Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

спатыка́цца¹, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; незак.

1. гл. спатыкнуцца.

2. Ісці няспрытна, няёмка, няўпэўнена ступаючы.

Хто сядзіць — не спатыкаецца, хто маўчыць — не памыляецца (разм.).

спатыка́цца² гл. спаткацца.

спатыка́ць гл. спаткаць.

спатыка́ч, -а́, м.

Гарэлка або спірт, настоеныя на мускатным арэху і прыправах.

Чарачка спатыкача.

|| прым. спатыка́чны, -ая, -ае.

спатыкну́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; зак.

1. Зачапіўшыся за што-н. на бягу ці ідучы, страціць раўнавагу.

С. аб камень.

2. перан. Спыніць якое-н. дзеянне, перастаць рабіць што-н., натрапіўшы на перашкоды, цяжкасці (разм.).

Толькі б не с., чытаючы верш па памяці.

3. перан. Зрабіць памылку ў жыцці (разм.).

Быў выпадак, і я спатыкнуўся.

спаўзці́, -зу́, -зе́ш, -зе́; -зём, -зяце́, -зу́ць; споўз, спаўзла́, -зло́; -зі́; зак.

1. Спусціцца паўзком або цяжка, павольна злезці адкуль-н.

С. з гары ўніз.

С. са стога.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паволі, паступова ссунуцца, саслізнуць, зрушыцца з месца (аб прадметах).

Павязка спаўзла з калена.

3. Аддаліцца паўзком, сысці куды-н.

Чарапаха спаўзла некуды.

4. перан. Паступова адыходзячы ад правільных пазіцый, стаць на заганны шлях.

С. да фармалізму ў аналізе (неадабр.).

|| незак. спаўза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. спаўза́нне, -я, н. (да 1, 2 і 4 знач.).

спаўзці́ся, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -зе́цца; -зёмся, -зяце́ся, -зу́цца; спо́ўзся, спаўзла́ся, -зло́ся; зак.

Паўзучы, сабрацца ў адно месца.

Мурашкі спаўзліся да пня.

|| незак. спаўза́цца, -а́ецца; -а́емся, -а́ецеся, -а́юцца.

|| наз. спаўза́нне, -я, н.

спаўна́, прысл.

Поўнасцю, цалкам.

Атрымаць разлік с.

спаўня́цца гл. споўніцца.

спахапі́цца, -хаплю́ся, -хо́пішся, -хо́піцца; зак.

1. Раптоўна заўважыць памылку, недагляд, успомніць пра што-н. забытае.

Спахапілася, што не ўсё дапісала ў анкеце.

2. Схамянуцца, падхапіцца.

Спахапілася тады, як сын выйшаў за дзверы.

|| незак. спахапля́цца, -я́юся, -я́ешся, -я́ецца і спахо́плівацца, -аюся, -аешся, -аецца.