на штаніне.

Штаны з адпрасаванымі складкамі.

3. Няроўнасць, хвалісты згіб на тканіне, паперы.

С. на паліто.

4. Адвісласць або маршчына на скуры, целе.

Адвіслыя складкі на шыі.

5. Згіб у пластах зямной кары.

Складкі горных парод (спец.).

|| памянш. скла́дачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1—3 знач.).

складкава́ты, -ая, -ае (спец.).

Утвораны складкамі, са складкамі.

Складкаватыя горы.

|| наз. складкава́тасць, -і, ж.

скла́дны, -ая, -ае.

1. Пра мову, пісьмо і пад.: звязны, паслядоўны, лагічны.

Складная прамова.

Складная песня.

2. Зграбны, стройны (разм.).

Складная дзяўчына.

|| наз. скла́днасць, -і, ж.