французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.Гофмана ў Вене (1907), А.Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр.буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.Дж.Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чандыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).
Тв.:
Рус.пер. — Планировка города. М., 1933;
Творческий путь. М., 1970;
Модулор. М., 1976;
Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.
Літ.:
Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;
Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.
В.Я.Буйвал.
Ле Карбюзье.Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРЫ́ЗМ (франц. tourisme ад tour прагулка, паездка),
падарожжа (паход, паездка) у вольны час, адзін з відаў актыўнага адпачынку; від спорту. Спалучае розныя віды рэкрэацыйнай дзейнасці (гл.Рэкрэацыя) — аздараўленне, пазнанне, узнаўленне прадукцыйных сіл чалавека і інш. Т. — састаўная ч. аховы здароўя, фіз. культуры, сродак духоўнага, культ. і сац. развіцця асобы. Паводле напрамкаў турысцкіх патокаў падзяляецца на ўнутр. (нацыянальны), у межах адной краіны, і знешні, міжнародны. У залежнасці ад мэты падарожжаў вылучаюць Т. спарт., рэкрэацыйны і пазнавальны. Адрозніваюць арганізаваны Т. — падарожжа па праграме, абумоўленай турысцкай арганізацыяй (установай) з прадастаўленнем комплексу паслуг, і неарганізаваны (самадзейны) — падарожжа паводле плана самога турыста на аснове самаабслугоўвання.
Спартыўны Т. ажыццяўляецца пешкі, на лыжах, веласіпедах, матацыклах, вёславых і ветразевых суднах і інш. Турысцкія паходы падзяляюць на 6 катэгорый складанасці. якія абумоўліваюцца даўж. маршруту, колькасцю і характарам прыродных перашкод і інш., маюць адпаведную тэхніку і тактыку пераадолення маршрутаў. Экскурсійны Т. ажыццяўляецца на аўтамабілях, цягніках, водных і паветр. суднах і інш., без актыўных форм руху. Яго сутнасць — наведванне адметных чым-небудзь месцаў, агляд культ., гіст., прыродных і інш. славутасцей. Міжнар. Т. развіваецца з сярэдзіны 19 ст., з 2-й пал. 20 ст. набыў масавы характар. Т. з’яўляецца самастойнай галіной эканомікі большасці краін свету ў невытв. сферы, прадпрыемствы і арг-цыі якой задавальняюць патрэбы турыстаў у матэрыяльных і нематэрыяльных паслугах. Прадукцыя Т. — комплексная паслуга (т.зв. тур), якая ўключае ў якасці ўзаемазвязаных элементаў паслугі транспарту, гасцінічнай гаспадаркі, гандлю, у т. л. харчаванне, экскурсійных, культурна-відовішчных, спарт., лячэбна-аздараўленчых, быт. і інш. устаноў і прадпрыемстваў. Адрозненні у мэтах падарожжаў і спосабах іх арганізацыі абумоўліваюць існаванне розных па функцыях прадпрыемстваў (гасцініцы. турысцкія базы, матэлі, пансіянаты і інш.) і спецыялізацыю турысцкіх устаноў, якія ўлічваюць у праграмах абслугоўвання асаблівасці відаў Т., спосабы арганізацыі падарожжаў, узроставыя, прафесійныя і інш. асаблівасці кліентуры. У эканоміцы многіх краін, асабліва Еўропы і Афрыкі, Т. займае адно з вядучых месцаў. Т. садзейнічае мэтам аховы прыроды, з’яўляецца экалагічна эфектыўнай галіной эканомікі.
