Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыскрыміна́цыя

(лац. discriminatio = адрозненне)

1) абмежаванне ў правах, пазбаўленне раўнапраўнага становішча якой-н. дзяржавы або групы насельніцтва (напр. расавая д.);

2) мед. здольнасць асобна ўспрымаць два аднолькавыя раздражненні, якія ўздзейнічаюць адначасова ў размешчаных блізка пунктах скуры.

дыскрэдытава́ць

(фр. discréditer)

падрываць давер’е да каго-н., чаго-н., ставіць пад сумненне, прыніжаць чый-н. аўтарытэт.

дыскрэдыта́цыя

(фр. discréditation)

падрыў давер’я да каго-н., чаго-н., прыніжэнне чыйго-н. аўтарытэту.

дыскрэ́тны

(лац. discretus)

перарыўны, які складаецца з асобных частак;

д-ая велічыня — велічыня, паміж асобнымі значэннямі якой заключаны толькі канечны лік іншых яе значэнняў.

дыскрэтыза́цыя

(ад лац. discretus = раздзелены)

ператварэнне неперарыўнай велічыні ў дыскрэтную.

дыскрэцы́йны

(фр. discrétionnaire, ад лац. discretio = адрозненне)

які залежыць ад асабістага меркавання;

д-ая ўлада — права службовай асобы або дзяржаўнага органа дзейнічаць паводле свайго меркавання.

дыскрэ́цыя

(лац. discretio)

вырашэнне службовай асобай або дзяржаўным органам якога-н. пытання паводле ўласнага меркавання.

дыскурсі́ўны

(с.-лац. discursivus, ад лац. discursus = меркаванне)

які робіцца шляхам лагічных вывадаў, разумовы (проціл. інтуітыўны).

дыскусі́раваць

(ад дыскусія)

тое, што і дыскуціраваць.

дыску́сія

(фр. discussion, ад лац. discussio = даследаванне, абмеркаванне)

абмеркаванне якой-н. праблемы, спрэчнага пытання на сходзе, у друку, у прыватнай размове.