Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЛЬЁНІ (Taglioni),

сям’я італьянскіх артыстаў балета, балетмайстраў. Філіпа Т. (5.11.1777, г. Мілан — 11.2.1871), педагог і харэограф-рэфарматар, стваральнік рамант. балета. З 1794 працаваў у т-рах Італіі, Германіі, Аўстрыі, а таксама ў Стакгольме і Парыжы. Сярод паст.: «Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера (1832), «Дзева Дуная» (1836) і «Марскі рабаўнік» (1840) А.​Адана і інш. Шмат балетаў ставіў для дачкі. Марыя Т. (23.4.1804, Стакгольм — 22.4.1884), дачка Філіпа Т., адна са знакамітых танцоўшчыц эпохі рамантызму. У 1822—47 выступала на сцэне, у 1828—35 вядучая салістка Парыжскай оперы. У 1837—42 выступала ў С.-Пецярбургу. Увяла танец на пуантах, лёгкі сцэн. касцюм. Яе танец вылучаўся адухоўленасцю і грацыёзнасцю. Сярод партый: Сільфіда («Сільфіда»), Наталі («Наталі, ці Швейцарская малочніца» А.​Гіраўца), Зюльма («Паўстанне ў сералі» Т.​Лабара), Флёр дэ Шан («Дзева Дуная»), графіня Анджэла («Цень» Л.​Маўрэра) і інш. Яе творчасць паўплывала на развіццё балетнага мастацтва. Поль Т. (Паала, 1808—1884), сын Філіпа Т., часта выступаў з Марыяй Т. ў гарадах Еўропы; ставіў балеты ў Лондане, Мілане. У 1856—83 балетмайстар Берлінскай оперы.

М.​Тальёні ў ролі Сільфіды.

т. 15, с. 409

ТАЛЬК (араб.),

мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідрасілікат магнію, Mg3 [Si4 O10] (OH)2. Мае ў сабе аксід магнію (MgO) да 31,7%, прымесі аксіду жалеза (FeO) да 5%, нікелю, марганцу, алюмінію, натрыю, тытану і інш. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае дробналускаватыя або сланцаватыя масы, тонкакрышт. масіўныя агрэгаты (стэатыт), буйнапласціністыя ўтварэнні і інш. Колер белы, зеленаваты, чырвоны, буры, чорны. Цв. 1. Шчыльн. 2,6—3 г/см. Утвараецца пры метамарфізме магматычных і асадкавых карбанатных магнезіяльных парод. Выкарыстоўваецца ў папяровай, гумавай, парфумернай, лакафарбавай, тэкст., керамічнай, кабельнай, металургічнай, мед. прам-сці; стэатыт — вырабны камень. Радовішчы ў Расіі, Канадзе, Аўстрыі і інш.

Тальк.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬКА.

Гарэлецкі канал, рака ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 341 км². Пачынаецца на меліяраваным балоце Гала за 1,5 км на ПнУ ад в. Ліпнікі, вусце за 1,8 км на Пн ад в. Талька. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Рэчышча каналізаванае.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬКА (Talca),

горад у цэнтр. ч. Чылі, у Падоўжнай даліне. Адм. ц. вобласці Маўле. Засн. ў 1692. Каля 180 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая, у т. л. вінаробная, тытунёвая і мукамольная; дрэваапр., запалкавая, папяровая, абутковая, спірта-гарэлачная, чорная металургія. Музеі: Б.О.Хігінса, выяўл. мастацтваў і музыкі.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬКА,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Талька, на аўтадарозе, якая злучае вёску з г. Мар’іна Горка; чыг. ст. на лініі Асіповічы—Мінск. Цэнтр сельсавета. За 21 км на ПдУ ад г. Мар’іна Горка, 83 км ад Мінска. 443 ж., 213 двароў (2002). Аграфірма «Верасень», лясніцтва. цэх па перапрацоўцы драўніны, санаторый-прафілакторый «Талька». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. У Вял. Айч. вайну каля чыг. ст. Т. партызаны правялі Талькаўскую аперацыю 1942.