На Беларусі турысцкі рух пачаў фарміравацца ў 1920-я г. Аматарскі Т. актывізаваўся з канца 1950-х г. Першы злёт турыстаў адбыўся ў 1959 (пас. Зялёнае Мінскага р-на). З 1964 праводзяцца спаборніцтвы па асобных відах Т. (арыентаванне на мясцовасці, пешаходны, водны, лыжны, веласіпедны, аўтамотатурызм, спелеатурызм і інш.). Створаны і працуюць рэсп. і абл. турысцкія арг-цыі, турысцкія клубы і фірмы, якія займаюцца арганізацыяй Т. і адпачынку. Распрацаваны туры і маршруты падарожжаў па Беларусі і ў інш. краіны. Напр., у 2000 Беларусь наведалі 48 тыс. замежных турыстаў; беларусы зрабілі каля 1,2 млн. паездак у інш. краіны. У рэспубліцы функцыянуе каля 250 гасцініц, турысцкіх баз, матэляў і інш. з агульнай умяшчальнасцю каля 26 тыс. месцаў (2000). У сістэме адукацыі дзіцяча-юнацкі Т. развіваецца з 1920—30-х г. З канца 1940 — пач. 1950-х г. працуюць Рэсп. і абл. станцыі юных турыстаў. Першы рэсп. турысцкі злёт (паход) вучняў адбыўся ў 1957. З 1992 штогод праводзяцца спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагабор’і ў асобных відах турызму, з 1999 — турысцкія злёты сярод розных катэгорый вучняў і студэнтаў. Выдаюцца час. «Падарожнік», газ. «Туризм и отдых». Сярод арганізатараў і ветэранаў турысцкага руху — П.Н.Багданаў, М.З.Гальчун, У.І.Ганапольскі, Ю.М.Кокараў, Ф.В.Наркевіч, Г.А.Новікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці па мех. і хім.-мех. апрацоўцы драўніны. Уключае 3 гал. групы вытв-сці: лесапільную; клееных матэрыялаў і пліт; вырабаў з драўніны. Асн. сыравінай для лесапільнай вытворчасці служаць бярвёны; асн. прадукцыя — піламатэрыялы, дадатковая — тэхнал. трэскі, якія атрымліваюць здрабненнем кавалкавых адходаў. Асн. сыравінай клееных матэрыялаў і пліт служаць лясныя сартыменты, драўнінныя адходы і кляі; прадукцыя — клееныя паўфабрыкаты і вырабы (фанера, фанерныя пліты, клееныя буд. канструкцыі, драўнянаслаістыя пластыкі, драўнянастружкавыя і драўнянавалакністыя пліты і інш.). Для вырабаў з драўніны зыходная сыравіна — драўніна і драўнінныя матэрыялы, пластмасы, металы, шкло, тканіны, кляі, лакі і інш.; прадукцыя — сталярна-буд. вырабы, драўняныя дамы, мэбля, муз. інструменты, тара, спарт. інвентар, гасп. тавары, сувеніры, абсталяванне сродкаў транспарту і інш.
У Рас. імперыі Д.д. узнікла ў саматужнай і рамеснай форме ў пач. 18 ст. Інтэнсіўна развіваецца з 2-й пал. 19 ст.Удз. в. Беларусі ў агульным аб’ёме Д.д. Расіі ў 1913 складала 6,5%. Пераважала лесапілаванне (59,1% валавой прадукцыі). Лясная сыравіна і паўфабрыкаты ішлі ў асноўным за мяжу. Працавалі: Бабруйскі, Гомельскі і Мазырскі лесапільныя з-ды, запалкавыя і фанерныя прадпрыемствы ў Пінску, Барысаве, Гомелі і інш.
У СССР развіццё Д.п. было звязана з ростам капітальнага буд-ва, машынабудавання, вытв-сці тавараў шырокага ўжытку. У 1920—30-я г. працавалі: дрэваапр.з-д у Мінску, Гомельскія лесакамбінат (на базе лесапільных з-даў) і дрэваапр. камбінат, Бабруйскі лесакамбінат і Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Віцебскі фанерны з-д і інш. Да Айч. вайны ў Беларусі былі 3 дрэваапр. камбінаты, 26 леса- і 16 фанерных з-даў, 5 мэблевых, 4 запалкавыя ф-кі. Аб’ём выпуску прадукцыі ў 1940 больш як у 6,5 раза перавышаў узровень 1913. Выпуск клеенай фанеры склаў 34,8%, запалак — 28,6% агульнасаюзнага аб’ёму. Пасля вайны побач з адноўленымі пабудаваны новыя прадпрыемствы Д.п. Маючы 0,7% лясоў СССР, у канцы 1980-х г. Беларусь выпускала 10,6% фанеры, каля 8% драўнянавалакністых і 7% драўнянастружкавых пліт, 6% мэблі, 3,4% паперы ад усесаюзнага аб’ёму.
Найбольшымі і тэхнічна развітымі прадпрыемствамі з’яўляюцца Бабруйская мэблевая фабрыка, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мазырская мэблевая фабрыка, «Мінскпраектмэбля», Пінская дрэваапрацоўча-фанерная фабрыка, «Івацэвічдрэў», Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, «Рэчыцадрэў» і інш., якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперапрам». У 1991—95 аб’ёмы выпуску прадукцыі паступова зніжаліся. Яе стабілізацыя пачалася з 2-й пал. 1990-х г. Да гэтага часу створана больш за 100 малых і сумесных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, пераважна мэблевых; дзейнічаюць таксама прадпрыемствы ў сістэме лясной гаспадаркі, мясц. прам-сці, быт. абслугоўвання насельніцтва, буд-ва, с.-г. прадпрыемстваў і інш. Каля 70% усёй прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам». Значная частка ідзе на экспарт, пераважна ў Расію.
