БАРАНАВА́ННЕ,
агратэхнічны прыём паверхневай апрацоўкі глебы, догляду і інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання с.-г. культур. Праводзіцца з мэтай раздрабнення і разрыхлення ворнага пласта, выраўноўвання ўзаранай паверхні, загортвання насення (пры раскідной сяўбе) і мінер. угнаенняў, а таксама частковага знішчэння праросткаў і ўсходаў пустазелля. Робіцца на глыб. да 10—15 см баронамі раздзельна або адначасова з узворваннем, культывацыяй, прыкочваннем. Памяншае страты глебавай вільгаці, паляпшае паветра- і водапранікальнасць глебы, узмацняе мікрабіял. працэсы, актывізуе назапашванне засваяльных раслінамі пажыўных рэчываў.
т. 2, с. 292
БАРА́НАВА ВО́СТРАЎ,
Сітка, востраў у архіпелагу Аляксандра (ЗША, штат Аляска). Пл. 4,2 тыс. км². Выш. да 1432 м. Вільготныя хваёвыя лясы. Рыбалоўства, лесанарыхтоўкі. Асн. населены пункт і порт — Сітка. Названы ў гонар А.А.Баранава — першага гал. правіцеля рус. паселішчаў у Амерыцы.
т. 2, с. 292
БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ТАЎ 1905.
Пачалося 21.12.1905 як паліт. стачка баранавіцкіх чыгуначнікаў. 22 снеж. 300 чыгуначнікаў на чале са старшынёй к-та Баранавіцкага аддзялення Усерас. чыгуначнага саюза інжынерам эсэрам М.Ляпко адмовіліся выконваць распараджэнні адміністрацыі, вывелі са строю камутатар, спынілі рух паяздоў. Да рабочых далучыліся салдаты чыг. брыгады. 23—24 снеж. мітынгі і сходы рабочых перараслі ва ўзбр. выступленні супраць жандараў і войскаў. На задушэнне выступлення баранавіцкіх рабочых і салдатаў з Вільні 25 снеж. прыбылі пагранічныя войскі, 26 снеж. — карная экспедыцыя ген. Арлова. У горадзе ўведзена ваен. становішча, пачаліся масавыя арышты. Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі выступлення (Ляпко, І.Бачэўскі, К.Гайдамовіч, А.Друкаў, М.Мухін і інш.) былі кінуты ў віленскую турму. 29 снеж. салдаты чыг. батальёна зноў правялі сход, спяваючы «Марсельезу», прайшлі па горадзе. У памяць аб падзеях 1905 у Баранавічах устаноўлены мемар. дошка і стэла.
т. 2, с. 292
БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ БАВАЎНЯ́НАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.
Створана ў 1960—63 у г. Баранавічы як баваўняны камбінат. З 1980 сучасная назва. Уключае ф-кі: 1-ю (працуе з 1963) і 2-ю (з 1965) прадзільныя, ткацкую (з 1966), аддзелачную (з 1969), мех. і ліцейную майстэрні. Працуе на прывазной бавоўне. Асн. прадукцыя (1995): пража для трыкат. вытв-сці, тканіны (паркаль, бязь, сацін, сукеначныя, адзежныя, тэхн.), вацін для мэблі, нятканыя матэрыялы для абутковай і хім. прам-сці і інш.
т. 2, с. 293
БАРА́НАВІЦКАЕ ГАРАДСКО́Е ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў г. Баранавічы са жн. 1943 да ліп. 1944. Ядром падполля стала група А.І.Крыштофіка, пасланая ў г. Баранавічы ў крас. 1943 камандаваннем атрада імя Суворава Першамайскай партыз. брыгады. У вер.—ліст. 1943 патрыёты ажыццявілі шэраг дыверсій на чыгунцы, узарвалі 6 эшалонаў з гаручым, ваен. тэхнікай і жывой сілай праціўніка, спалілі памяшканні аўтагаража з машынамі і мэблевую ф-ку, вывелі са строю будынкі цэнтр. блакіроўкі чыг. стрэлак, электратакарнай майстэрні і перасыльнага пункта. У студз. 1944 па заданні партызанаў яны выкралі і даставілі ў штаб Першамайскай партыз. брыгады нам. бургамістра Баранавіч. Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва сав. газеты, лістоўкі, збіралі для партызанаў зброю і боепрыпасы. У лютым 1944 арыштаваны 12 падпольшчыкаў, 9 з якіх 11 сак. на рыначнай плошчы пакараны смерцю. У Баранавічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск, на месцы пакарання смерцю ўстаноўлена мемар. Дошка.
