БАРАНАВА́ННЕ,
агратэхнічны прыём паверхневай апрацоўкі глебы, догляду і інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання с.-г. культур. Праводзіцца з мэтай раздрабнення і разрыхлення ворнага пласта, выраўноўвання ўзаранай паверхні, загортвання насення (пры раскідной сяўбе) і мінер. угнаенняў, а таксама частковага знішчэння праросткаў і ўсходаў пустазелля. Робіцца на глыб. да 10—15 см баронамі раздзельна або адначасова з узворваннем, культывацыяй, прыкочваннем. Памяншае страты глебавай вільгаці, паляпшае паветра- і водапранікальнасць глебы, узмацняе мікрабіял. працэсы, актывізуе назапашванне засваяльных раслінамі пажыўных рэчываў.
т. 2, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)