Д.п. шырока развіта ў многіх краінах свету, у т. л. ў ЗША, Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Канадзе, з якіх шмат прадукцыі экспартуецца. Высокаразвітая Д.п. Германіі і Японіі ў асноўным працуе на прывазной сыравіне. Высокі ўзровень Д.п. ў Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Швейцарыі, Даніі, Бельгіі, Славеніі і інш., якія таксама імпартуюць сыравіну і паўфабрыкаты. Д.п. развіваецца ў Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Балгарыі, краінах Прыбалтыкі. З краін СНД найб. развітая ў Расіі, якая мае вял. запасы драўніны і забяспечвае ляснымі рэсурсамі многія краіны свету, на Украіне.
Тэхн. прагрэс у Д.п. цесна звязаны з н.-д. дзейнасцю, вывучэннем яе фізіка-мех. уласцівасцей, распрацоўкай новых матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання, канструяваннем мэблі і інш. вырабаў. Гэтыя работы выконваюцца ў Бел.дзярж.тэхнал. ун-це, НВА «Мінскпраектмэбля», буйнейшымі дрэваапр. аб’яднаннямі.
Літ.:
Экономика Советской Белоруссии, 1917—1967. Мн., 1967;
Барташевич А.А., Богомазов В.В. Технология изделий из древесины. Мн., 1995;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс.км². Нас. 6517 тыс.чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс.чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г.Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.
Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскае ўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд.ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.
Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд.кВт∙гадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім.прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл.с.-г. угоддзяў 1880 тыс.га, у т. л. пад ворывам 1504 тыс.га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля 3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмітраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА,
тэхнічныя сродкі для папярэджання, абмежавання або тушэння пажару, ратавання людзей, матэрыяльных каштоўнасцей і прыродных аб’ектаў. Асн. П.т. — пажарныя машыны: пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, танкі, мотапомпы і інш. Да П.т. адносяцца таксама пажарныя драбіны, пажарная аўтаматыка (у т. л. сістэмы пажарнай сігналізацыі), сродкі проціпажарнага водазабеспячэння, процідымнай аховы і экстраннага абвяшчэння, першасныя сродкі пажаратушэння, пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнае абсталяванне.
Пажарныя паязды прызначаны тушыць пажары паблізу чыг. палатна і на рухомым саставе чыг.транспарту. Складаюцца з вагонаў, у якіх размешчаны помпавая станцыя, спец. і пажарна-тэхн. абсталяванне, бокс для пажарных аўтамабіляў, ёмістасці для пенаўтваральніка, чыг. цыстэрны з вадой. Пажарныя судны (цеплаходы, катэры і інш.) тушаць пажары на плаўсродках і ў прыбярэжнай зоне. Яны абсталяваны помпамі, якія нагнятаюць ваду (да 1000 м³/гадз) у рукаўныя лініі ці лафетныя ствалы (брандспойты); маюць запас пенаўтваральніка для тушэння суднаў і нафтапрадуктаў. Пажарныя самалёты (Ан-2, Ан-12, Ан-24, Іл-76, Як-12) і верталёты (Мі-4, Мі-6, Мі-8, Ка-26) прызначаны для авіяпатрулявання, дастаўкі да месца пажару ў аддаленых і цяжкадаступных раёнах людзей, тэхнікі і вогнетушыльных рэчываў. Маюць сістэмы забору вады ў палёце (да 10 т), могуць перавозіць бульдозеры. аўтацыстэрны і інш., распыляць аэразольныя рэагенты, якія ствараюць штучны заліўны дождж. Пажарныя танкі выкарыстоўваюць для тушэння пажараў і ліквідацыі аварый на пажаравыбухованебяспечных аб’ектах, базах і складах боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. На іх устанаўліваюць ёмістасці для вогнетушыльных рэчываў, пажарна-тэхн. абсталяванне, сістэмы жыццезабеспячэння для работы ў непрыдатным для дыхання асяроддзі. Мотапомпы (пераносныя і прычапныя) служаць для тушэння лясных пажараў, падачы вады на верхнія паверхі вышынных будынкаў, запаўнення пажарных ёмістасцей; уваходзяць у камплект пажарных паяздоў і аўтамабіляў хуткага рэагавання. Складаюцца з цэнтрабежнай помпы і рухавіка ўнутр. згарання.
Стварэнне П.т. распачата ў глыбокай старажытнасці. Грэч. механік з Александрыі Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.) вынайшаў пажарную помпу (поршневую 2-цыліндравую), якая «выкідвала ваду наверх». Падобную ручную помпу пабудаваў у 16 ст. А.Платнер (Германія), яна давала струмень да 8 м. У 1672 у Амстэрдаме Я. ван дэр Гейдэ вынайшаў выкідны рукаў, што зрабіла помпу гал. сродкам тушэння пажару. Арыгінальную канструкцыю пажарнай помпы прапанаваў у 1739 рус. вынаходнік А.К.Нартаў. У 1829 у Лондане з’явілася паравая пажарная машына, з 1862 паравыя пажарныя помпы пачалі выкарыстоўваць у Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. у Германіі, потым у інш. краінах пачалі выкарыстоўвацца аўтамабілі, абсталяваныя мех. помпамі, пажарныя драбіны. З 1920-х г. пачалося развіццё П.т. ў СССР: першыя пажарныя машыны выпушчаны ў 1925 у С.-Пецярбургу, пазней наладжаны выпуск пенаўтваральнікаў, тэхнікі тушэння газавых і нафтавых фантанаў і інш.
