БА́ЛТЫМАР
(Baltimore),
горад на У ЗША, у штаце Мэрыленд, пры ўпадзенні р. Патапска ў Чэсапікскі зал. Засн. ў 1729. 726 тыс. ж., з прыгарадамі 2,4 млн. ж. (1993). Марскі порт (грузаабарот больш за 25 млн. т за год). Старэйшая ў ЗША база ВМФ (з 1797). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт (паміж Балтымарам і Вашынгтонам). Буйны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр краіны. Чорная і каляровая (вытв-сць рафінаванай медзі) металургія. Радыёэлектронная, эл.-тэхн., аэракасмічная, аўтазборачная, суднабуд., прыладабуд., металаапр., хім., харч. прам-сць. Нафтаперапрацоўка. Гандаль вугалем, збожжам, металапрадукцыяй. 7 ун-таў (у тым ліку Дж.Хопкінса). Мастацкая галерэя, музеі мастацтва, транспарту, Дом-музей пісьменніка Э.По і інш.
т. 2, с. 263
БА́ЛТЫМАР
(Baltimore) Дэйвід (н. Нью-Йорк),
амерыканскі вірусолаг. Чл. Нацыянальнай АН ЗША. Атрымаў адукацыю ў Масачусецкім тэхнал. і Ракфелераўскім ін-тах. У 1964—68 у мед. каледжы А.Эйнштэйна, Солкаўскім ін-це біял. даследаванняў. З 1968 у Цэнтры анкалагічных даследаванняў Масачусецкага тэхнал. ін-та (з 1973 праф.). Навук. працы па расшыфроўцы механізма біясінтэзу бялку. Сінтэзаваў ген, які кадзіруе сінтэз гемаглабіну (1972), адкрыў з’яву зваротнай транскрыпцыі для ферменту рэвертазы (1970). Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Р.Дульбека і Х.Тэмінам).
т. 2, с. 263
БАЛУ́ЕЎ Пётр Сямёнавіч
(3.7.1857—1923),
расійскі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1915). Скончыў Акадэмію Ген. штаба (1882). Удзельнік руска-тур. вайны 1877—78. У 1885—1900 служыў у Данскім казацкім войску, потым камандзір пях. батальёна, палка, брыгады. На пач. 1-й сусв. вайны камандзір корпуса. Удзельнік Галіцыйскай і Лодзінскай аперацый 1914, аперацыі рус. войскаў па ліквідацыі Свянцянскага прарыву 1915. У час Нарачанскай аперацыі 1916 нач. паўд. ударнай групы. З 2.8.1917 галоўнакамандуючы арміямі Паўд.-Зах., з 17.8.1917 — Зах. фронту. Адмовіўся выконваць дырэктывы Сав. ўрада пра перагаворы з камандаваннем герм. войскаў аб перамір’і. 25.11.1917 ВРК Зах. фронту адхіліў яго ад пасады галоўнакамандуючага. З 1918 на штабной рабоце ў Чырв. Арміі. У 1919 у Рэўваенсавеце Рэспублікі.
Тв.:
Военно-топографический обзор Бобро-Наревского района. Ломжа, 1909.
т. 2, с. 263
БАЛХАВІ́ЦІНАЎ Яўфімій Аляксеевіч
(у манастве Яўгеній; 29.12.1767, Варонеж — 7.3.1837),
расійскі царк. дзеяч, гісторык, бібліёграф. Вучыўся ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі (Масква) і наведваў лекцыі ў Маскоўскім ун-це (1784—88). У 1800 прыняў манаства; з 1822 мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі, чл. Сінода. Аўтар гіст., гіст.-краязнаўчых і біябібліяграфічных прац «Гістарычнае, геаграфічнае і эканамічнае апісанне Варонежскай губерні» (1800), «Гісторыя княства Пскоўскага» (ч. 1—4, 1831), фундаментальнага «Слоўніка рускіх свецкіх пісьменнікаў, суайчыннікаў і чужаземцаў, што пісалі пра Расію» (т. 1—2, 1845) і інш.
т. 2, с. 263
БАЛХА́Н Вялікі і Малы, хрыбты на З Туркменістана. Вялікі Балхан даўж. каля 70 км. Выш. да 1880 м (г. Арлан). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў юры і мелу. Моцна расчлянёны, стромкі, цэнтр. ч. з плоскімі вяршынямі. Ландшафты пустынныя, паўпустынныя, горнастэпавыя. Малы Балхан — адасобленая сухім рэчышчам Узбой горная града на Пд ад Вялікага. Даўж. каля 30 км. Выш. да 777 м. Складзены з вапнякоў і мергеляў. Стромка абрываецца на Пн і спадзіста апускаецца на Пд. Схілы расчлянёныя ярамі і рэчышчамі часовых рэк. Палыновая і палынова-салянкавая пустыня.
