БАБРО́ЎНІКІ,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Займаліся паляваннем на баброў, наглядалі за бабровымі гонамі і іх аховай. Сачылі за выкананнем звычаёвых і кадыфікаваных нормаў паляўнічага права. Мелі выязнога каня, паляўнічых сабак і лоўчыя сеткі. Падпарадкоўваліся баброўнічаму, службоўцу са шляхты. За работу мелі плату ў залежнасці ад выслугі, месца службы і жыхарства, атрымлівалі кожнага 5-га бабра або падчарэўе кожнага здабытага звера, або 1—3 грошы; прыцягваліся да выканання інш. павіннасцяў, у т. л. талок. Маглі мець гаспадарку (беспадатковы зямельны надзел 0,5—1 валока). У сувязі з драпежніцкім вынішчэннем баброў у 18 ст. баброўнікі зліліся з інш. катэгорыямі насельніцтва.
С.Ф.Цярохін.
т. 2, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)