Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

агра́рны, -ая, -ае.

Зямельны, сельскагаспадарчы, звязаны з землекарыстаннем, землеўладаннем.

Аграрная палітыка.

Аграрныя рэформы.

агра́рый, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Буйны землеўладальнік (кніжн.).

2. Член аграрнай партыі.

агратэ́хнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст па агратэхніцы.

агратэ́хніка, -і, ДМ -ніцы, ж.

Тэхналогія вырошчвання і апрацоўкі сельскагаспадарчых культур.

|| прым. агратэхні́чны, -ая, -ае.

аграхі́мік, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст па аграхіміі.

аграхі́мія, -і, ж.

Навука аб хімічных працэсах у глебе і раслінах, сілкаванні раслін, прымяненні ўгнаенняў і хімічных сродкаў абароны раслін з мэтай атрымання высокіх устойлівых ураджаяў.

|| прым. аграхімі́чны, -ая, -ае.

агро́мністы, -ая, -ае.

Вельмі вялікі; велізарны.

А. дуб.

Агромністая зала.

агрубе́лы, -ая, -ае.

1. Які стаў грубым, шорсткім, цвёрдым, шурпатым (пра скуру, паверхню чаго-н.).

Агрубелыя рукі.

2. Які стаў больш нізкім (пра голас).

3. Які страціў вастрыню, сілу.

Агрубелы нюх.

4. Які стаў знешне нязграбны, страціў мяккасць, тонкасць (пра аблічча, выгляд).

5. Які страціў душэўную далікатнасць, стаў менш чулым, чэрствым.

Агрубелая натура (перан.).

|| наз. агрубе́ласць, -і, ж.

агрубе́ць гл. грубець.

агры́зак, -зка, мн. -зкі, -зкаў, м.

1. Абгрызены кавалак чаго-н., недаедзеная частка чаго-н.

А. яблыка.

2. Рэшта якога-н. прадмета, малапрыдатная для ўжывання.

А. алоўка (спісаны, кароткі аловак).

3. перан., зневаж. Пра каго-н., кім пагарджаюць, хто не заслугоўвае павагі.