т. 2, с. 293
БАРА́НАВІЦКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА.
Створана ў 1939 у г. Баранавічы як ф-ка індпашыву абутку. З 1950 абутковая, у 1985—93 доследна-эксперым. ф-ка, з 1993 адкрытае акц. т-ва з сучаснай назвай. Спецыялізуецца на выпуску жаночага мадэльнага абутку. Асн. прадукцыя (1995): абутак мадэльны, хромавы, з верхам з натуральнай скуры, уцеплены.
т. 2, с. 293
БАРА́НАВІЦКАЯ АКРУГО́ВАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫ́Я ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з мая 1942 да снеж. 1943. Яе ўзначальваў Акруговы бел. антыфаш. к-т Баранавіцкай вобласці. Створана на базе антыфаш. груп Гродзенскай вобласці. Арганізацыйна аформлена 5.5.1942 на міжраённай канферэнцыі кіраўнікоў шэрагу антыфаш. груп, выбраны Акруговы к-т з 6чал.: Г.М.Картухін (старшыня), А.Ф.Манкевіч (нам. старшыні, абодва да ліп. 1942), А.А.Патапаў (сакратар), Б.І.Гардзейчык, П.В.Жукоўскі, А.І.Іваноў. К-т аб’ядноўваў разрозненыя партыз. і падп. групы, садзейнічаў стварэнню новых груп і арг-цый. Да чэрв. 1942 створаны: 5 дыверсійных груп (125 чал.); Васілішкаўскі, Скідзельскі і Шчучынскі раённыя к-ты, якія ўзначальвалі 35 падп. груп (150 чал.). Да восені 1942 пад кіраўніцтвам К-та барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў. Антыфаш. арг-цыі праводзілі паліт. работу сярод насельніцтва і партызанаў, выпускалі лістоўкі. Далейшы рост партыз. руху ў рэгіёне праходзіў у цеснай сувязі з антыфаш. арг-цыямі.
т. 2, с. 293
БАРА́НАВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,
Скробава-Гарадзішчанская аперацыя 1916, наступальная аперацыя рус. войскаў Зах. фронту (галоўнакамандуючы ген. А.Е.Эверт) 2—29.7.1916, у пазіцыйны перыяд 1-й сусв. вайны. Ажыццёўлена, каб падтрымаць наступленне рус. войскаў на Паўд.-Зах. фронце (Брусілаўскі прарыў 1916). Аперацыю праводзіла 4-я армія (камандуючы ген. А.Ф.Рагоза), дзе сканцэнтравана 340 тыс. Чал. У ходзе наступальных баёў рас. войскам не ўдалося пераадолець добра абсталяваную абарончую паласу праціўніка. 14 ліп. аўстра-герм. дывізіі ажыццявілі контрнаступленне каля в. Скробава і занялі пакінутыя раней пазіцыі. Спробы рус. войскаў аднавіць страчаныя пазіцыі ў ходзе атак 25—29 ліп. скончыліся няўдала. Страты рус. войскаў у час аперацыі забітымі, параненымі і ўзятымі ў палон склалі каля 80 тыс. чал., страты праціўніка — каля 25 тыс. чал. У ліку прычын няўдачы Баранавіцкай аперацыі — недахоп артылерыі, снарадаў, вінтовак, дрэннае кіраўніцтва войскамі ў час прарыву.
А.М.Бабкоў.
т. 2, с. 293