УРБАНІЗА́ЦЫЯ (франц. urbanisation ад лац. urbanus гарадскі),

гістарычны працэс павышэння ролі гарадоў, гар. ладу жыцця і гарадской культуры ў развіцці грамадства. Звязана з прасторавай канцэнтрацыяй Дзейнасці ў нешматлікіх цэнтрах і арэалах пераважнага сац.-эканам. развіцця. У вузкім паняцці У. — рост гарадоў (асабліва вял.), павелічэнне ролі гар. насельніцтва. Перадумовы У. — развіццё індустрыі, культ. і паліт. функцый гарадоў, паглыбленне тэр. падзелу працы. Для У. характэрны канцэнтрацыя, інтэнсіфікацыя і дыферэнцыяцыя гар. відаў дзейнасці; пашырэнне гар. ладу жыцця (з асаблівай структурай зносін, культурай, сістэмай каштоўнасных арыентацый і інш.); пашырэнне інфарм. вытв-сці, паскораны рост непрамысл. сферы дзейнасці; фарміраванне высокаразвітой вытв. інфраструктуры; развіццё буйных гарадскіх агламерацый і інш. складаных форм рассялення, таксама прыток у гарады сельскага насельніцтва і ўзрастаючая маятнікавая міграцыя насельніцтва з сельскага наваколля і дробных гарадоў у буйныя (на працу, па мед., быт. і культ. патрэбнасцях).

Гарады з’явіліся ў эпоху пераходу ад першабытнаабшчыннага да рабаўладальніцкага ладу ў сувязі з грамадскім падзелам працы, аддзяленнем рамяства ад земляробства на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер) — 4—2-га тыс. да н.э., у Егіпце, Іране, Індыі, Сярэдняй Азіі, Кітаі, у дакалумбавай Амерыцы, Мексіцы і Перу. У гарадах сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння фарміраваліся элементы капіталіст. спосабу вытв-сці і еўрап. культуры. У 19 ст. ў выніку росту прам-сці і інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, развіцця сродкаў транспарту і сувязі, медыцыны і інш. хутка развіваліся і раслі гарады, працэс У. паскорыўся. У 1800 доля гарадскога насельніцтва складала 3%, у 1850 — 6,4%, 1900 — 19,6%, 1970 — 37,4%, 1980 — 41,1%, 2000 — 45%. З 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з паскораным тэмпам росту гар. насельніцтва пачалася т.зв. «гарадская рэвалюцыя». Працэс У. ў свеце мае 3 стадыі. 1-я стадыя — перыяд буйной прамысл. вытв-сці, канцэнтрацыя насельніцтва з хуткім яго ростам у гарадах, масавы адток сельскага насельніцтва ў гарады. Эканамічна развітыя краіны прайшлі гэту стадыю, цяпер яна найб. ярка выражана ў дзяржавах, якія развіваюцца. 2-я стадыя (субурбанізацыя) — працэс росту і развіцця прыгараднай зоны буйных гарадоў, фарміравання гар. агламерацый; характарызуецца больш высокімі тэмпамі росту насельніцтва прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. У развітых краінах адбываецца суперурбанізацыя (тэндэнцыя да павелічэння колькасці паверхаў гар. будынкаў) і гіперурбанізацыя (бескантрольнае развіццё гар. паселішчаў, перагрузка прыроднага ландшафту з парушэннем экалагічнай раўнавагі і паяўленне мегалопалісаў і мегасіці (гарады з насельніцтвам больш за 10 млн. чал.). Доля вял. гарадоў у свеце ў 20 ст. павялічылася з 1,7% да 33%. У канцы 20 ст. іх налічваецца 330 (больш за 15% насельніцтва свету і 30% усіх гараджан). 3-я стадыя характарызуецца зніжэннем колькасці агламерацый. што ўласціва для краін постіндустрыяльнага развіцця. Паводле сукупнасці фактараў у асобных краінах вылучаюць тыпы У.: індустрыяльны; комплексны (на аснове інтэграцыі функцый); несапраўдны (неадпаведнасць тэмпаў росту гар. насельніцтва маштабам развіцця эканам. базы гарадоў) і сервісны. Прасторавыя варыянты У. — метрапалізацыя (працэс сканцэнтраваны ў адзіным цэнтры краіны — метраполісе, у большасці выпадкаў у сталіцы); рэгіяналізацыя (сканцэнтравана ў рэгіянальных цэнтрах — рэгіяполісах); мегалопалізацыя (ахоплівае некалькі суседніх гарадоў, урбанізуюцца паміж імі тэрыторыі, цэнтры зрастаюцца ў адзіны урбанізаваны арэал — мегалопаліс). Прасторавая дыферэнцыяцыя працэсу У. вельмі вялікая. Асн. рэгіёны У.: ЗША, Зах. Еўропа, Японія, Усх. і Паўд. Азія, Лац. Амерыка. Доля гар. насельніцтва Паўн. Амерыкі складае 78% (Канада — 79, ЗША — 77); Еўропы — 74 (Бельгія — 97, Вялікабрытанія — 90, Германія — 88, Францыя — 76, Італія — 67, Партугалія — 66); Лац. Амерыкі — 76 (Венесуэла — 87, Уругвай — 92, Бразілія — 82, Калумбія — 76, Мексіка — 75, Гаіці — 36); Азіі — 38% (Сінгапур — 100, Кувейт — 96, Ізраіль — 92, Японія — 79, Інданезія — 42, Кітай — 37, Індыя — 28, Бутан — 7). Развіццё сельскіх паселішчаў у выніку ўкаранення некат. гарадскіх форм і ўмоў жыцця спрыяла ўзнікненню сельскай У. — рурурбанізацыі, аграпалізацыі, пашыраных у Індыі, Інданезіі. На Беларусі 109 гарадоў і 104 пасёлкі гар. тыпу. З 1970-х г. адзначаецца паскораны рост гар. насельніцтва з 43,3% да 70,2% (2001).

Літ.:

Пивоваров Ю.Л. Основы геоурбанистики. М., 1999.

К.​А.​Анціпава.

т. 16, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)