Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыверса́нт

(ням. Diversant)

той, хто праводзіць дыверсію 1, займаецца дыверсіямі.

дыверсіфіка́цыя

(ад лац. diversus = розны + -фікацыя)

1) адначасовае развіццё многіх, не звязаных паміж сабой відаў вытворчасці, расшырэнне асартыменту вырабаў у маштабе дзяржавы, галіны, рэгіёна, прадпрыемства;

2) лінгв. разнастайнасць лексічнага складу ў тэксце як паказчык культуры мовы.

дыве́рсія

(ням. Diversion, ад лац. diversio = адхіленне)

1) накіраванае на паслабленне дзяржавы дзеянне падрыўнога характару з боку агентаў іншай дзяржавы або класава варожых арганізацый, што выражаецца ў вывядзенні са строю аб’екта ваеннага або гаспадарчага значэння;

2) ваенная аперацыя, якая праводзіцца, каб адцягнуць увагу праціўніка ад месца нанясення галоўнага ўдару;

3) перан. правакацыйная прапаганда сродкамі масавай інфармацыі з мэтай дэзарыентацыі насельніцтва пэўнай краіны.

дыверты́кул

(лац. diverticulum = дарога ўбок, адхіленне)

прыроджанае або набытае выпучванне сценкі полага або трубчастага органа (стрававода, кішэчніка, мачавога пузыра).

дывертысме́нт

(фр. divertissement = забава)

1) невялікі эстрадна-музычны дадатак да спектакля;

2) устаўныя танцавальныя нумары ў оперы і балеце, не звязаныя з сюжэтам;

3) лёгкая, часам віртуозная музычная п’еса тыпу папуры, варыяцыі 2.

дывідэ́нд

(лац. dividendum = тое што належыць падзяліць)

частка прыбытку акцыянернага таварыства, якая штогодна размяркоўваецца паміж акцыянерамі прапарцыянальна ўкладзенаму імі капіталу.

дыві́зар

(лац. divisor = раздзяляльнік)

аўтатрансфарматар, у якім напружанне паміж канцамі яго абмоткі дзеліцца на некалькі аднолькавых частак.

дывізіён

(фр. division, ад лац. divisio = дзяленне)

1) асноўнае тактычнае і агнявое падраздзяленне ў ракетных войсках і артылерыі сучасных армій (уключае 2—4 батарэі);

2) злучэнне аднатыпных караблёў ніжэйшых рангаў (напр. д. мінаносцаў).

дыві́зія

(лац. divisio = дзяленне)

буйное вайсковае злучэнне з некалькіх палкоў або брыгад у розных відах узброеных сіл (напр. пяхотная д, танкавая д, зенітная д).

дывізіяні́зм

(ад фр. division = раздзяленне)

тое, што і пуантылізм 1.