БАБРО́ВА ВО́ЗЕРА,
Бабровае возера, у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 24 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,28 км², даўж. 1,18 км. найб. шыр. 1,2 км. Пл. вадазбору 1 км².
Схілы катлавіны выш. да 10 м. Берагі пясчаныя, паўд. супадаюць са схіламі. Злучана пратокай з воз. Крывое.
т. 2, с. 183
БАБРО́ВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Грыўда, за 30 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. У межах гідралагічнага заказніка Выганашчанскі. Пл. 9,47 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 3,3 км, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 14,4 км. Пл. вадазбору 79,2 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, злёгку выцягнутая з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. да 2 м, затарфаваныя і забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, параслі хмызняком. На ПдЗ, З і ПнЗ пясчаны вал выш. да 4 м. Дно плоскае, сапрапелістае, мелкаводдзе пясчана-глеістае. Моцна зарастае чаротам, трыснягом, рагозам і інш. Мінералізацыя вады да 160 г/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае, праточнае, упадаюць 2 канавы, выцякае канал Дзевяты (прыток Галоўнага канала, бас. Ясельды). Месца гнездавання і адпачынку ў час асенне-веснавых пералётаў вадаплаўных птушак. На паўн.-ўсх. беразе археал. Помнік — мезалітычная стаянка.
т. 2, с. 184
БАБРО́ВІЧ Ян
(Іван) Станіслававіч (парт. псеўд. Борскі, Сымон, Казік; 15.6.1902, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці — 8.1.1943),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—25). Чл. Кампартыі Чэхаславакіі з 1923, чл. КПЗБ з 1926. З 1926 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Кааптаваны ў ЦК КПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады і палітрэдактар газет БСРГ «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа» і інш. Канд. у чл. ЦК Кампартыі Польшчы. 23.12.1928 арыштаваны, прыгавораны да 15 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Памёр у Северадзвінскім лагеры (Архангельская вобл.). Рэабілітаваны ў 1956.
У.І.Адамушка.
т. 2, с. 184
БАБРО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 4 км на ПдУ ад Валожына, 71 км ад Мінска, 22 км ад чыг. ст. Валожын. 388 ж., 136 двароў (1995). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 184
БАБРО́ВЫ СТРУМЕ́НЬ,
сакрэт мускусных залоз рачнога бабра. Духмяная жаўтаватая вадкасць, што ўтвараецца ў скурыстых мяшэчках, размешчаных каля выхаду анальнай адтуліны. Выкарыстоўваецца ў парфумернай прам-сці на гатункі духоў для надання ім устойлівасці.
т. 2, с. 184
БАБРО́К-ВАЛЫ́НСКІ Дзмітрый Міхайлавіч
(да 1356 — каля 1389),
князь, адзін з бліжэйшых баяр вял. кн. Дзмітрыя Іванавіча Данскога, быў жанаты з яго сястрой Ганнай. Сын літоўскага кн. Карыята Міхала Гедзімінавіча. Выехаў з Валыні ў Маскву (верагодна, паміж 1366—68). Удзельнічаў у паходах на Разань (1371), супраць волжскіх булгар (1376) і ВКЛ (1379). У Кулікоўскай бітве 1380 разам з кн. Уладзімірам Андрэевічам Храбрым камандаваў засадным палком, які дзякуючы вытрымцы і ваен. майстэрству Баброва-Валынскага своечасовым ударам змяніў ход бітвы на карысць рус. Войска.
т. 2, с. 184
БАБРО́Ў Іван Іванавіч
(5.3.1905, в. Малыгіна Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 1.11.1943),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З 1930 на парт. рабоце ў Ленінградзе. З сак. 1941 сакратар Брэсцкага абкома КП(б)Б. У пач. Вял. Айч. вайны ў палітупраўленні Зах., Цэнтр. франтоў. Са жн. 1942 у ЦШПР, з ліст. 1942 у распараджэнні БШПР. З сак. 1943 пам. упаўнаважанага БШПР па Брэсцкай вобл., з крас. 1943 сакратар Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, адначасова чл. штаба і нам. камандзіра Брэсцкага партыз. злучэння. Загінуў у баі каля в. Бялавічы Івацэвіцкага р-на, ратуючы моладзь ад вывазу ў Германію.
т. 2, с. 184
БАБРО́Ў Усевалад Міхайлавіч
(1.12.1922, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 1.7.1979),
расійскі спартсмен (футбол, хакей з шайбай). Засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1967). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага (1956) і Ваенны ін-т фіз. культуры і спорту (1960). Алімп. чэмпіён (1956, Карціна-д’Ампецца, Італія), чэмпіён свету (1954, 1956) і Еўропы (1954—56) па хакеі з шайбай. У 1946—56 чэмпіён СССР па футболе і хакеі з шайбай. Аўтар кніг «Самы цікавы матч» (1963), «Рыцары спорту» (1971).
т. 2, с. 184
БАБРО́ЎКА,
рака ў Беларусі, у Слаўгарадскім і Быхаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Дняпра. Даўж. 27 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Жарэлы Слаўгарадскага р-на. Рэчышча каналізаванае.
т. 2, с. 184
БАБРО́ЎНІКІ,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Займаліся паляваннем на баброў, наглядалі за бабровымі гонамі і іх аховай. Сачылі за выкананнем звычаёвых і кадыфікаваных нормаў паляўнічага права. Мелі выязнога каня, паляўнічых сабак і лоўчыя сеткі. Падпарадкоўваліся баброўнічаму, службоўцу са шляхты. За работу мелі плату ў залежнасці ад выслугі, месца службы і жыхарства, атрымлівалі кожнага 5-га бабра або падчарэўе кожнага здабытага звера, або 1—3 грошы; прыцягваліся да выканання інш. павіннасцяў, у т. л. талок. Маглі мець гаспадарку (беспадатковы зямельны надзел 0,5—1 валока). У сувязі з драпежніцкім вынішчэннем баброў у 18 ст. баброўнікі зліліся з інш. катэгорыямі насельніцтва.
С.Ф.Цярохін.
т. 2, с. 184