т. 15, с. 409

ТАЛЬКАУА́НА (Talcahuano),

горад у цэнтр. ч. Чылі. Засн. ў 18 ст. Каля 270 тыс. ж. (2001). Порт на Ціхім ак., аванпорт г. Кансепсьён (вываз с.-г. прадукцыі). Цэнтр рыбалоўства і рыбнай прам-сці. Прам-сць: харч., маш.-буд., нафтахім., цэментная. Паблізу металургічны з-д.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬКАЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

аперацыя па падрыве чыг. моста цераз р. Талька каля аднайм. чыг. станцыі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. на лініі Мінск—Асіповічы 9 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон аховы моста (каля 40 чал.) быў умацаваны 4 дзотамі, гарматай, 2 станковымі і 3 ручнымі кулямётамі; гарнізон на станцыі налічваў каля 300 чал., меў тэлеф. сувязь. Аперацыю праводзілі партыз. атрады (140 партызан) «Полымя» (камандзір Я.Ф.Філіпскіх) і імя Сталіна (У.А.Ціхаміраў) з дапамогай падпольшчыкаў ст. Талька. Увечары 8 кастр. партызаны перакрылі шляхі падыходу падмацаванняў праціўніка да моста, замініравалі чыг. пуці да ст. Талька, адначасова напалі на ахову моста і чыг. станцыі. Пасля здзяйснення аперацыі партызаны з трафеямі арганізавана адышлі. У выніку аперацыі рух паяздоў спынены на 12 сутак.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

т. 15, с. 409

ТА́ЛЬКА-ГРЫНЦЭ́ВІЧ Юльян Дамінікавіч (18.8.1850, б. маёнтак Рукшаны, Каўнаскі пав., Літва — 26.4.1936),

антраполаг, этнограф. Чл. Польскай акадэміі навук у Кракаве. Скончыў Кіеўскі ун-т (1876). У 1878—91 працаваў урачом на Украіне. У 1894—1908 узначальваў музей Троіцка-Кяхцінскага аддз. Рус. геагр. т-ва. З 1908 праф. антрапалогіі Ягелонскага ун-та ў Кракаве. У 1911 арганізаваў кафедру антрапалогіі ў Віленскім ун-це. Аўтар прац па гігіене, антрапалогіі, этнаграфіі і археалогіі. Вывучаў фізічны тып стараж.-ўсх. славян, у т. л. беларусаў.

Тв.:

К антропологии народностей Литвы и Белоруссии. СПб., 1894;

К антропологии великороссов. Томск, 1898.

Л.​І.​Цягака.

т. 15, с. 409

ТАЛЬМА́ (Talma) Франсуа Жазеф (15.1.1763, Парыж — 19.10.1826),

французскі акцёр, педагог. Скончыў Каралеўскую школу дэкламацыі і спеваў у Парыжы. У 1787—91, з 1799 у т-ры «Камеды Франсэз» у Парыжы, у 1791—99 удзельнічаў у стварэнні і рабоце «Тэатра Рэспублікі». З 1806 праф. драм. класа Парыжскай кансерваторыі. Акцёр класіцысцкай трагедыі. Мастацтву характэрны ідэалізацыя і манументальнасць вобразаў у спалучэнні з вял. эмацыянальнасцю. Выступаў пераважна ў тагачасным рэпертуары, з пач. 19 ст. — у трагедыях У.​Шэкспіра: Макбет, Атэла, Гамлет (аднайм. п’есы). Рэфарматар сцэн. касцюма і грыму. Аўтар тэатр. мемуараў (1931).

Літ.:

Дейч А.И. Франсуа-Жозеф Тальма. М., 1973.

т. 15, с. 410

ТАЛЬТЭ́КІ,

індзейскі народ моўнай групы наўа. У 8 ст. н.э. Т. ўварваліся з Пн у Цэнтр. Мексіку і ў 9 ст. стварылі дзяржаву са сталіцай у Талане (цяпер Тула), якая ахоплівала б.ч. Цэнтр. Мексікі. Стварылі высокаразвітую культуру. У 10 ст. Т. падпарадкавалі народ майя на п-ве Юкатан, у выніку чаго ўзнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Уварванне ў канцы 12 ст. плямён чымекаў знішчыла дзяржаву Т., але іх культ. традыцыі зрабілі вял. ўплыў на далейшае развіццё культуры народаў Мексікі, у т. л. ацтэкаў.

т. 15, с. 410