На Беларусі выкарыстанне простай П.т. вядома з 13 ст. Прафесійная пажарная каманда створана ў 1853 у Мінску; яна мела ручныя помпы, скураныя і пяньковыя рукавы, брандспойты і інш. У наш час аснову тэхн. сродкаў пажарнай аховы складаюць пажарныя аўтамабілі і мотапомпы.
Літ.:
Машины и аппараты пожаротушения. М., 1972;
Шувалов М.Г. Основы пожарного дела. 3 изд. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМО́РСКІ КРАЙ.
Размешчаны на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утвораны 20.10.1938. Мяжуе на З з Кітаем, на ПдЗ з КНДР; абмываецца Японскім м. Буйны заліў — Пятра Вялікага падзелены на шэраг невял. заліваў (Пасьета, Славянскі, Амурскі, Усурыйскі, Находка, Вольгі, Рында, Усход, Уладзіміра). У складзе П.к. астравы: Рускі, Папова, Пуцяціна, Рэйнеке, Рыкарда, Рымскага-Корсакава, Аскольд, Пятрова і інш.Пл. 165,9 тыс.км². Нас 2173 тыс.чал. (2000), гарадскога 78%. Сярэдняя шчыльн. 13,2 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,9%), украінцы (8,2%), беларусы (1%), нанайцы, удэгейцы, орачы, арокі, ульчы, эвены, эвенкі, негідальцы. Цэнтр — г.Уладзівасток. Найб. гарады; Находка, Усурыйск, Арцём, Вялікі Камень, Арсеньеў, Партызанск, Спаск-Дальні, Дальнягорск, Дальнярэчанск.
Прырода. Большая ч.тэр. занята гарамі Сіхатэ-Алінь (выш. да 1855 м, г. Воблачная), на З — адгор’і Усх.-Маньчжурскіх гор. На ПдЗ Усурыйская і Прыханкайская нізіны. Карысныя выкапні: поліметал. руды, волава, вальфрам, свінец, цынк, медзь, серабро, золата, бор, флюарыт, рэдказямельныя элементы, тытан, вісмут, жалеза, марганец, буры і каменны вуглі (запасы 2647 млн.т). Больш за 200 радовішчаў няруднай сыравіны, каля 100 крыніц мінер. вод. Клімат мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -17 °C да -27 °C, ліп. 14—21 °C. Гадавая колькасць ападкаў 600—900 мм. Частыя тайфуны. Гал. рака — Усуры з прытокамі Вял. Усурка, Бікін і інш.Найб.воз. Ханка. Глебы бурыя і шэрыя лясныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 75% тэр., запасы драўніны 1769 млн.м³. На Пд пашыраны хваёва-шыракалістыя лясы маньчжурскага тыпу (карэйскі кедр, прыморская піхта, маньчжурскі арэх, коркавае дрэва, мангольскі дуб), вінаград, лімоннік і інш.; на Пн хваёва-шыракалістыя лясы ў сумесі з ахоцкай флорай. Жывёльны свет прадстаўлены паляўніча-прамысл. (лось, ізюбр, казуля, дзік, кабарга, вавёрка, норка, выдра, собаль, гарнастай і інш.) і рэдкімі відамі (усурыйскі тыгр, леапард, чырвоны воўк, усурыйскі плямісты алень і інш.). Ва ўзбярэжных водах каля 700 відаў жывёл і мноства відаў водарасцей і траў. Запаведнікі (Сіхатэ-Алінскі, Лазоўскі, Усурыйскі, Кедравая Падзь, Ханкайскі, Далёкаўсходні марскі) і нац. паркі (Верхнеусурыйскі, Кема-Амгінскі, Сярэднеусурыйскі).
