БАРАМІ́НІ

(Borromini),

Бараміна (Borromino; сапр. Кастэлі; Castelli) Франчэска (25.9.1599, Бісанэ, кантон Тэсін, Швейцарыя — 3.8.1667), італьянскі архітэктар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Мілане. Пабудовы Бараміні характарызуюцца крывалінейнымі абрысамі аб’ёмаў, разнастайным спалучэннем выпуклых і ўвагнутых формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, выразным дынамізмам. Пабудаваў цэрквы Сан-Карла але Куатра Фантане (1634—67), Сант-Іва ала Сапіенца (1642—60) і Сант-Андрэа дэле Фратэ (1656; фасад — 1816), палацы Фальканьеры (1639—41) і Барберыні (1625—63; разам з К.Мадэрна і Л.Берніні, усе ў Рыме) і інш.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)