т. 2, с. 263
БАЛХА́Ш,
бяссцёкавае возера на ПдУ Казахстана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне, на выш. 342 м над узр. м. Пл. зменьваецца ад 17 да 22 тыс. км². Даўж. 605 км, найб. шыр. 74 км, найб. глыб. да 26 м, сярэдняя каля 6 м. Пл. вадазбору каля 501 тыс. км². Зах. і паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. ўзбярэжжа — плоская раўніна з зараснікамі трыснягу. П-аў Сарыесік падзяляе Балхаш на 2 часткі, злучаныя прал. Узун-Арал (шыр. 4 км): зах. — шырокую, з моцна парэзанай берагавой лініяй і ўсх. — вузкую, берагавая лінія менш звілістая. У зах. частку ўпадае р. Ілі, ва ўсх. — р. Каратал, Аксу, Лепсы і інш. Самыя вял. а-вы Басарал і Тасарал. Клімат у раёне возера пустынны. Высокая летняя т-ра паветра (каля 24 °C), нізкая адносная вільготнасць (55—60%), моцныя вятры спрыяюць выпарэнню (ад 950 да 1200 мм за год). Т-ра вады на паверхні ад 0 °C у снеж. да 28 °C у ліп. Ледастаў з ліст. да красавіка. Вада ў зах. частцы амаль прэсная (да 1‰), празрыстасць да 1 м, жоўта-шэрага колеру, ва ўсх. частцы — саленаватая (5‰), празрыстая да 5,5 м, колер ад блакітнаватага да ізумрудна-зялёнага. Прамысл. рыбы: сазан, судак, марынка, акунь. Шмат вадаплаўных птушак. Суднаходства. На паўн. беразе г. Балхаш.
т. 2, с. 264
БАЛХА́Ш-АЛАКО́ЛЬСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
Балхаш-Алакульская катлавіна, плоская замкнёная ўпадзіна на У Казахстана. Даўж. больш за 700 км, выш. 342 (узровень воз. Балхаш) — 600 м над узр. м. Утварылася ў выніку прагіну, які запоўнены рачнымі пясчанымі адкладамі. Уключае на З воз. Балхаш, на У азёры Сасыкколь і Алаколь, на Пд пясчаныя масівы Таўкум, Муюнкум і інш. Ападкаў 135—200 мм за год. Пануюць пустынныя і паўпустынныя ландшафты. Перавеяныя пяскі ўтвараюць грады (выш. да 30 м), паўзарослыя саксаулам, джузгунам, палыном, салянкамі.
т. 2, с. 264
БА́ЛЦІН Аўгуст Янавіч
(сапр. Блюм Тэадор Янавіч; 17.1.1894, г. Айзпутэ, Латвія — 23.6.1953),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1908 вёў рэв. дзейнасць у Лібаве, Пецярбургу, Рызе, Харкаве, Баку, Грозным. Шмат разоў арыштаваны і зняволены (1909, 1913, 1914, 1916). Пасля Кастр. рэвалюцыі старшыня Закаўказскага каап. саюза, нам. старшыні Цэнтрасаюза, старшыня Міжкаап. савета і інш. З 1929 у БССР: старшыня Белкаапсаюза, нарком гандлю (1930), забеспячэння (1931—33), нам. старшыні СНК БССР (1933—34), нарком лёгкай (1934), мясцовай (1934—37) прам-сці. Чл. ЦВК СССР (1935—37), ЦВК БССР (1929—37). Чл. ЦК КП(б)Б у 1930—37. Старшыня Т-ва старых бальшавікоў у БССР (1933—37). 4.9.1937 арыштаваны і зняволены. Рэабілітаваны і вызвалены з турмы ў канцы 1940-х г.
т. 2, с. 264
БАЛЦІ́Н Іван Мікітавіч
(12.1.1735, Арзамаскі пав. Ніжагародскай губ. — 17.10.1792),
расійскі гісторык, археограф. Атрымаў хатнюю адукацыю. Служыў у Коннагвардзейскім палку (1751—68), працаваў дырэктарам мытні ў г. Васількоў Кіеўскай губ. (1769—79). З 1779 у Пецярбургу: пракурор (з 1781), чл. Ваен. калегіі (з 1788), ген.-м. (1786). Аўтар прац «Заўвагі на гісторыю старажытную і цяперашнюю Расіі пана Леклерка» (т. 1—2, 1788), «Крытычныя заўвагі ... на першы і другі тамы гісторыі князя Шчарбатава» (т. 1—2, 1793—94). Падрыхтаваў да друку выданне падрабязнай рэдакцыі «Рускай праўды» і інш. гіст. помнікаў. Сфармуляваў задачы адбору, супастаўлення, крытычнага аналізу гіст. крыніц і інш.
Літ.:
Шанский Д.Н. Из истории русской исторической мысли: И.Н.Болтин. М., 1983.
т. 2, с. 264
БАЛЫ́КІН Міхаіл Кірылавіч
(н. 1.7.1930, в. Кавалі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Канд. тэхн. н. (1965), праф. (1990). Засл. будаўнік (1980) і засл. работнік нар. адукацыі (1991) Беларусі. Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1955). З 1956 у Бел. політэхн. акадэміі (у 1980—93 прарэктар). Працы па разліках тэмпературнага ўплыву на лінейна-дэфармавальныя сістэмы трубаправодаў рознага тэхнал. прызначэння.
Тв.:
Справочник по сопротивлению материалов. Мн., 1988 (у сааўт.).
т. 2, с. 264