Гаспадарка. П.к. найб. развіты ў прамысл. адносінах раён Д. Усходу. На долю прам-сці прыпадае 29,3% кошту ўсёй прадукцыі, сельскай гаспадаркі — 4%, транспарту — 15,7%. Гал. галіны прам-сці: харч. (46,4% прамысл. прадукцыі), машынабудаванне, лясная і дрэваапрацоўчая. У харч. прам-сці вылучаецца рыбная. У 1998 улоў рыбы і морапрадуктаў 1,4 млн.т. (15% улову Расіі). Асн.прамысл. рыбы: кета, гарбуша, селядзец, камбала, тунец, сайра, скумбрыя, палтус, марскі акунь. Перапрацоўка рыбы ў Находцы і Уладзівастоку і на плывучых рыбаперапр. з-дах. Цукр., мясная, кандытарская, піваварная, алейнатлушчавая прам-сць. Машынабудаванне (вытв-сць рыбалоўных суднаў і суднавых механізмаў, інструментаў, станкоў, лёгкіх верталётаў) у Находцы, Уладзівастоку, Арсеньеве. Дрэваапрацоўка. З энергарэсурсаў здабываюць пераважна буры вугаль (9,4 млн.т, 1998). Вытв-сць электраэнергіі 7,9 млрд.кВт∙гадз. (1998). Арцёмаўская, Прыморская, Партызанская, Лучагорская ДРЭС, Усурыйская ЦЭЦ. Гарнарудная прам-сць і каляровая металургія прадстаўлены здабычай поліметал. руд, іх абагачэннем і металургічнай пераробкай. Вытв-сць алавяных рудаканцэнтратаў, вальфраму, свінцу і свінцова-цынкавага канцэнтрату. Адзіны ў краіне горнахім. камбінат «Бор» (Дальнягорск) дае 90% борных вырабаў Расіі. На базе радовішча плавікавага шпату працуе Яраслаўскі горнаабагачальны камбінат. Развіта лёгкая прам-сць, буд. матэрыялаў, вытв-сцьмуз. інструментаў. На тэр. П.к. дзейнічаюць свабодныя эканам. зоны «Находка» і «Туманган» (частка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і тэхн. культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад пасяўнымі пл. 490 тыс.га (1998). Сеюць авёс, ячмень, пшаніцу, рыс, сою. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Зверагадоўля (норка, серабрыста-чорная лісіца), аленегадоўля (плямісты алень). Пчалярства. Здабыча пушніны, збор дзікарослых лекавых раслін, у т. л. жэньшэню. Найб. парты — Уладзівасток, Находка. Даўж. чыгунак 1560 км (гал. чыгунка — Транссібірская магістраль), аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6970 км, у т. л. Хабараўск — Уладзівасток. Курорты Садгорад, Шмакаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́НСПАРТНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва, якая ажыццяўляе будаванне і рэканструкцыю аб’ектаў чыг., аўтамаб., воднага, паветр., трубаправоднага транспарту; уключае буд-ва земляных палотнаў чыгунак і аўтадарог, верхняй будовы дарог, пуцеправодаў, установак электрыфікацыі, аўтаматыкі і тэлемеханікі чыгункі, дарожных і аэрадромных пакрыццяў, мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў, прычалаў рачных партоў, каналаў, магістральных нафта- і газаправодаў, вакзалаў, дэпо, службова-тэхн. і інш.трансп. будынкаў.
На Беларусі вядзецца з канца 18 — пач. 19 ст., калі былі пабудаваны Агінскі канал (1783), Бярэзінская водная сістэма (1805), Аўгустоўскі канал (1839), Дняпроўска-Бугскі канал (1848). Да 1913 пракладзена значная працягласць чыг. і гужавых дарог, будаваліся вакзалы, рачныя прычалы. Працягласць чыгункі ў 1913 складала 3,81 тыс.км, у т. л.чыг. магістралі Смаленск—Мінск—Брэст (1871), Бранск—Брэст (1887), Роўна—Вільня (1885) і інш. Пабудаваны вакзалы: Віленскі ў Мінску (1874), Віцебскі і Гродзенскі (1866—67), Брэсцкі (1886) і інш. Працягласць аўтадарог да 1913 складала 3,5 тыс.км. Да Вял.Айч. вайны ў БССР пабудавана больш як 1000 кмчыг. ліній, у т. л. Асіповічы—Магілёў—Крычаў—Шасцёраўка—Орша—Лепель, Навабеліца—Чарнігаў; рэканструяваны чыг. вузлы: Орша, Віцебск, Полацк, Гомель, Жлобін і інш., а таксама Баранавічы і Ліда. У 1939—40 перабудаваны чыг. лініі зах. абласцей на адзіную ў СССР каляю. Будаваліся новыя чыг. вакзалы, дэпо, Гомельскі рачны порт, Сожская шлюзавая сістэма ў г. Крычаў, прыстані ў Жлобіне (на Дняпры), Пхове (на Прыпяці), Чэпіне (на Зах. Дзвіне) і інш. У 1933 адкрыты Мінскі аэравакзал. У 1930-я г. пабудаваны шашэйныя дарогі працягласцю 1236 км, у т. л. Мінск—Магілёў і Мінск—Орша. У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі разбурана больш за 2 тыс.