Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

на́рачны, -ага, мн. -ыя, -ых, м.

Чалавек, які спецыяльна пасылаецца з якім-н. спешным даручэннем.

Паслаць пісьмо нарачным.

нарачо́ны, -ая, -ае.

1. Аб’яўлены, прызначаны быць такім.

Н. брат.

2. у знач. наз. нарачо́ны, -ага, м.; нарачо́ная, -ай, ж., мн. -ыя, -ых. Жаніх, нявеста.

Усе лічылі іх нарачонымі.

нарва́ць¹, -ву́, -ве́ш, -ве́; -вём, -вяце́, -ву́ць; -ві́; -ва́ны; зак., чаго.

1. Сарваць нейкую колькасць чаго-н.

Н. кветак.

Н. букет.

2. Парваць нейкую колькасць чаго-н.

Н. паперы.

3. Нацерабіць нейкую колькасць (лёну, канопляў і пад.).

Н. ільну.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.) і што. Нагнаць (пра вецер; разм.).

Вецер нарваў снегу.

|| незак. нарыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1—3 знач.).

нарва́ць², 1 і 2 ас. не ўжыв., -рве́; зак.

Апухнуць і нагнаіцца.

Палец нарваў.

|| незак. нарыва́ць, -а́е.

нарве́жцы, -аў, адз. -жац, -жца, м.

Народ, які складае асноўнае насельніцтва Нарвегіі.

|| ж. нарве́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак.

|| прым. нарве́жскі, -ая, -ае.

нарза́н, -у, м.

Вуглякіслая мінеральная лячэбная вада.

|| прым. нарза́нны, -ая, -ае.

Нарзанныя ванны.

нарка...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.:

1) які мае адносіны да наркотыкаў, напр.: наркабізнес, наркамафія;

2) які мае адносіны да наркозу, напр.: наркагіпноз, наркапсіхатэрапія, наркаэлектрашок.

наркабі́знес, -у, м.

Бізнес, які прыносіць даход ад гандлю наркотыкамі.

Барацьба з наркабізнесам.

наркало́гія, -і, ж.

Раздзел медыцыны, які займаецца вывучэннем і лячэннем хвароб, выкліканых алкагалізмам, наркаманіяй і таксікаманіяй.

|| прым. наркалагі́чны, -ая, -ае.

Н. дыспансер.

Н. кабінет.

наркама́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Чалавек, які мае моцную, хваравітую цягу да наркотыкаў.

|| ж. наркама́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

|| прым. наркама́нскі, -ая, -ае.