Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРАМЕТРЫ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ,

гл. Барычная ступень.

т. 2, с. 291

БАРАМЕТРЫ́ЧНАЯ ФО́РМУЛА,

вызначае змену атм. ціску (або шчыльнасці газу) у залежнасці ад вышыні і т-ры паветра ў полі сіл зямнога прыцягнення.

Для аналізу атм. працэсаў у межах трапасферы і ніжняй стратасферы выкарыстоўваецца бараметрычная формула рэальнай атмасферы: p1 = p0 e g ( z1 z0 ) / RTm , дзе p1, — ціск на выш. z1; p0 — ціск на ніжнім узроўні z0; e — аснова натуральнага лагарыфма; R — газавая пастаянная; g — паскарэнне свабоднага падзення; Tm — сярэдняя бараметрычная т-ра паветра паміж узятымі ўзроўнямі. Існуюць інш. варыянты бараметрычнай формулы.

Г.Г.Камлюк.

т. 2, с. 291

БАРАМЕТРЫ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ,

гл. Барычны градыент.

т. 2, с. 291

БАРАМІ́НІ

(Borromini),

Бараміна (Borromino; сапр. Кастэлі; Castelli) Франчэска (25.9.1599, Бісанэ, кантон Тэсін, Швейцарыя — 3.8.1667), італьянскі архітэктар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Мілане. Пабудовы Бараміні характарызуюцца крывалінейнымі абрысамі аб’ёмаў, разнастайным спалучэннем выпуклых і ўвагнутых формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, выразным дынамізмам. Пабудаваў цэрквы Сан-Карла але Куатра Фантане (1634—67), Сант-Іва ала Сапіенца (1642—60) і Сант-Андрэа дэле Фратэ (1656; фасад — 1816), палацы Фальканьеры (1639—41) і Барберыні (1625—63; разам з К.Мадэрна і Л.Берніні, усе ў Рыме) і інш.

т. 2, с. 291

БАРА́Н Івашка, майстар разьбярнай і сталярнай справы ў 2-й пал. 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У 1684 у складзе арцелі бел. цесляроў і разьбяроў рабіў крэслы, куфэркі, паднасныя сталы і інш. па-мастацку аздобленыя рэчы для царскіх харомаў.

т. 2, с. 291

БА́РАН

(Barons) Крыш’яніс (31.10.1835, воласць Струтэле, Латвія — 8.3.1923),

латышскі фалькларыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Збіральнік лат. нар. песень. Адзін з кіраўнікоў руху младалатышоў. Фактычны рэдактар прагрэс. лат. газ. «Pēterburgas Aviżes» («Пецярбургская газета»; 1862—65). Пісаў апавяданні, вершы, сатыр. фельетоны. Падрыхтаваў выданне «Латышскія народныя песні» (т. 1—6, 1894—1915).

Б.Гудрыке.

т. 2, с. 291

БА́РАН

(Baran) Пол (1910, Украіна — 1964),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Вучыўся ў Берліне і Парыжы. З 1939 у ЗША, працягваў адукацыю ў Гарвардскім ун-це. З 1949 праф. эканомікі Станфардскага ун-та. У кн. «Палітычная эканомія росту» (1957) імкнуўся з марксісцкіх пазіцый прааналізаваць некаторыя эканам. праблемы краін, што сталі на шлях незалежнага развіцця. У працы «Манапалістычны капітал» (1966, разам з П.Суізі) аналізаваў праблемы манапаліст. эканомікі ЗША. У шэрагу пытанняў, найперш у вызначэнні эканам. прыкмет імперыялізму, сур’ёзна адыходзіў ад марксісцкай тэорыі («Заметкі па тэорыі імперыялізму», 1964, разам з Суізі). Гал. шляхам пераходу да сацыялізму лічыў нац.-вызв. рух, а не рэв. барацьбу ў развітых капіталіст. Краінах.