кмчыг. ліній, большасць чыг. і аўтамаб. мастоў, 50% чыг. вакзалаў і г.д. У пасляваен. гады старыя трансп. аб’екты адноўлены і рэканструяваны, пабудавана шмат новых вакзалаў, у т. л. ў Баранавічах (1947), Гродне і Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953), Брэсце (1956) і інш. Сучасная (2001) сетка чыг. ліній Рэспублікі Беларусь складае 5,5 тыс.км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Першы электрыфікаваны ўчастак чыгункі Мінск—Аляхновічы дзейнічае з 1963. У 1989 электрыфікавана ўся лінія Брэст—Масква. У 2000 уведзена першая чарга новага будынка вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі. На 1.1.2001 працягласць аўтадарог агульнага карыстання складала 74,4 тыс.км, у т. л. 66,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. На дарогах пабудавана 4245 мастоў і пуцеправодаў агульнай працягласцю больш за 160 км. Самы доўгі мост на Беларусі (929 м) пабудаваны ў 1991 цераз Прыпяць каля Мазыра. У 2002 заканчваецца рэканструкцыя шасціпалоснай Мінскай кальцавой аўтамаб. дарогі (56,4 км), на якой пабудаваны 34 масты і пуцеправоды агульнай працягласцю больш за 2 км. Па тэр. Беларусі праходзяць аўтамагістраліміжнар. значэння: Масква—Брэст, С.-Пецярбург—Адэса, Мінск—Вільнюс і інш. Пабудавана больш за 100 аўтастанцый, каля 40 аўтавакзалаў, у т. л. буйнейшыя — Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983) і Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (1999). Пабудаваны аэравакзалы ў Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Магілёве (1971), Гомелі (1976) і інш. Нацыянальны аэрапорт Мінск (1-я чарга ў 1993) і Брэсцкі аэравакзал (1986) адпавядаюць стандартам міжнар. класа. У 1984 здадзены ў эксплуатацыю першы ўчастак 1-й лініі Мінскага метрапалітэна. На 1.1.2002 працягласць дзвюх ліній метрапалітэна складае 23,7 км. На іх размешчаны 20 станцый і адзін перасадачны вузел. З 1960 на Беларусі развіваецца трубаправодны транспарт. На 1.1.2001 агульная працягласць магістральных газа-, нафта- і прадуктаправодаў складае больш за 10 тыс.км. Адначасова з буд-вам трубаправодаў будаваліся кампрэсарныя станцыі, газаразмеркавальныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, нафтаперапамповачныя станцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАПАЛІТЭ́Н (франц. métropolilain ад грэч. metropolis галоўны горад, сталіца),
метро, від рэйкавага электрычнага пасаж.транспарту. У вял. гарадах з насычаным вулічным рухам пракладваецца пад зямлёй (у тунэлях), часам на паверхні і на эстакадах. Вызначаецца вял. правознай здольнасцю (да 60 тыс. пасажыраў за гадзіну ў адным напрамку), высокай эксплуатацыйнай скорасцю (да 100 км/гадз, з улікам прыпынкаў да 45—48 км/гадз), рэгулярнасцю руху.
Асн. збудаванні і абсталяванне М.: станцыі (калоннага або пілоннага тыпаў, а таксама аднаскляпеністыя), якія ўключаюць пасаж. платформы, падземныя або надземныя вестыбюлі, пераходы, перасадачныя вузлы, эскалатары (часам пад’ёмнікі ліфтавага тыпу ўмяшчальнасцю да 130 чал.); перагонныя тунэлі неглыбокага (да 15 м ад паверхні зямлі) і глыбокага (да 30—35 м) залажэння з рэйкавымі пуцямі (у М. краін СНД шырынёй 1520 мм); рухомы састаў (поезд з 3—8 вагонаў умяшчальнасцю да 270 пасажыраў кожны); кабельная і кантактная сетка з цягавымі і паніжальнымі трансфарматарнымі падстанцыямі; вентыляцыйныя, дрэнажныя і асвятляльныя прыстасаванні; дэпо і інш. Паязды прыводзяцца ў рух электрарухавікамі пастаяннага току, якія сілкуюцца праз слізгальныя токапрыёмнікі з кантактных рэек (напружанне ў кантактнай сетцы ад 600 да 1500 В, у М. краін СНД — 825 В). Будуюць М. закрытым і адкрытым спосабамі. Пры закрытым спосабе праходка тунэляў робіцца горным або шчытавым метадам; пры адкрытым распрацоўваецца катлаван, у якім робяць тунэль са зборных жалезабетонных або метал. элементаў (цюбінгаў), маналітнага бетону і жалезабетону. Выкарыстоўваюць спец. спосабы вядзення работ: штучнае замарожванне грунтоў, водапаніжэнне, метад «сцяна ў грунце» і інш. Каб у М. не трапляла вада, робяцца неабходная гідраізаляцыя і водаадвод.
