ЭКАНОМІКА ТРАНСПАРТУ
Пытанні эканомікі транспарту і яго падгалін (чыг., аўтамаб., рачнога і паветранага транспарту) у даваенныя і ў першыя гады пасля Вял. Айч. вайны на Беларусі распрацоўвалі спецыялісты адпаведных трансп. арг-цый, Дзяржплана БССР. З 1953 вядучай установай па вывучэнні эканам. праблем транспартнага комплексу рэспублікі стаў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (з 1993 Бел. дзярж. ун-т транспарту). Тут даследавалі праблемы эканам. эфектыўнасці комплекснай механізацыі пагрузачна-разгрузачных і пуцявых работ, уніфікацыі вагавых норм паяздоў пры новых відах цягі, уплыву якасных паказчыкаў выкарыстання рухомага саставу на эканам. вынікі работы чыгункі (А.І.Шаляляеў, З.І.Патапенка, У.Г.Перцаў і інш.). Цяпер вучоныя-эканамісты гэтай ВНУ праводзяць эканам. аналіз дзейнасці Бел. чыгункі, вывучаюць пытанні ўдасканалення метадалогіі бухгалтарскага і падатковага ўліку, прадукцыйнасці працы, сабекошту транспартных работ і паслуг, эфектыўнасці міжнародных грузавых перавозак (А.А.Міхальчанка, В.Г.Гізатуліна, І.А.Елавой, М.Д.Малькевіч). Ва ун-це распрацавана Праграма развіцця Бел. чыгункі да 2010 і Комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу на Бел. чыгунцы да 2020.
З 1960-х г. у Ін-це эканомікі АН Беларусі, НДІ эканомікі і эканам.-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР (з 1994 Н.-д. эканам. ін-т Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь) вывучаліся праблемы рацыяналізацыі перавозак масавых грузаў, абгрунтавання асн. кірункаў развіцця ўсіх відаў транспарту на перспектыўны перыяд (І.Я.Галаванчыкаў, П.А.Дармаян, С.І.Анохін, А.І.Мараў, М.Г.Кучэўскі, В.Р.Вяршыніна і інш.). З 1990-х г. даследуюцца пытанні ўдасканалення структуры кіравання, сістэмнага рэфармавання, фін. і інвестыцыйнай дзейнасці галіны, эфектыўнасці міжнар. перавозак, выкарыстання інфраструктуры марскіх партоў для перавалкі знешнегандл. грузаў, распрацоўваюцца прагнозы і праграмы развіцця транспарту Беларусі на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую перспектыву (М.Г.Кучэўскі, В.Ц.Семчанка, Т.М.Шынкевіч, Л.М.Міхневіч, Ю.І.Сяпцілка і інш.).
У Бел. н.-д. і тэхнал. ін-це аўтамаб. транспарту (з 2000 Бел. НДІ транспарту «Транстэхніка» Мін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь) займаліся пытаннямі павышэння прадукцыйнасці працы, удасканалення матэрыяльнага стымулявання, паляпшэння тэхніка-эксплуатацыйных паказчыкаў выкарыстання аўтамабіляў (С.І.Цярэшка, В.М.Удавенка, А.Д.Лугаўцоў, А.І.Мараў, П.М.Грабенік і інш.). Цяпер ін-т удзельнічае ў распрацоўцы прагнозаў, праграм і праектаў сац.-эканам. развіцця транспартнага комплексу, дзярж. транспартнай палітыкі, бізнес-планаў, маркетынгавых і інвестыцыйных праектаў, стварэнні сучасных сістэм і тэхналогій перавозкі грузаў, пасажыраў, тэхн. абслугоўвання рухомага саставу (Л.С.Стукалаў і інш.). На пошук шляхоў эканоміі і рацыянальнага выкарыстання матэрыяльна-тэхн. і прац. рэсурсаў пры ўкараненні новых матэрыялаў, тэхнал. працэсаў і сродкаў механізацыі ў буд-ве маставых і дарожных палотнаў накіравана дзейнасць навук. супрацоўнікаў Бел. дарожнага НДІ Мін-ва транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. У Бел. нац. тэхн. ун-це даследуюцца праблемы эфектыўнасці міжнар. аўтамаб. перавозак і лагістычных транспартна-тэхнал. сістэм, лізінгу аўтатранспартных сродкаў, маркетынгу транспартнай дзейнасці, пытанні энергазберажэння транспарту, надзейнасці транспартнага абслугоўвання галін эканомікі (Р.Б.Івуць, В.І.Пахабаў, М.Н.Піліпук, А.А.Тозік, А.Дз.Малаковіч).
Па эканоміцы транспарту выдадзены навуч. дапаможнікі: «Тэорыя аналізу гаспадарчай дзейнасці» В.Г.Гізатулінай (2000), «Транспарт: Агульны курс» В.П.Ярашэвіча (2001), «Асновы маркетынгу» В.І.Пахабава і В.В.Тарэлкі (2001), «Кіраванне транспартным комплексам: Міжнародны курс» Л.С.Стукалава (2002), «Маркетынг на транспарце» М.І.Шкурына (2003) і інш.
Літ.:
Никитенко В.Г., Гуцев Е.Г. Транспорт в народно-хозяйственном комплексе БССР. Мн., 1978;
Менжинский А.И. Развитие автотранспорта общего пользования в Белорусской ССР за 60 лет. Мн., 1980;
Методические положения анализа и прогнозирования развития транспорта в условиях реформирования экономики. Мн., 1998;
Еловой И.А. Эффективность логистических транспортно-технологических систем (теория и методы расчетов). Ч. 1—2. Гомель, 2000;
Сенько В.И. Экономические методы и модели в планировании вагонного хозяйства. Гомель, 2001;
Кучевский Н.Г. Транспорт Беларуси: интеграционные процессы. Мн., 2003.
Ю.І.Сяпцілка.
т. 18, кн. 2, с. 480