т. 2, с. 291

БАРА́Н

(Баранаў) Сяргей (27.9.1892, в. Віцькі Гродзенскага р-на — 1937 ?),

бел. грамадскі і культ. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Узначальваў гродзенскае т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны. У 1919 старшыня Бел. нац. к-та ў Гродне, заснавальнік і выкладчык Гродзенскай бел. гімназіі. Займаўся каап. дзейнасцю. У час выбараў у польскі сейм (1922) балаціраваўся ад блока нац. меншасцяў. Арыштаваны польскімі ўладамі і на суд. працэсе над удзельнікамі бел. эсэраўскага падполля ў Беластоку ў 1923 прыгавораны да 8 гадоў турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання ў канцы 1920-х г. эмігрыраваў у СССР, дзе ў 1930-я г. рэпрэсіраваны.

А.С.Ліс.

т. 2, с. 291

БА́РАН Уладзімір Міронавіч

(н. 19.3.1930, г. Мінск),

бел. вучоны-інфекцыяніст. Д-р мед. н. (1984), праф. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). Працуе там жа. Навук. працы па праблемах вострых і хранічных гепатытаў: вывучэнне імунахім. механізмаў, роля ў лячэнні гепатытаў процівірусных прэпаратаў, індуктараў інтэрферону і імунамадулятараў.

Тв.:

ВИЧ-инфекция: [Практ. Пособие]. Мн., 1989 (у сааўт.);

Инфекционные заболевания: Сигнальные признаки и тактика медработников амбулаторно-поликлинической сети: Справ. пособие. Мн., 1990 (разам з Л.Б.Залатоўскім);

Фармакотерапия инфекционных болезней. Мн., 1995 (разам з В.І.Талапіным).

т. 2, с. 291

БАРАНА́,

земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Выкарыстоўваецца з часоў пашырэння ляднага земляробства. На Беларусі вядомы тыпы бараны: вершаліна (найб. архаічны тып), смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Найб. пашыранай была плеценая барана. Мела дугападобную форму, крацісты каркас утваралі 4—6 радоў прутоў, на скрыжаванні якіх замацоўвалі дубовыя (ад 16 да 35) зубы. Аснову брусковай бараны складала драўляная рашотка з драўлянымі, а з канца 19 ст. жал. зубамі. З пач. 20 ст. пашыраны жалезныя бароны, традыцыйныя захоўваліся эпізадычна.

Сучасныя бароны бываюць зубавыя і дыскавыя, агульнага і спец. выкарыстання, прычапныя, навясныя і паўнавясныя. Агрэгатуюцца з трактарамі на счэпках, могуць працаваць разам з плугамі, сеялкамі, культыватарамі. Бароны агульнага прызначэння складаюцца з асобных звёнаў, якія злучаюцца ў агрэгаты з рознай шырынёй захопу.

Зубавыя бароны выкарыстоўваюць для выраўноўвання і рыхлення паверхні раллі, баранавання пасеваў. Падзяляюцца на цяжкія, сярэднія і лёгкія, ці пасяўныя. Пашыраны зубавыя бароны тыпу «зігзаг», шлейф-бароны, сеткавыя, спружынныя, драцяныя, нажавыя, лугавыя шарнірныя, пашавыя і інш. Дыскавыя бароны выкарыстоўваюць пераважна для рыхлення здзірванелых пластоў і разбурэння камякоў глебы (пры апрацоўцы зябліва, лугоў і пашы, лушчэнні ржышча). Рабочыя органы гэтых баронаў — сферычныя гладкія ці выразныя дыскі. Бываюць і з ігольчастымі дыскамі (для паверхневага рыхлення глебы пад іржышчам і выраўноўвання паверхні мікрарэльефу). Спец. балотныя і садовыя дыскавыя бароны выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях садоў і ягаднікаў. Нажавая вярчальная барана аб’ядноўвае прынцыпы работы зубавай і дыскавай баронаў. Шырыня захопу зубавых баронаў ад 1 да 21 м, глыбіня апрацоўкі 2—10 см; дыскавых адпаведна ад 2 да 14 м, 10—20 см.

Літ.:

Карпенко А.Н., Халанский В.М. Сельскохозяйственные машины. 6 изд. М., 1989.

В.С.Цітоў (этнаграфія), У.М.Сацута.

т. 2, с. 292