У замежнай практыцы буд-ваМ., за рэдкім выключэннем (напр., афармленне ўваходаў у парыжскі М. у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар), пераважае утылітарны падыход да арх. вырашэння. З 2-й пал. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць новыя канструкцыі, буд. і аддзелачныя матэрыялы, сродкі рэкламы і візуальнай інфармацыі, станцыі набылі маст. афармленне. У б.сав. гарадах М. ствараўся як прасторава працяглы арх. комплекс манум. збудаванняў вял. грамадскай значнасці. Архітэктары імкнуліся стварыць камфартабельныя ўмовы для пасажыраў, надаць кожнай станцыі індывід. аблічча. У афармленні станцый і наземных вестыбюляў М. (часта тэматычным) выкарыстоўвалі мазаіку, жывапіс, скульптуру, дэкар.-прыкладное мастацтва. У 1950—60-я г. ў буд-ве М. ўкаранялася уніфікацыя аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў і канструкцый; індывідуалізацыя дасягалася разнастайнасцю матэрыялаў, іх колеру і фактуры, розных сістэм асвятлення. У 1970—90-я г. на новай канструктыўнай аснове працягваюцца лепшыя традыцыі тэматычнага і маст. афармлення станцый М., пашыраны сінтэз мастацтваў.
Першы М. (3,6 км) пабудаваны ў Лондане (1863), потым у Нью-Йорку (1868), Будапешце (1896), Вене (1898), Парыжы (1900), Берліне (1902), Буэнас-Айрэсе (1913), Мадрыдзе (1919), Токіо (1927) і інш. Першая лінія Маскоўскага М. пачала дзейнічаць у 1935. Пабудаваны і дзейнічаюць М. у Санкт-Пецярбургу (з 1955), Кіеве (з 1960), Тбілісі (з 1966), Баку (з 1967), Харкаве (з 1972), Ташкенце (з 1977), Ерэване (з 1981), Мінску (з 1984; гл.Мінскі метрапалітэн), Ніжнім Ноўгарадзе (з 1985), Новасібірску (з 1985), Самары (з 1987) і інш.Найб. працяглы (больш за 400 км) М. у Нью-Йорку (40 ліній; 490 станцый), самы заглыблены (больш за 100 м) — у Пхеньяне. М. маюць каля 50 гарадоў у больш чым 30 краінах.
Літ.:
Лиманов Ю.А. Метрополитены. 2 изд. М., 1971;
Тоннели и метрополитены. М., 1989.
С.Л.Сергачоў (архітэктура), В.А.Ярмоленка.
Метрапалітэн: а — станцыя пілоннага тыпу з абліцоўкай жалезабетоннымі цюбінгамі; б — станцыя калоннага тыпу з павялічаным пралётам сярэдняй залы; в — схема электрасілкавання кантактавай рэйкі (1 — кабелі сілкавання трэцяй рэйкі, 2 — цягавая падстанцыя, 3 — зваротны кабель ад хадавых рэек, 4 — сілавыя кабелі, 5 — трэцяя рэйка, 6 — хадавая рэйка).Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Камсамольская-кальцавая» ў Маскве. 1952. Арх. А.Шчусеў і інш.Да арт.Метрапалітэн. Станцыя «Плошча Якуба Коласа» ў Мінску. 1984. Арх. М.Пірагоў, А.Зензін, маст. В.Чурыла, С.Сакалоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРБАНІЗА́ЦЫЯ (франц. urbanisation ад лац. urbanus гарадскі),
гістарычны працэс павышэння ролі гарадоў, гар. ладу жыцця і гарадской культуры ў развіцці грамадства. Звязана з прасторавай канцэнтрацыяй Дзейнасці ў нешматлікіх цэнтрах і арэалах пераважнага сац.-эканам. развіцця. У вузкім паняцці У. — рост гарадоў (асабліва вял.), павелічэнне ролі гар. насельніцтва. Перадумовы У. — развіццё індустрыі, культ. і паліт. функцый гарадоў, паглыбленне тэр. падзелу працы. Для У. характэрны канцэнтрацыя, інтэнсіфікацыя і дыферэнцыяцыя гар. відаў дзейнасці; пашырэнне гар. ладу жыцця (з асаблівай структурай зносін, культурай, сістэмай каштоўнасных арыентацый і інш.); пашырэнне інфарм. вытв-сці, паскораны рост непрамысл. сферы дзейнасці; фарміраванне высокаразвітой вытв. інфраструктуры; развіццё буйных гарадскіх агламерацый і інш. складаных форм рассялення, таксама прыток у гарады сельскага насельніцтва і ўзрастаючая маятнікавая міграцыя насельніцтва з сельскага наваколля і дробных гарадоў у буйныя (на працу, па мед., быт. і культ. патрэбнасцях).
Гарады з’явіліся ў эпоху пераходу ад першабытнаабшчыннага да рабаўладальніцкага ладу ў сувязі з грамадскім падзелам працы, аддзяленнем рамяства ад земляробства на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер) — 4—2-га тыс. да н.э., у Егіпце, Іране, Індыі, Сярэдняй Азіі, Кітаі, у дакалумбавай Амерыцы, Мексіцы і Перу. У гарадах сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння фарміраваліся элементы капіталіст. спосабу вытв-сці і еўрап. культуры. У 19 ст. ў выніку росту прам-сці і інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, развіцця сродкаў транспарту і сувязі, медыцыны і інш. хутка развіваліся і раслі гарады, працэс У. паскорыўся. У 1800 доля гарадскога насельніцтва складала 3%, у 1850 — 6,4%, 1900 — 19,6%, 1970 — 37,4%, 1980 — 41,1%, 2000 — 45%. З 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з паскораным тэмпам росту гар. насельніцтва пачалася т.зв. «гарадская рэвалюцыя». Працэс У. ў свеце мае 3 стадыі. 1-я стадыя — перыяд буйной прамысл. вытв-сці, канцэнтрацыя насельніцтва з хуткім яго ростам у гарадах, масавы адток сельскага насельніцтва ў гарады. Эканамічна развітыя краіны прайшлі гэту стадыю, цяпер яна найб. ярка выражана ў дзяржавах, якія развіваюцца. 2-я стадыя (субурбанізацыя) — працэс росту і развіцця прыгараднай зоны буйных гарадоў, фарміравання гар. агламерацый; характарызуецца больш высокімі тэмпамі росту насельніцтва прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. У развітых краінах адбываецца суперурбанізацыя (тэндэнцыя да павелічэння колькасці паверхаў гар. будынкаў) і гіперурбанізацыя (бескантрольнае развіццё гар. паселішчаў, перагрузка прыроднага ландшафту з парушэннем экалагічнай раўнавагі і паяўленне мегалопалісаў і мегасіці (гарады з насельніцтвам больш за 10 млн.чал.). Доля вял. гарадоў у свеце ў 20 ст. павялічылася з 1,7% да 33%. У канцы 20 ст. іх налічваецца 330 (больш за 15% насельніцтва свету і 30% усіх гараджан). 3-я стадыя характарызуецца зніжэннем колькасці агламерацый. што ўласціва для краін постіндустрыяльнага развіцця. Паводле сукупнасці фактараў у асобных краінах вылучаюць тыпы У.: індустрыяльны; комплексны (на аснове інтэграцыі функцый); несапраўдны (неадпаведнасць тэмпаў росту гар. насельніцтва маштабам развіцця эканам. базы гарадоў) і сервісны. Прасторавыя варыянты У. — метрапалізацыя (працэс сканцэнтраваны ў адзіным цэнтры краіны — метраполісе, у большасці выпадкаў у сталіцы); рэгіяналізацыя (сканцэнтравана ў рэгіянальных цэнтрах — рэгіяполісах); мегалопалізацыя (ахоплівае некалькі суседніх гарадоў, урбанізуюцца паміж імі тэрыторыі, цэнтры зрастаюцца ў адзіны урбанізаваны арэал — мегалопаліс). Прасторавая дыферэнцыяцыя працэсу У. вельмі вялікая. Асн. рэгіёны У.: ЗША, Зах. Еўропа, Японія, Усх. і Паўд. Азія, Лац. Амерыка. Доля гар. насельніцтва Паўн. Амерыкі складае 78% (Канада — 79, ЗША — 77); Еўропы — 74 (Бельгія — 97, Вялікабрытанія — 90, Германія — 88, Францыя — 76, Італія — 67, Партугалія — 66); Лац. Амерыкі — 76 (Венесуэла — 87, Уругвай — 92, Бразілія — 82, Калумбія — 76, Мексіка — 75, Гаіці — 36); Азіі — 38% (Сінгапур — 100, Кувейт — 96, Ізраіль — 92, Японія — 79, Інданезія — 42, Кітай — 37, Індыя — 28, Бутан — 7). Развіццё сельскіх паселішчаў у выніку ўкаранення некат. гарадскіх форм і ўмоў жыцця спрыяла ўзнікненню сельскай У. — рурурбанізацыі, аграпалізацыі, пашыраных у Індыі, Інданезіі. На Беларусі 109 гарадоў і 104 пасёлкі гар. тыпу. З 1970-х г. адзначаецца паскораны рост гар. насельніцтва з 43,3% да 70,2% (2001).